Самыя частыя госці ў Беларусі — расіяне, самыя жаданыя — з краін Персідскага заліва

Источник материала:  

Заходнія турысты пакідаюць 170-200 долараў, арабскія — да 5 тысяч. у дзень

За апошні год сярод наведвальнікаў нашай краіны значна прыбавілася прадстаўнікоў краін Персідскага заліва. Спецыялісты звязваюць гэта са з'яўленнем авіярэйса Мінск—Абу-Дабі. І калі заходнія турысты на дадатковыя паслугі выдаткоўваюць у сярэднім па 170-200 долараў у дзень, то прадстаўнікі арабскіх краін — у 2-3 разы больш. Некаторыя госці трацяць па 3-5 тысяч долараў. Праўда, у турыстычным патоку ў нашу краіну традыцыйна пераважаюць расіяне — 55-60 адсоткаў. Найбольш іх вабяць нашы гарналыжныя цэнтры "Лагойск", "Сілічы", "Раўбічы", а таксама санаторыі і дзіцячыя лагеры. Акрамя бліжэйшых суседзяў, у дзясятку нашых актыўных наведвальнікаў уваходзяць турысты з Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі і ЗША. Напярэдадні Сусветнага дня турызму, які святкуецца 27 верасня, айчынная турыстычная галіна падвяла вынікі сваёй дзейнасці. Іх агучыў намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга.

Работу за апошні год ён назваў "у цэлым нядрэннай". Беларусы за гэты перыяд у параўнанні з аналагічным мінулагоднім на трэць больш сродкаў патрацілі на адпачынак. Замежнікі таксама сталі больш грошай пакідаць у нашай краіне — на 38 адсоткаў. Колькасць замежных грамадзян, якія прыехалі ў Беларусь з турыстычнымі мэтамі, павялічылася на 117 адсоткаў. І што адметна, турысты ўсё больш наведваюць не нашу сталіцу, а правінцыю: калі летась дзве трэці аб'ёму платных паслуг аказваліся ў Мінску, то летась гэтая лічба істотна знізілася. "Запрацавалі рэгіянальныя праграмы, з'явіўся якасны турыстычны прадукт, і гэта падштурхоўвае турыстаў аддаваць перавагу адпачынку ў сельскай мясцовасці, абласных і раённых цэнтрах", — падкрэсліў Чэслаў Шульга.

Асноўны паток турыстаў у рэгіёны па-ранейшаму прыцягваюць міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы, а таксама культурныя мерапрыемствы. Сярод апошніх Чэслаў Шульга вызначыў "Кліч Палесся", які даў магчымасць па-новаму паглядзець на гэты рэгіён, а таксама новае аблічча турыстычных праграм па Віцебску, у прыватнасці, у новым фармаце прайшла сёлета падрыхтоўка да "Славянскага базару". Увогуле, як заўважыў намеснік міністра, кожны рэгіён прадставіў новыя віды турыстычнага прадукту. Праўда, усе яны пакуль былі створаныя з дапамогай знешняга капіталу. "Невядомая Еўропа" — праект, які рэалізуе Гродзеншчына з дапамогай еўрапейскіх фондаў на базе Аўгустоўскага канала. Толькі за мінулы год гэтыя маршруты наведала ў 4,5 раза больш замежных турыстаў, чым за мінулы. Віцебская вобласць з удзелам шведскага капіталу рэалізуе праграму "Белая Дзвіна", у межах якой арганізаваны шэраг маршрутаў уздоўж адной самых прыгожых рэк Беларусі — Заходняй Дзвіны.

Увогуле Віцебшчына ў апошні час стала прыкладам для астатніх рэгіёнаў у галіне развіцця турыстычнай інфраструктуры. Па ініцыятыве губернатара Аляксандра Косінца тут рэалізуецца "Праграма 100" — штогод будуецца інфраструктура для адпачынку на сотні азёр, на рэках з'яўляюцца прычалы для аматараў падарожнічаць па вадзе, у год будуецца 100 паляўнічых дамкоў і аграсядзіб. У плане падарожжаў па вадзе Віцебск таксама стаў адным з першапраходцаў. Пакуль рачныя трамвайчыкі будуць курсіраваць толькі ў межах абласнога цэнтра, але ў будучым плануецца распрацаваць маршрут да Полацка і Наваполацка. Праўда, для гэтага ў асобных месцах трэба паглыбіць Заходнюю Дзвіну. У бліжэйшым будучым, як паведаміў Чэслаў Шульга, магчыма таксама наладзіць водныя падарожжы ад Пінска да Гомеля, ад Пінска да Турава, ад Бабруйска да Барысава, а ў Рэчыцы ў наступным годзе з'явіцца гасцініца на вадзе.

Але найбольш паспяховым у мінулым годзе стаў праект "Аграэкатурызм". Сёння ў Беларусі ёсць каля 1114 аграсядзіб, якія прынялі летась больш за 70 тысяч наведвальнікаў з 39 краін свету. Прычым, як падкрэсліў Чэслаў Шульга, сядзіба, як месца адпачынку ў чыстым выглядзе, паступова адыходзіць і саступае месца камбінаваным відам баўлення часу. Іх арганізуе гаспадар сядзібы або сумесна з мясцовымі ўладамі ці са сваімі суседзямі. Гэта "зялёныя маршруты" ці іншыя праграмы кшталту анімацыйных. "Як правіла, дзве, тры ці нават пяць сядзібаў аб'ядноўваюцца, каб прапанаваць агульную паслугу. Найбольш паспяхова тут працуе Расонскі раён Віцебскай вобласці, знакаміты сваім фестывалем "Заборскі фэст". Мы хочам падтрымаць такі вопыт, бачым, што гаспадары сядзіб пачалі накопліваць дадатковы капітал. Каб аграэкатурызм і далей развіваўся, мы падрыхтавалі праект указа, які дасць права на льготнае вядзенне бізнэсу з выкарыстаннем не 5, а 10 пакояў. І мяркуем распаўсюдзіць дзеянне гэтага ўказа да 2021 года", — паведаміў Чэслаў Шульга. "Гэта дасць магчымасць яшчэ больш пашырыць геаграфію агратурызму, хоць і сёння ў любой кропцы краіны можна знайсці месца, дзе размясціць турыстаў. Плануем падключыць да гэтага праекта кааператывы (былыя калгасы), фермерскія гаспадаркі і радавыя сядзібы", — расказаў намеснік міністра. Дарэчы, паводле слоў Чэслава Шульгі, у Беларусі ёсць больш за тысячу радавых сядзіб, якія захаваліся ў той ці іншай ступені: дзесьці толькі падмурак або парк, дзесьці і самі сядзібы.

У наступным годзе, паводле меркавання намесніка міністра, магчыма павялічыць колькасць аргасядзіб на 200-300 адзінак, а яшчэ праз год давесці іх лічбу да 2,5 тысячы. "Тут ніхто нікога не прымушае, але мы павінны закрыць праблему размяшчэння у малых гарадах і сельскай мясцовасці", — падкрэсліў Чэслаў Шульга.

Яшчэ адзін праект, які нядрэнна сябе зарэкамендаваў, — аздараўленчы турызм. Больш за 400 тысяч чалавек скарысталіся магчымасцямі санаторна-курортнага лячэння, сярод іх 105 тысяч замежнікаў (год таму у санаторыях Беларусі адпачыла 302 тысячы, сярод якіх 93 тысячы замежных грамадзян). Адметна, што ўсе санаторна-курортныя ўстановы пачалі ствараць новыя формы паслуг (напрыклад, такія, як СПА-цэнтры) і закупляць новае медыцынскае абсталяванне.

Спросціць працу тураператарам і жыццё турыстам прызваныя і новыя нарматыўныя дакументы. У прыватнасці, 6 кастрычніка ўступае ў дзеянне новы закон аб турызме. Турыстычны ваўчар, з якім было больш за ўсё праблем, заменіць тыпавы дагавор. На новы ўзровень выйдзе і інфармацыйнае суправаджэнне, у якім мы пакуль адстаём ад нашых суседзяў. Гэта дазволіць мясцовым уладам стварыць інфармацыйныя цэнтры ў кожным раёне.

На наступны год у Беларусі з'явіцца яшчэ 350 новых турыстычных аб'ектаў. Адна з тэндэнцый сучаснасці — атэлі новага тыпу. У Гродна нядаўна з'явіўся парк-атэль, які размешчаны на тэрыторыі парка з выдатнай кухняй (рэстаран найвышэйшай нацэначнай катэгорыі, якіх у Беларусі няшмат). Гэты праект ажыццяўляецца з удзелам расійскага капіталу. Яшчэ адзін прыклад новага тыпу атэляў — атэль "Буцік" у Лідзе — з адметнымі нумарамі, дызайн якіх не паўтараецца, боўлінг-цэнтрам, шэрагам забаўляльных устаноў і гандлёвымі павільёнамі. Зноў-такі для абласных цэнтраў характэрная тэндэнцыя адкрыцця прыватных атэляў. А на раённым узроўні у нас па-ранейшаму недахоп гасцініц. Толькі 25-30 адсоткаў раённых цэнтраў могуць адначасова прыняць групу ў 40-50 чалавек. У раённых цэнтрах, як правіла, няма выбару: гасцініца адна, якая да таго ж часткова занятая рабочымі, камандзіраванымі і інш. Як падкрэсліў Чэслаў Шульга, у гэтым накірунку трэба выпрацаваць умовы для будаўніцтва прыватных атэляў і прывабіць інвестараў.

Яшчэ адна ніша, недаацэненая сёння ў галіне турызму, — малая інфраструктура, тыя ж бегавыя і веласіпедныя дарожкі. Намеснік міністра адзначыў, што раённыя ўлады часта скептычна ставяцца да іх будавання, і прывёў прыклад бліжэйшых суседзяў — літоўскага Друскінінкая, літаральна "аплеценага" веласіпеднымі і бегавымі дарожкамі. "Туды прыязджаюць замежныя турысты, катаюцца, адпачываюць — і пакідаюць грошы ў краіне. У Мінску прынята рашэнне штогод у кожным раёне на 5 км павялічваць колькасць дарожак. Мы таксама хацелі б па ўсёй краіне стварыць такія дарожкі, ужо шукаем інвестара", — расказаў Чэслаў Шульга.

Яшчэ адзін прабел, над якім у бліжэйшы час неабходна працаваць, — стварэнне матэляў-кемпінгаў, дзе б маглі адпачываць турысты, якія падарожнічаюць па нашай краіне на аўтамабілі. Першыя такія месцы адпачынку ў бліжэйшай будучыні з'явяцца на трасе Брэст—Масква, а потым сетка і на ўсіх трасах. Мяркуецца рэалізаваць гэтую праграму на працягу двух бліжэйшых гадоў.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Ломать останется председателем КГК как минимум до конца выборов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика