"Дабрадатнае неба" над Хойнікамі
Даўно гэта было, тры сотні гадоў таму. У той час хойніцкая княгіня (дачка ўдзельнага князя Шуйскага) узяла шлюб з князем Трубяцкім. Радаваліся хойніцкія жыхары не толькі за сваю княгіню, але яшчэ і таму, што мясцоваму царкоўнаму прыходу быў падораны цудоўны абраз Божай Маці "Дабрадатнае неба". Праз некалькі гадоў той князь заснаваў у Хойніках новую царкву, якой наканавана было адлюстраваць увесь няпросты лёс гэтага края. У 1922 годзе уладай багаборцаў старажытны храм быў знішчаны.
Але абраз Божай Маці "Дабрадатнае неба" ацалеў пад апекай прыхаджан. Ён захаваўся іх агульнай малітвай да Божай Маці — заступніцы нашай ва ўсе часы.
Самыя цяжкія часы зведаў гэты край, калі яму давялося прыняць на сябе хвалю чарнобыльскай радыяцыйнай атруты. Як знак ратавання і ацалення расла-будавалася новая хойніцкая Свята-Пакроўская царква, пераймаючы на сябе намоленае за стагоддзі месца захавання старажытнага абраза Божай Маці "Дабрадатнае неба".
У храме пад сямю купаламі, леваруч высокага іканастаса, які напісаны ў старажытнарускім стылі, красуецца сёння гэты абраз. Пры царкве створаны Свята-Пакроўскі жаночы манастыр, насельніцы якога разам з прыхаджанамі ўзносяць малітвы за спакой і дабрабыт на зямлі бласлаўлёнай старажытным абразом.
Яўген Пясецкі. Фота аўтара.
На здымках: У любы час не пакідае сваёй буслянкі гэты добры вястун, зроблены мясцовымі майстрамі; у Свята-Пакроўскай царкве; манастырскі сад — дабрадатнае месца: тут выспяваюць нават грэцкія арэхі; у царкву ідуць і на малітву, і за парадай; прыгажосць драўляных пабудоў застанецца на фотаздымках хойніцкіх гімназістаў Уладзіміра Корбіта і Яўгеніі Ходас.