Караткевіч вяртаецца ў Кіеў
У рамках Дзён культуры Беларусі, якія пройдуць у апошнія дні верасня
Натуральна ўзгадаць вялікага беларускага пісьменніка ў горадзе, дзе мацавалася яго свядомасць падчас вучобы ва ўніверсітэце. Даты з жыцця, думкі жыцця, жыццясцвярджальнасць творчасці Караткевіча — тое, што павінна быць адлюстравана ў дакументальных стужках, прысвечаных яму. А дакументальнае кіно ў Беларусі рабіць умеюць. І прадэманструюць гэта суседзям. Як, зрэшты, і анімацыйныя стужкі, і нават мастацкія беларускай вытворчасці.
Напэўна, жыхарам Украіны наша краіна не здаецца загадкавай, аднак яны ўсё-такі змогуць паглядзець на яе іншымі вачамі: такую магчымасць дае монаспектакль "Беларусь у фантастычных апавяданнях" тэатра Янкі Купалы, які іграе народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў.
Ёсць асобы, якія ў наш час яднаюць беларускую і ўкраінскую культуру. Дырыжор Віктар Пласкіна, які працуе цяпер у Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі. Ён будзе дырыжыраваць балет "Лебядзінае возера" Чайкоўскага з удзелам салістаў беларускага балета. Як жа без класікі? Без яе, як і без беларускай музыкі, цяжка ўявіць Дні культуры краіны. Яе выканае на адкрыцці Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча. Сучаснае мастацтва будзе прадстаўлена выставай фатаграфіі з выкарыстаннем відэа-арт інсталяцый.
Усе запланаваныя мерапрыемствы накіраваныя не толькі пра тое, каб уразіць украінцаў, але парадаваць беларусаў, якія жывуць ва Украіне. З імі будзе сустракацца падчас Дзён культуры 20-30 верасня першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі. Няхай ведаюць: радзіма іх не забывае.
Ларыса ЦІМОШЫК.