ААТ "Світанак": бліжэй да цела!

Источник материала:  

Ці здольнае буйное прадпрыемства па пашыве трыкатажных вырабаў забяспечыць не толькі шырокі асартымент і высокую якасць, але і хутка рэагаваць на змены моды, задавальняць попыт як кансерватыўнага, так і пераборлівага спажыўца? Вопыт работы ААТ "Світанак" — аднаго з вядучых айчынных вытворцаў трыкатажных вырабаў з бавоўны для дарослых і дзяцей — таму пацвярджэнне. "Світанак" усур'ёз і надоўга заваяваў прыхільнасць спажыўцоў як унутры краіны, так і за яе межамі. Калекцыі натуральнага, зручнага адзення для спорту і адпачынку пасезонна абнаўляюцца, карыстаюцца попытам у самай шырокай узроставай аўдыторыі. Стабільна запатрабаванымі застаюцца і так званыя базавыя калекцыі, якія фактычна не мяняюцца на працягу некалькіх сезонаў.

ААТ "Світанак":   бліжэй да цела!Скептыкі мяркуюць, што айчынны трыкатаж саступае адпаведным вырабам замежнай вытворчасці. Маўляў, завезенае — куды больш разнастайнае, прывабнае, таннае. У творчай групы "Світанка" — мастакоў і мадэльераў — іншы погляд на беларускія рэчы...

Перш за ўсё трэба зазначыць, што актыў прадпрыемства складаецца з прафесійнай моладзі, апрыёры не здольнай ствараць кепскія калекцыі для такіх, як самі. Усе мастакі і мастакі-мадэльеры "не варацца ва ўласным соку", а маюць рэальную магчымасць рэгулярна бываць на прэстыжных еўрапейскіх выставах тканін і гатовых вырабаў. Такія паездкі натхняюць, падштурхоўваюць да нараджэння новых вобразаў і адначасова не дазваляюць пагадзіцца з тым, што беларускае — правінцыйнае ды яшчэ дарагое. У адказ на такое меркаванне згадваецца хіба адно: няма прарока ў сваёй Айчыне. Што да кошту, то вырабы падобнай якасці за мяжой у разы даражэйшыя! Танная ж бялізна нярэдка проста не з'яўляецца натуральнай. Нарэшце, варта замовіць слова і аб тым, што па набыцці новага абсталявання і прадастаўлення творчаму актыву самых шырокіх магчымасцяў для рэалізацыі свайго патэнцыялу "Світанку" фактычна няма роўных.

Днямі калектыў ААТ "Світанак" вярнуўся са штогадовага маскоўскага кірмашу, дзе адбылася прэзентацыя калекцыі "Вясна-лета 2011". Абнаўленне асартыменту на прадпрыемстве адбываецца двойчы на год, так што вясной у Маскву паедзе калекцыя "Восень-зіма 2011/2012". Такім чынам, кожная калекцыя рыхтуецца на працягу паўгода.

— Мастацкі калектыў у нас у асноўным малады, таленавіты, а значыць, з вялікай колькасцю ідэй, — кажа начальнік аддзела распрацоўкі новага асартыменту ААТ "Світанак" Ірына КАЗІМІРАВА. — Кіраўніцтва прадпрыемства цудоўна разумее, наколькі важна пастаянна вучыцца, эксперыментаваць, падсілкоўваць фантазію і адначасова мець магчымасці для рэалізацыі гэтай самай фантазіі. Таму мы рэгулярна наведваем міжнародныя выставы еўрапейскай моды, дзе набіраемся новых уражанняў. Не так даўно вярнуліся з парыжскай выставы, дзе азнаёміліся з апошнімі тэндэнцыямі гатовых вырабаў — адзення і абутку, палотнаў, каляровай гамы, аксесуараў... Былі мы сёлета і на міланскай выставе, дзе большы акцэнт робіцца на палотны і малюнкі. Выставы — абсалютна розныя, можна сказаць, кожная прапануе сваю моду, але галоўнае, што там ёсць чым натхняцца. Убачанае спрыяе самавыражэнню, заражае жаданнем не спыняцца... У выніку нашы творцы нараджаюць не толькі калекцыі, якія можна насіць, але і такія, з якімі можна ўзяць удзел і нават перамагчы на прэстыжным айчынным конкурсе "Млын моды". Штогод лаўрэатамі конкурсу становяцца нашы мастакі-мадэльеры Аксана Хлопчанка і Міхаіл Мытнік. Сёлета з вялікім поспехам калекцыю прадставіла яшчэ і Кацярына Чабатаровіч.

Мастак Ганна НІКАЛАЕВА:

— Я была на сёлетняй міланскай выставе, прысвечанай тканінам і прыкладным матэрыялам — карункам, нашыўкам, тасьме, пляценню. Тканіны — проста прадмет мастацтва. Апісаць прадстаўленае словамі немагчыма. Гэта былі не толькі трыкатажныя палотны, якія мы выкарыстоўваем у сваіх калекцыях, але і шэраг іншых... Што асабіста мне дало гэта сузіранне? Як мастак, я магу ўзяць на ўзбраенне некаторыя каляровыя злучэнні, пэўныя вынаходніцтвы. Цікавым, напрыклад, мне падаўся элемент сканіраваных карункаў, якія ствараюць эфект таго, што гатовы выраб — з карункамі. Дарэчы, апошнія ўвайшлі ў моду настолькі, што нават абутак імі ўжо дэкаруецца.

Ірына КАЗІМІРАВА:

— Тэхналогіі не стаяць на месцы, але трэба разумець, што бавоўна застаецца бавоўнай. Бясконца ж эксперыментаваць можна хіба з сінтэтычнымі валокнамі. Іншая справа, ужо ёсць так званыя разумныя валокны, якія нічым не саступаюць натуральным. Яны таксама могуць падвяргацца самым розным дэфармацыям...

Мы вырабляем сваю масавую прадукцыю на аснове базавых перапляценняў — кулір, інтэрлок, футар. Гэта класіка. Наша базавая прадукцыя карыстаецца павышаным попытам як на беларускім, так і на расійскім рынку, яе нават нестае. Таму мы эксперыментуем не столькі з перапляценнямі, колькі з малюнкамі.

На буйным прадпрыемстве немагчыма ў адзін момант памяняць усё абсталяванне. Дый, як сведчыць попыт нашых спажыўцоў, не варта гэтага рабіць. За нечаканымі навінкамі ганяецца невялікая частка спажывецкай аўдыторыі, а ў цэлым людзі аддаюць перавагу класіцы. Ёсць, скажам, аптымальны варыянт канструкцыі — фуфайка з доўгім ці кароткім рукавом, майка звычайная, пад бейку, пад плоскі шоў. Гэта класіка, але яна можа быць даступнай, традыцыйнай, а можа і больш дарагой — з палотнаў высокага класа, з гладкага куліру з лайкрай, з гладкага куліру і меланжавай пражы...

Мастак Міхаіл КАЗАНЦАЎ:

— Не будзем забываць аб досыць вялікай колькасці алергікаў сярод насельніцтва, а чыстая бавоўна — гэта гігіена і гіграскапічнасць, гэта здароўе, што цудоўна разумеюць і цэняць у той жа Расіі, куды мы пастаўляем больш за палову нашых вырабаў... За мяжой натуральныя вырабы каштуюць значна даражэй, чым у нас. Некаторыя прадпрыемствы зараз выкарыстоўваюць сінтэтычныя валокны для дасягнення натуральнага выгляду. Вырабляюцца нават так званыя льнопадобныя тканіны, у якіх ільну няма наогул. Знешне ніколі не падумаеш, але ж для цела, безумоўна, ёсць розніца...

Мастак-мадэльер Міхаіл МЫТНІК:

— Я ў любым выпадку куплю сабе беларускае, таму што ведаю, што такое наш дзяржстандарт і што прывозіцца з Кітая... Што да нашых магчымасцяў ісці ў нагу з сусветнай модай, то я скажу так. Для таго, каб мы маглі эксперыментаваць, рэалізаваць нейкую актуальную, на наш погляд, ідэю, "Світанак" набыў абсталяванне, якое дазваляе, напрыклад, рабіць малюнкі вышыўкі з паеткамі, шнурамі, новым дэкорам. Гэта была просьба ад нашай творчай групы, і кіраўніцтва пайшло на такі крок. Дзякуючы такім магчымасцям я выстаўляю свае калекцыі на лепшым конкурсе Беларусі — "Млыне моды". Некаторыя аўтарскія конкурсныя мадэлі ўвайшлі ў новую калекцыю "Люкс" і будуць прадавацца ў фірменных і буйных магазінах.

