Абдымаючыся з Шанхаем

Источник материала:  

Ці можаце вы ўявіць сабе чалавекападобнага робата вышынёй 6,5 м у абліччы дзіцяці? Не? А наведнікі Сусветнай універсальнай выставы "ЭКСПА-2010", што шосты месяц адбываецца ў кітайскім горадзе Шанхаі, не толькі могуць уявіць, але і пабачыць на ўласныя вочы!

Такое велізарнае дзіцё, якое, дарэчы, клічуць Сяомі баобао, усталявана ў павільёне Іспаніі на "ЭКСПА-2010". Яно здольнае выражаць сотню разнастайных эмоцый і настрояў. Разам з цуда-дзіцём там усталяваныя шэсць велізарных шароў, якія сімвалізуюць дзіцячыя мары пра горад будучыні. Днямі ў Шанхаі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё і беларускага павільёна. На жаль, большасць беларусаў не зможа наведаць "ЭКСПА-2010". Але для таго, каб акунуць нас у атмасферу свята і феерыі сучаснага кітайскага горада, Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі наладзілі фотавыставу "Сустракаючыся з Шанхаем, абдымаем увесь свет", на якой экспануецца больш за 60 лічбавых фотаздымкаў вядомых кітайскіх фатографаў. "Гэтая выстава пачне працаваць напярэдадні адкрыцця беларускага павільёна на "ЭКСПА-2010". Таму яна мае вялікае значэнне", — перакананы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у РБ Лу Гуйчэн. Дынамічныя і ўрбаністычныя, яскравыя і кантрасныя, пейзажныя, партрэтныя і рэпартажныя здымкі цалкам пагружаюць беларускага гледача ў далёкі азіяцкі горад, паказваюць "ЭКСПА-2010" ва ўсіх фарбах і вяртаюць жыхароў Кітая, якія вучацца або жывуць у Беларусі, на радзіму. Фотавыстава прымеркаваная да Дзён Беларусі ў Кітаі (13-17 кастрычніка), Нацыянальнаму Дню беларускага павільёна на "ЭКСПА-2010" у Шанхаі (11 кастрычніка) і Дню ўтварэння КНР (1 кастрычніка).

— Выставы, прысвечаныя кітайскай культуры, ужо традыцыйныя для нас, — гаворыць Раман Матульскі, дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. — Гэта сведчыць пра сапраўды шчыльнае супрацоўніцтва паміж нашай бібліятэкай і Пасольствам КНР, пра ўзаемную зацікаўленасць нашых народаў.

Над будынкам павільёна "ЭКСПА-2010" у Шанхаі ўзвышаецца збудаванне ў форме традыцыйнага кітайскага коўшападобнага галаўнога ўбору Даўгуань. Гэтае збудаванне адлюстроўвае дух і характар кітайскай культуры і будзе захавана пасля заканчэння працы "ЭКСПА-2010". З гэтым і іншымі творамі эклектычнай шанхайскай архітэктуры таксама можна пазнаёміцца праз фотаздымкі, прадстаўленыя на выставе.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

←Нужна ли Беларуси интеллигенция?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика