Валасы

Источник материала:  

Валасы — адзін з энергаінфармацыйных каналаў чалавека — здаўна лічыліся своеасаблівым асяродкам жыццёвых сіл. У славянскіх народаў у дачыненні да валасоў сфарміраваўся шэраг рэгламентацый.

 Валасы заўсёды сімвалізавалі багацце і шчасце. Мабыць, таму да іх заўсёды было нейкае трапяткое, сакральна-ўзнёслае стаўленне. Каб куры неслі шмат яек, першае знесенае яйка каталі па галаве дзіцяці і казалі: "Курачка, курачка, знясі столькі яек, колькі ў Міколкі валасінак!".

 У Калядных пажаданнях гаспадару зычылі столькі цялят, авечак у статку, вазоў жыта і г. д., колькі валасоў на галаве.

 Катэгарычна забаранялася стрыгчы валасы дзіцяці да года (каб не спыніць яго разумовае развіццё), першы рытуальны пострыг выконвалі роўна ў год.

 Добраахвотнае ахвяраванне валасоў пры пострыгу ў манахі сімвалізавала адмову ад свецкага жыцця.

 Пастухам забаранялася стрыгчы валасы з Юр'ева дня і да дня Кузьмы і Дзям'яна, каб не ўскладняць ацёл жывёлы і ахаваць статак ад ваўкоў.

 Каб валасы хутка адрасталі, нашы продкі раілі стрыгчыся, калі Месяц "расце", — як ён расце, прыбывае, так і валасы будуць расці-прыбываць.

 Сярод славян паўсюдна існавала забарона расчэсваць валасы ў вялікія царкоўныя і народныя святы, а таксама па пятніцах.

 На Беларусі лічылі: "у той гаспадыні, якая расчэсвае валасы на Дабравешчанне, куры будуць псаваць грады".

 У той жа час на Вялікдзень старыя людзі знарок расчэсвалі валасы, "каб было столькі ўнукаў, колькі валасоў на галаве".

 Часам адрэзаныя валасы захоўвалі на працягу ўсяго жыцця, каб "узяць" іх на той свет і "адчытацца за кожны валасок".

 Па ўяўленнях беларусаў, валасы нельга было раскідваць. Яны маглі патрапіць у рукі ведзьмака, і той, выканаўшы пэўныя маніпуляцыі, мог лёгка паўплываць на лёс іх гаспадара. Беларускія жанчыны асабліва асцерагаліся кідаць абы-дзе свае валасы, каб не справакаваць з'яўленне "каўтуна" — цяжкага захворвання, якое характарызавалася збіваннем валасоў у лямец, расчасаць які было немагчыма. Такое скручванне валасоў выклікала нясцерпны галаўны боль.

 Валасы шырока выкарыстоўваліся ў чорнай магіі. Напрыклад, каб пасварыць маладых, бралі шэрсць кошкі і сабакі, змешвалі іх, чыталі адмысловую замову, а потым падкідалі ці то пад вясельны картэж, ці то пад лаву маладых, а часам знаходзілі пад ложкам, на якім маладыя правялі першую шлюбную ноч.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Нужна ли Беларуси интеллигенция?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика