Нарыхтоўка сельгаспрадукцыі: тэмпы — шпаркія, цэны — вышэйшыя

Источник материала:  

На сярэдзіну перадапошняга тыдня верасня арганізацыі спажывецкай кааперацыі краіны закупілі ў насельніцтва 20 тысяч тон бульбы, або 216 працэнтаў да леташняга аналагічнага перыяду. Сёння на "другі хлеб" устаноўленая закупачная цана ў 850-1 200 рублёў за кілаграм. Першапачаткова нарыхтоўка позняй бульбы вялася па 600 рублёў за кілаграм, паведаміла "Звяздзе" прэс-сакратар Белкаапсаюза Алена МОХАР.

Паводле апошняй аператыўнай інфармацыі, таксама нарыхтавана ўжо 117,6 тысячы тон яблыкаў, што складае 121 працэнт да аналагічнага перыяду леташняга года. Зараз закупачная цана на яблыкі (апад) складае 150-200 рублёў за кілаграм, а ў пачатку сезона яна не перавышала 130 рублёў за кілаграм. Так званыя "таварныя" яблыкі сёння ад насельніцтва прымаюць па 1-2 тысячы рублёў за кілаграм. У "засеках" нарыхтоўшчыкаў знаходзіцца зараз і 2,6 тысячы тон цыбулі, або 106 працэнтаў да леташняга на той жа час. Цяпер грамадзяне могуць здаць яго па 1-1,7 тысячы рублёў за кілаграм. Што да іншых закупачных цэнаў, дык яны, напрыклад, наступныя. Капусту прымаюць па 800-1 400 рублёў, буракі — па 600-1 000, моркву — па 800-1 300 рублёў за кілаграм.

— Кошт дзікарослай прадукцыі перавысіў максімальныя закупачныя цэны папярэдніх гадоў, — распавяла Алена Мохар. — Закупка чарніц вялася па 6-8,5 тысячы рублёў за кілаграм, што ў два разы вышэй за цану, устаноўленую на пачатку сезона. А ў папярэднія гады максімальная закупачная цана складала 5,8 тысячы рублёў за кілаграм. Лісічкі прымаюць ад 6 да 10 тысяч за кілаграм. Гэта ў 1,5-2 разы вышэй у параўнанні з цаной у пачатку сезона. Летась максімальная закупачная цана на іх дасягала толькі 6,5 тысячы рублёў за кілаграм. У той жа час сёлетнія ўмовы надвор'я не дазволілі забяспечыць станоўчую дынаміку закупак па некаторых відах прадукцыі. Скажам, садовых клубніц было нарыхтавана 1,5 тысячы тон або 40 працэнтаў да аб'ёмаў 2009 года. Хоць, як памятаем, напачатку прагнозы адносна гэтай салодкай ягады былі вельмі аптымістычнымі. Чарніц сёлета атрымалася закупіць 2,5 тысяч тон, або 52 працэнты ў аналагічным параўнанні. Чырвонай парэчкі нарыхтавалі 830 тон (63 працэнты да леташняга), чорнай — 486 тон (або 70 працэнтаў). І ўсё па той жа прычыне — надвор'е. Ужо закладзена на захоўванне: бульбы — 6,4 тысячы тон, свежай гародніны — 2,1 тысячы тон, цыбулі — 1,2 тысячы тон.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Нужна ли Беларуси интеллигенция?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика