РОЗГАЛАС
Дажджлівы цыклон, які гаспадарыў у Беларусі з панядзелка, цяпер адступае ў раён Верхняй Волгі і адкрывае дарогу халоднаму паветру арктычнага паходжання, паведаміла рэдакцыі галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.
Таму сёння на тэрыторыі краіны падзьме паўночна-ўсходні вецер, а тэмпература ўдзень знізіцца да 5—14 цяпла, толькі ў Гомельскай вобласці будзе яшчэ да плюс 14. У многіх раёнах захаваецца дажджлівае надвор'е. У чацвер атмасферны ціск пачне павялічвацца, таму кароткачасовыя дажджы чакаюцца ўжо толькі па паўднёвай часцы краіны. Істотна пахаладае. Уначы стане 0—7 цяпла, а ў паўночных раёнах чакаюцца замаразкі да мінус 1—3, удзень — плюс 6—11. У першы дзень кастрычніка на тэрыторыі краіны пачне гаспадарыць скандынаўскі антыцыклон. Уначы 0—6 цяпла, па поўначы 1—3 марозу, удзень — 7—12 вышэй за нуль. Даволі халоднае надвор'е чакаецца і ў выхадныя. Дажджоў увогуле не будзе. Уначы плюс 1—5 градусаў, на глебе месцамі 0—5 марозу, удзень — 7—13 градусаў цяпла. Такі тэмпературны фон прыкладна на 4—6 градусаў ніжэйшы за кліматычную норму.
Сяргей КУРКАЧ.
Толькі фактыРост даходаў насельніцтва працягваецца
У Беларусі з лістапада павышаюцца тарыфная стаўка першага разраду — да 118 тысяч, а таксама мінімальная зарплата — адразу на 54,2 працэнта.
Як сведчыць статыстыка, сярэднямесячная зарплата ў эквіваленце павялічылася з 66 долараў ЗША ў 1995 годзе да 350 долараў у 2009-м. У ліпені 2010 года сярэдняя зарплата дасягнула 1282,8 тыс. рублёў ці 427 долараў ЗША. Сярод краін СНД Беларусь пакуль знаходзіцца на трэцім месцы пасля Расійскай федэрацыі і Казахстана. Прычым высокія сярэднія паказчыкі ў суседзяў звязаныя, у першую чаргу, з высокай аплатай працы ў здабываючай прамысловасці. Летась рэальныя грашовыя даходы насельніцтва (з улікам індэкса спажывецкіх цэнаў) павялічыліся ў параўнанні з 1995 годам у 5,3 раза, з 2005-м — на 53 працэнты. Рэальная зарплата да ўзроўню1995 года ўзрасла ў 4,9 раза.
Ул. інф.
На бліжэйшыя месяцы ўводзяцца дадатковыя цягнікіУ расклад руху Беларускай чыгункі на кастрычнік-лістапад уводзяцца дадатковыя цягнікі.
Як паведамілі ў Мінскім аддзяленні, гэта цягнік №211 Масква — Мінск, які будзе адпраўляцца з расійскай сталіцы ў 21.09 1, 8, 15, 22, 19 кастрычніка, а таксама 3, 5, 12, 19, 26 лістапада. Прыбываць у Мінск ён будзе ў 5.49 адпаведна 2, 9, 16, 23, 30 кастрычніка і 4, 6, 13, 20 і 27 лістапада. Таксама пасажыры змогуць скарыстацца паслугамі дадатковага цягніка №212 Мінск — Масква. Адпраўляцца з Мінска ў Маскву ён будзе ў 0.11 4, 11, 18, 25 кастрычніка, а таксама 5, 8, 15, 22, 29 лістапада. Прыбываць у расійскую сталіцу цягнік будзе ў 10.33 4, 11, 18, 25 кастрычніка і 5, 8, 15, 22, 29 лістапада.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Рыхтуецеся да вяселля — пабывайце ў... гродзенскім Лядовым палацыСёння там у рамках шматгаліновай выставы "Еўрарэгіён "Нёман-2010" адкрываецца спецыялізаваны кірмаш "Вяселле над Нёманам". Будзе прадстаўлены шырокі асартымент тавараў вясельнай і святочнай індустрыі — уборы, аксесуары, галантарэя, біжутэрыя, бялізна, дзіцячыя і ювелірныя вырабы. Акрамя таго, наведнікам прапануюць розныя варыянты дызайну вясельных букетаў, картэжаў, памяшканняў, а таксама падарожжаў у мядовы месяц. А яшчэ — паслугі рэстаранаў, фота і відэа, кансультацыі медыкаў, юрыстаў і нават астролагаў.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Крадуць бульбу і... вішніДва маладыя рабочыя ААТ "Ціхінічы", што ў Рагачоўскім раёне, спакусіліся на маёмасць гаспадаркі, у якой працуюць. З поля ля вёскі Вірычаў хлопцы набралі 600 кг бульбы і загрузілі яе ў асабістую машыну. З грузам, які каштуе паўмільёна беларускіх рублёў, іх затрымалі рагачоўскія міліцыянеры. Бульбу канфіскавалі, так што ў грамадзян не атрымалася назапасіцца за чужы кошт. А вось зладзеяў, якія выкралі з фермерскай гаспадаркі ў вёсцы Рудня Споніцкая Веткаўскага раёна 114 саджанцаў яблыні і 50 — вішні, пакуль шукаюць.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
А труп выкінуў у ДнепрРасследуецца крымінальная справа, заведзеная ў дачыненні да 28-гадовага жыхара Дубровенскага раёна, які забіў свайго таварыша, а труп выкінуў у Днепр. А ноччу ж разам сядзелі, выпівалі...
Як паведаміў "Звяздзе" пракурор Дубровенскага раёна Іван Белавусаў, зламыснік забіў знаёмага жорстка: нажом, палкай, рукамі нанёс яму каля сарака ўдараў. Калі зразумеў, што ўчыніў, каб схаваць сляды злачынства, на веласіпедзе адвёз труп падалей і выкінуў у Днепр. Забойца можа чвэрць стагоддзя правесці ў ізаляцыі, а мо і ўсё жыццё.
Скралі ў бабульУ Оршы 81-гадовая бабуля паведаміла ў міліцыю пра тое, што ўвечары, калі яе госць пайшоў з кватэры, адтуль зніклі 2 мільёны рублёў. Міліцыянеры ўстанавілі, што грошы ўзяў бяздомны беспрацоўны 55-гадовы мужчына. Раней ён быў судзімы за крадзеж. А ў Аршанскім раёне сярод белага дня два беспрацоўныя (аднаму 27, а другому 57 гадоў) скралі грошы ў 79-гадовай бабулі. Зайшлі ў яе хату, якая не была зачыненая, і скралі 600 тысяч рублёў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.