Гаворыш па-беларуску? — Sі! — Sеhr gut!

Источник материала:  

Вы павіншавалі сваіх сяброў-паліглотаў? Еўрапейскі дзень моў з 2001 года адзначаўся 26 верасня. Веданне замежных моў адкрывае шмат магчымасцяў для новых стасункаў, таму ў Еўропе ўсё больш людзей, якія ведаюць, акрамя сваёй роднай, яшчэ якую-небудзь мову.

Колькі моў вы ведаеце? З гэтым пытаннем мы "пайшлі ў народ".

Не адну...

Вольга Белая вучыцца на філалагічным факультэце БДУ. Размаўляе на англійскай, нямецкай, іспанскай і турэцкай мовах.

— Воля, адкуль такі "лінгвістычны размах"?

Гаворыш па-беларуску? — Sі! — Sеhr gut!— Маё знаёмства з замежнымі мовамі пачалося ў першым класе з вывучэння англійскай. Спачатку мне падабаўся характар нашых заняткаў. Хто не прыйдзе ў захапленне ад песень, вершаў, ды і проста слоў, якія цікава гучаць? Пасля 3-га класа мне пашанцавала — я паехала ў Іспанію. Вось тут і пачаўся суровы вопыт вывучэння замежнай мовы. Думаю, менавіта той факт, што з дзяцінства мне даводзілася размаўляць на чужой мове з людзьмі іншага менталітэту, паспрыяў развіццю "паліглотных" здольнасцяў. Пасля, ва ўніверсітэце, акрамя абавязковых англійскай і нямецкай, я пачала вывучаць турэцкую мову. Хацелася чагосьці новага і экзатычнага. Кітайскія іерогліфы не асабліва мяне цікавілі, таму я выбрала турэцкую. Летам на адпачынку спатрэбіцца.

— Як думаеш: паліглотам хутчэй стане чалавек, які з бясконцым цярпеннем зубрыць замежныя дзеясловы, ці проста шчаслівец, у якога талент да моў ад нараджэння?

— З майго вопыту скажу, што вывучыць мову прасцей апошняму. Лепш, калі ен пазнаёміцца з ёй у дзяцінстве. Дзеці больш уражлівыя, чым дарослыя. І памяць у іх добрая. І найлепшы варыянт — трапіць у асяроддзе, у якім карыстаюцца жывой мовай. Тады не будзе іншага выйсця, толькі як загаварыць на ёй.

— У якія цікавыя сітуацыі ты трапляла дзякуючы свайму веданню моў?

— Шмат смешных выпадкаў бывае, калі ў Беларусь прыязджаюць такія экзатычныя турысты, як іспанцы ці туркі. Яны ж думаюць, што іх родную мову ніхто не разумее ў нас. Аднойчы іспанцы ў краме ніяк не маглі разабрацца з нашым асартыментам, а я ім дапамагла. Ці вось у ліфце кітаянка намагалася нешта сказаць немцу на англійскай мове. А ён усё не разумеў, чаго ж ад яго хочуць. Таксама прыйшлося ўмяшацца.

— Што з выгодаў ад таленту паліглота ты цэніш больш за ўсё?

— Гэта пашырэнне межаў маёй свядомасці. Можна глядзець на рэчы з розых бакоў. Не толькі, як славяне з шырокай душой, але і як педантычныя немцы, экспрэсіўныя іспанцы ці туркі, якія паважаюць традыцыі.

"А да рэпетытараў усё роўна ходзім..."

З гэтага навучальнага года ў школьны расклад дадалі яшчэ адну гадзіну замежнай мовы. У настаўнікаў свой погляд на сітуацыю. Тамара Федараўна, выкладчык англійскай мовы з 36-гадовым стажам, наконт мэтазгоднасці ўвядзення дадатковых урокаў адказала наступнае:

— Мы чакалі гэтага ўжо даўно. Вучань павінен умець размаўляць, таму яму трэба больш заняткаў. Да таго ж групы англійскай мовы сталі змяншаць, што дае магчымасць настаўніку надаць больш увагі кожнаму вучню.

Цікава, як дзецям такое шчасце? Аб гэтым расказалі дзевяцікласнікі адной са сталічных школ:

— Праграму не змянілі зусім. Толькі расцягнулі старую, — паскардзіўся Ілья.

— Але размаўляць сталі болей. Кожныя заняткі перакладаем розныя тэксты, — дадаў да слоў сябра Дзмітрый.

— А мне здаецца, што амаль нічога не змянілася. Усе як хадзілі яшчэ дадаткова на курсы ці да рэпетытара, так і ходзяць,- выказаў свае меркаванне Арцём. — Каб добра здаць экзамен праз тры гады, ды і потым пры паступленні, школьных ведаў усё роўна не хапае.

— А як вам тое, што гадзіны беларускай мовы не павялічваюць, нягледзячы на тое, беларускую зараз школьнікі ведаюць часам горш за замежную?

— Ну і добра! — эмацыйна азваўся Дзмітрый. — Для мяне беларуская больш цяжкая.

— Англійская мова — гэта міжнародная мова. Яна для нас больш карысная, — растлумачыў разважлівы Мікіта.

Відавочна, што школьнікі зараз вельмі рацыянальныя: разумеюць, што ім можа спатрэбіцца ў жыцці, а што не. Але, вядома, цяжка чуць, што нацыянальная мова меней карысная...

Ганна Гарустовіч, Уладзіслаў Кулецкі.

←Ломать останется председателем КГК как минимум до конца выборов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика