Талісман

Источник материала:  

Талісман — звычайна невялікая рэч, зробленая з прыродных матэрыялаў (расліны, дрэва, камень, соль, пазней — золата, серабро, медзь, напаўкаштоўныя і каштоўныя камяні), а таксама самі гэтыя матэрыялы, "апрацаваныя" прыродай. Па ўяўленнях старажытнага чалавека, яны прыносяць поспех, засцерагаюць жыццё, спрыяюць сямейнаму дабрабыту і вядзенню адпаведных напрамкаў гаспадарання.

Найбольш раннімі па часе з'яўлення лічацца талісман прыроднага паходжання, напрыклад, невялікі камень з адтулінай, "перуновы стрэлы" (кавалачкі драўніны, трэскі), якія з'явіліся пасля ўдару маланкі ў якое-небудзь дрэва. З пашырэннем татэмізму ролю талісмана пачалі выконваць зубы, кіпцюры і нават косці жывёл, якіх тое ці іншае племя лічыла сваім першапродкам і ахоўнікам. Відаць, можна не баючыся сказаць, што ўсе жаночыя ўпрыгажэнні адначасова выконвалі ролю абярэга, амулета і талісмана, асабліва тады, калі вопытныя майстры рабілі іх на заказ ад будучага ўладальніка.

Самым старажытным талісманам і абярэгам славянскіх народаў з'яўляецца "камень Алатыр", шырока прадстаўлены ў замовах. У асяроддзі ўсходніх славян і балтаў ролю Алатыра-каменя выконваў бурштын. Яшчэ да апошняй чвэрці ХХ ст. беларускія жанчыны насілі бурштынавыя пацеркі, якія не толькі засцерагалі ад уздзеяння ліхога вока, але і прыносілі поспех. У "галубінай кнізе" ён завецца не іначай, як "усім камяням бацька" або "ўсім камяням маці".

Сярод камянёў ролю талісмана выконваў і "курыны бог" — камень з натуральнай адтулінай. Відаць, на падставе гэтага талісмана ўзнікла павер'е аб тым, што моцным амулетам-абярэгам з'яўляецца манета з прасвідраванай адтулінай, а таксама смаліна, з якой выпаў сук і ўтварылася адтуліна, праз якую прапускаюць ваду для лячэння сурокаў.

У шэрагу прыродных талісманаў значнае пашырэнне атрымалі спарышы: здвоеныя дубовыя жалуды, арэхі, жытнёвыя каласы, а таксама "жытняя матка" — на адной сцябліне больш за два каласы. Да ліку свяшчэнных талісманаў адносіцца зямля, узятая з магілы сваіх суродзічаў, асабліва ў тым выпадку, калі чалавек ад'язджае з гэтых мясцін надоўга ці назусім. З цягам часу ролю талісмана пачалі выконваць абярэгі, якія былі падрыхтаваныя ў час правядзення каляндарных абрадаў (грамнічная свечка, чацвярговая соль).

Аналагічную функцыю выконвалі атрыбуты, звязаныя з абрадамі сямейна-родавай накіраванасці: засушаная пупавіна дзіцяці, "сарочка", у якой нарадзілася дзіця, перавяслы рук і ног нябожчыка, засушаны кавалачак вясельнага каравая, заручальныя пярсцёнкі юбіляраў.

З прыходам хрысціянства кола талісманаў значна пашырылася. Іх ролю сталі выконваць драўляны нацельны крыж, ладанка, просвіра, свечка, медальёны з выявамі святых, у гонар якіх чалавек атрымаў імя, "святыя пісьмы", сшыткі з тэкстамі малітваў і пералікам неспрыяльных дзён, імянныя абразы.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Александр Лукашенко не собирается заводить блог

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика