Аб чым баліць душа ў старасты. Ён працуе не за грошы, а таму, што інакш жыць не ўмее

Источник материала:  
Аб чым баліць душа ў старасты.
Ён працуе не за грошы, а таму, што інакш жыць не ўмее

Адной з вёсак Ваўкавышчыны асабліва пашанцавала з... анёлам-ахоўнікам. А без гэтых “ахоўнікаў” зараз — як без рук, кажуць у сельскіх саветах на Гродзеншчыне.

Каб пазнаёміцца з сель-скім старастам Аляксандрам Ефімовічам, што з вёскі Станкаўцы Роскага пасялковага савета Ваўкавыскага раёна, мы сабралі цэлую экспедыцыю на чале са старшынёю раённага Савета дэпутатаў Святланай Прэдка. І яшчэ толькі пад’язджаючы да Станкаўцаў, зразумелі, што трапілі ў вёску, якая мае свайго дбайнага гаспадара, свайго “хроснага бацьку”, якім восем гадоў таму стаў стараста Аляксандр Юльянавіч Ефімовіч.Я нават трохі пазайздросціла станкаўчанам — гэта ж трэба, такога анёла-ахоўніка сабе займелі. Бо інакш і не скажаш. Што б ні надарылася — з усімі пытаннямі вяскоўцы спяшаюцца да Юльянавіча: ён, маўляў, усё ведае, заўсёды падкажа, любую даведку здабудзе і любое пытанне вырашыць у найкарацейшы тэрмін. Бо не прывык адкладваць: сказана — зроблена. “Як можаш працаваць — працуй, а не можаш — адмоўся, не падводзь людзей”, — такі яго жыццёвы прынцып. Дужа адказны чалавек гэты Юльянавіч: нават калі пачынаў сваё староства, нейкі час яшчэ сумняваўся: ці адужае, ці пацягне такі аб’ём працы? А праца наперадзе сапраўды чакала няпростая. Першым пунктам у гэтай “эпапеі” стала газіфікацыя вёскі. Колькі Юльянавіч выхадзіў-выездзіў, каб у рэшце рэшт справа зрушылася з мёртвай кропкі, ведае, можа, толькі яго сям’я. Другі “праект” — рэстаўрацыя дарогі, бо пасля падвядзення газу яна ў вёсцы стала яшчэ горшай, чым была. Праўда, тут Юльянавічу хадзіць па кабінетах давялося меней: новую дарогу дапамаглі пракласці... “Дажынкі”: у той год рэспубліканскае свята ўраджаю якраз праходзіла ў Ваўкавыску, а Станкаўцы знаходзяцца на пад’язным шляху. Потым — абноўленая лінія электраперадачы. — Цяпер, калі ідзеш увечары, — відна як днём, нават у гарадах не ўсюды такое ўбачыш, — шчасліва распавядае аб новай перамозе Юльянавіч.Сапраўды, стараста для аднавяскоўцаў — вялікі аўтарытэт. Хоць і жартуе на гэты конт Юльянавіч, але гэта так на самай справе:— Наша вёска знаходзіцца недалёка ад пасялковага Савета, і, напэўна, з усіх старастаў я найболей дакучаю мясцоваму начальству. Але я ж не магу адмовіць аднавяскоўцам, бо з усімі скаргамі і просьбамі яны ідуць найперш да мяне. Я вельмі ўдзячны ўсім, хто нам дапамагае і хто нас разумее, — у Росі, у пасялковым Савеце, у Ваўкавыскім Савеце дэпутатаў, у Гродна.— Адкуль жа такая любоў да вёскі, да парадку? — дзіўлюся я.— Вёска Станкаўцы — мая радзіма, — тлумачыць субяседнік. — Дом, у якім я рос, мы будавалі разам з бацькам-франтавіком. Тут выраслі мае трое дзяцей: дзве дачкі і сын. А любоў да парадку... Я ж армейскі чалавек: 27 гадоў пасля арміі праслужыў у авіяцыі. Люблю парадак ва ўсім, не цярплю п’яніц і гультаёў. А такіх, на жаль, зараз нямала. Праўда, іх у вёсцы нямнога: на 100 двароў такіх “праблемных” гаспадароў  стараста налічвае ўсяго два-тры. Ён часта размаўляе з імі, стараецца дапамагчы, нават ушчувае, і, здаецца, людзі пакрысе выпраўляюцца, пачынаюць думаць пра сям’ю і пра будучае. Але самая вострая праблема сучаснай вёскі, на думку старасты Ефімовіча, галоўная хвароба сяла — гэта старэнне. Моладзі штогод становіцца менш, а людзі сталага веку сыходзяць, і няма каму прыйсці на змену, няма каму падтрымаць. Людзі пакідаюць зямлю — вось аб чым баліць яго душа.— Такая псіхалогія ў нашага аднавяскоўца, чалавека паважанага і дастойнага, — разважае Святлана Прэдка. — Чалавек турбуецца, што пустуе зямля. Менавіта ў гэтым аснова свядомасці селяніна і, напэўна, поспех у будучым.Дзіўна, але менавіта дзякуючы Аляксандру Ефімовічу ў вёску пачалі падцягвацца людзі з іншых месц. Нават перад тым, як купіць хату ў Станкаўцах, усе едуць па параду да старасты. Ён, маўляў, ведае, чым тая ці іншая хата лепшая або горшая, дзе людзі больш надзейныя — каб не падманулі. Можа, таму і паважаюць, любяць яго людзі, што ўмее ён пагаварыць, распытаць пра жыццё-быццё, да кожнага “ключык” знойдзе. Пазней я даведалася, што Роскі пасялковы Савет рэкамендаваў узнагародзіць Аляксандра Юльянавіча Ефімовіча ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў... як лепшага старасту.

←Как решить проблему безработицы в малых городах? Об этом “НГ” спросила жителей Ганцевичского района

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика