Стынг падтрымаў кампанію за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі
«Прывітанне, мяне завуць Стынг і я супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках — таму што я веру ў чалавечую годнасць. Толькі адна краіна ў Еўропе прымяняе смяротнае пакаранне — Беларусь. Час гэта змяніць. Няхай ваш голас пачуюць, падпішыце петыцыю супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, і давайце спынім гэта — раз і назаўсёды. Дзякуй."




Стынг, вядомы ва ўсім свеце музыка і актывіст, падтрымаў намаганні праваабаронцаў у барацьбе за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Стынг, які выступіў з канцэртам у Мінску ў мінулую нядзелю ў ходзе сусветнага турнэ Symphonicity, сустрэўся з праваабаронцамі, каб падпісаць петыцыю за адмену смяротнага пакарання ў рамках апошняга этапа кампаніі, якую праводзіць Беларускі Хельсінкскі Камітэт, арганізацыі «Вясна» і «Міжнародная Амністыя». «Час гэта змяніць», — сказаў Стынг у сваім відэазвароце.
Беларусь — апошняя ў Еўропе краіна, у якой дагэтуль прымяняецца смяротнае пакаранне. Андрэй Жук і Васіль Юзэпчук былі пакараныя смерцю ў сакавіку гэтага года. Яшчэ два беларускіх грамадзяніна былі прысуджаныя да смяротнага пакарання ў траўні, іх хадайніцтвы пра абскарджанне прысуду былі адхіленыя ў верасні.
Яшчэ адзін смяротны прысуд быў вынесены ў верасні. Прысуджаныя да смяротнага пакарання атрымліваюць кулю ў патыліцу. Цела не перадаецца сваякам, яны толькі атрымліваюць паведамленне пра тое, што прысуд быў прыведзены ў выкананне. Ім таксама не паведамляюць пра месца пахавання пакаранага, што толькі ўзмацняе іх пакуты.
Апроч Стынга гэтую петыцыю падпісалі вядомыя беларусы: пісьменнікі Святлана Алексіевіч і Ўладзімір Арлоў, музыкі Лявон Вольскі (NRM) і Ўладзімір Пугач (J:Mors). Гэты крок дапаможа прыцягнуць увагу людзей ва ўсім свеце да смяротнага пакарання як да праблемы, якая не ведае нацыянальных межаў.
НШ, belhelcom.org