У Воранаўскім раёне паставілі помнік Вітаўту
Аўтар помніка — літоўскі скульптар Альгімантас Сакалаўскас, які стварыў разам са сваімі вучнямі каля 500 скульптур, — устанавіў статую паміж будынкамі сярэдняй школы і касцёла святога Ліна. Скульптура вышынёй больш за шэсць метраў выраблена з асаблівай пароды дуба ў тэхніцы традыцыйнай літоўскай нацыянальнай разьбы па дрэве. Скульптар паказаў князя ў вобразе рыцара з каронай, які ў левай руцэ трымае скіпетр — знак улады, а правай абапіраецца на меч.
Помнік устаноўлены пры падтрымцы грамадскага аб’яднання «За грамадзянскую супольнасць» (Літва).
Як адзначыў старшыня пялескага грамадскага аб’яднання літоўцаў «Гімтыне» («Айчына») Ёнас Мацюлявічус, ў пачатку мінулага стагоддзя ў вёсцы Дубінцы, што за тры кіламетры ад Пялесы, быў узведзены помнік Вітаўту, шлях якога з Вільні ў Гродна 600 гадоў таму праходзіў цераз Дубінцы і Пялесу. Па ініцыятыве выхадца Воранаўскага раёна дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Літвы Ізідоруса Шымяленіса было вырашана адкрыць статую Вітаўту ў Пялесе, бо Дубінцы аднесеныя да неперспектыўных вёсак.
Адкрыццё помніка было прымеркавана да свята святога Ліна, прысвечанага другому папу рымскаму пасля апостала Пятра. Лін (Лінус) лічыцца пакутнікам і заступнікам людзей.
Марат Гаравы, БелаПАН