Міхаіл КАЗАНЦАЎ:

— Не будзем забывацца, што не заўсёды нешта экстраардынарнае, нечаканае спадабаецца нашаму масаваму пакупніку.

Ганна НІКАЛАЕВА:

— Мы прапануем, мабыць, звычайную, базавую рэч, але добрай канструкцыі, выдатнай якасці. Яна не страціць выгляду пасля мыцця, швы падчас носкі не разыдуцца... Іншая справа, нашым спажыўцам трэба яшчэ вучыцца апранацца. У Мілане і Парыжы вобраз ствараецца не за кошт вельмі дарагіх рэчаў, а з дапамогай розных аксесуараў — шалікаў, хустак. Вялікую ўвагу надаюць за мяжой і падачы вырабаў у гандлёвай сетцы. Там манекен апранаюць так, што табе хочацца ўсё, што на ім — ад рэмня да кепкі.

Міхаіл КАЗАНЦАЎ:

— За мяжой вельмі развіты мерчандайзінг — мастацтва продажу. Тавар раскладзены так, што ты не ў сілах прайсці міма. Але гэта пытанне, як вы разумееце, не да вытворцаў...

Мастак-мадэльер Кацярына ЧАБАТАРОВІЧ:

— "Світанак" дае мастаку стопрацэнтную рэалізацыю. І па тэхналогіях, і па канструяванні мы можам вырабіць усё. Пра гэта сведчыць наш удзел у тым жа "Млыне моды" — конкурсе, на якім пануе творчасць без межаў. А вырабляем мы нашы калекцыі тут, на прадпрыемстве. Я брала ўдзел у конкурсе першы раз і магу адказна заявіць: усё, што я задумала, што нарадзілася ў маім уяўленні, было рэалізавана з нашага палатна, з нашым друкам. Якой я бачыла сваю калекцыю ў фантазіях, такой яна і атрымалася. Для кожнага мастака вельмі важна перадаць свае эмоцыі, і мне гэта ўдалося. Дарэчы, на конкурсе было прадстаўлена нават верхняе адзенне, у тым ліку курткі з набіўкай, якія таксама нарадзіліся на абсталяванні "Світанка". Адзінае, што не ўсё з калекцыі, вядома ж, будзе ў продажы...

ААТ "Світанак":   бліжэй да цела!Модныя тэндэнцыі

КОЛЕР. Хоць нікуды не дзенешся ад сямі асноўных колераў прыроды, тым больш класічных — чорнага, белага, шэрага — у розныя сезоны ўсё роўна нейкаму адценню наканавана вырвацца наперад. Сёлетняя парыжская выстава палотнаў і гатовых вырабаў настойвае на лёгкай прыглушанасці, разбаўленні асноўных колераў шэрым адценнем. Не толькі бірузовы, але нават фіялетавы і карычневы — любыя адценні нібы размешаныя з шэрым. Адначасова актуальным стаў складаны сіні колер — прычым як у жаночым, так і ў мужчынскім (і нават дзіцячым) адзенні. У абутку адзін з цікавых каляровых акцэнтаў зроблены на пераход ад цёмнага да больш светлага адцення. Наогул абутак у новых калекцыях можа быць надзвычай яркім — аранжавым, ярка-зялёным — і спалучацца з нейтральным, спакойным па колеры адзеннем.

ДЭТАЛІ. Шырокае распаўсюджанне атрымліваюць карункі і розныя эфекты — карункавы, ручнога вязання ці пляцення. Не пакідаюць моду стразы, яны, праўда, не такія крыклівыя і навязлівыя, як раней, а лаканічныя, пад колер вырабу. Вельмі выражанай у адзенні стала шматслойнасць, прычым не яўная, а імітаваная, з дапамогай розных фактур тканін. Глядзіцца вельмі элегантна і цэласна. У набіўных тканінах прысутнічае геаметрычны малюнак. Клетка і палоска — не літаральныя, а змененыя, абыграныя тым жа колерам. Штучны друк манахромны і не яркі, актыўна выкарыстоўваецца па меланжы, палосцы. Палоска пры гэтым — у якасці фону, лаканічная па колеры, таму любая графіка на ёй выглядае эфектна.

Святлана БАРЫСЕНКА,

Вераніка ХІЛЬКЕВІЧ.

УНП 600038919.

←Одна из крупнейших акций протеста за многие годы проходит в Европе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика