У Маскве грэчка істотна патаннела. Ці закране добрая навіна нас?

Источник материала:  

Ходзяць чуткі, што...

Днямі расійскія сродкі масавай інфармацыі паведамілі: Масква абвясціла пра рэзкае падзенне цэнаў на грэчку. У прыватнасці, паведамлялася, што за мінулы тыдзень гэты прадукт патаннеў у расійскай сталіцы з 80 да 57,5-59,9 рубля за кілаграм. У каментарыях гаварылася, што чыноўнікі тлумачаць зніжэнне цэнаў паступленнем на прылаўкі грэцкіх крупаў новага ўраджаю. "У кастрычніку ў Маскву будзе пастаўлена шэсць тысяч тон грэчкі з Алтая. Гэта ў шэсць разоў больш, чым летась". Прыводзяцца таксама лічбы Расстата: у цэлым па краіне грэчка павялічылася ў цане з пачатку года ўжо больш чым у два разы. У многіх крамах гэты прадукт увогуле знік з продажу, і расіяне пачалі масава скупляць крупы, што яшчэ больш узмацніла дэфіцыт. "Дакладныя прычыны рэзкага падаражання грэчкі пакуль невядомыя. Ва ўрадзе лічаць, што вінаватыя спекулянты, а таксама журналісты, якія асвятляюць гэтую праблему", — пішуць расійскія СМІ.

Залішне нагадваць, што гэтая ж тэма яшчэ адносна нядаўна была актуальнай і для нашай краіны. Сведчанне таму — кілаграмы грэцкіх крупаў, набытых на хвалі ажыятажнага попыту, якія цяпер захоўваюцца на кухнях многіх беларусаў. Дарэчы, на нядаўняй прэс-канферэнцыі, прысвечанай стану і перспектывам харчовага рынку краіны, выступоўцы з ліку чыноўнікаў пры вялікіх пасадах называлі прыкладна тых жа, па іх меркаванні, вінаватых: журналістаў і нядобрасумленных імпарцёраў, якія дэстабілізавалі абстаноўку, не накіроўваючы па нейкіх сваіх прычынах запасы грэцкіх крупаў са складоў у рознічны гандаль.

Грэчка хутка з'явілася на паліцах. У гэтым ніхто не сумняваўся, і так яно неўзабаве і атрымалася. Пытанні засталіся па цане. Апошняя, як вядома, павялічылася. Напрыклад, зараз грэцкія крупы спакойна стаяць і ў крамах, і на рынках, але — па 4,7-6,5 тысячы рублёў за 900-грамовую ўпакоўку. Нагадаем, да ўзнікнення ажыятажнага попыту гэтая ўпакоўка каштавала меней за 3 тысячы рублёў. На прэс-канферэнцыі журналістам патлумачылі, што гэта, маўляў, вымушаная мера: цана на гэты харчовы прадукт у суседніх краінах вышэйшая, чым у нас і такі крок зроблены, каб фактычна прадухіліць вываз грэцкіх крупаў.

І вось навіна з суседняй Расіі пра тое, што цяпер там гэты прадукт патаннеў, больш за тое — пра дэфіцыт нават гаворкі ў будучым не можа быць. Якім чынам гэтае паведамленне можа адбіцца на нашым унутраным рынку, на рознічных цэнах на грэцкія крупы?

— Гэта добрая навіна, калі ўсё так, як пішуць, — сказала, выслухаўшы пераказ расійскіх паведамленняў, начальнік упраўлення арганізацыі спажывецкага рынку Міністэрства гандлю Любоў ЯЗЭПЧЫК. — Безумоўна, калі павялічацца пастаўкі, павінна будзе ўпасці і цана на грэцкія крупы. Калі вы былі на той прэс-канферэнцыі, памятаеце, што гаворка тады вялася пра падраўноўванне цаны, паколькі яна — рознічная — была ў нас крыху ніжэйшая, чым у Расіі і іншых сумежных краінах.

У дэпартаменце па хлебапрадуктах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання на момант падрыхтоўкі матэрыялу атрымаць нейкую дакладную інфармацыю па гэтай жа тэме не атрымалася. У прыватнасці, дырэктар дэпартамента Васіль СЕДЗІН быў у камандзіроўцы. Намеснік Алена ПРАКОПЧЫК, да якой скіравалі журналіста "Звязды", да гэтага часу была занятай — удзельнічала ў дзвюх селектарных нарадах. Яна зазначыла, што пакуль падначаленыя службы такой інфармацыяй не валодаюць, дарэчы, яна нічога пра расійскія навіны не чула. Мы дамовіліся, што за каментарам звернемся ў бліжэйшыя дні, калі ў дэпартаменце навядуць адпаведныя даведкі.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Нужна ли Беларуси интеллигенция?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика