Ідзе адлоў рыбы і...
Прырода Палесся зачароўвае сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю. І кожны раз, калі супрацоўнікі Ганцавіцкай міжраённай інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету запрашаюць з сабою ў рэйд, з задавальненнем выкарыстоўваю гэтую магчымасць.
На гэты раз разам з начальнікам інспекцыі Міхаілам Пішчом і інспектарам Русланам Хілько выехалі на патруляванне водных угоддзяў рыбгаса "Лактышы". Там на першай нагульнай сажалцы якраз завяршыўся адлоў рыбы, якая не поўнасцю выбіраецца з вадаёма. Менавіта ў гэты перыяд з'яўляецца шмат ахвотнікаў ухапіць лёгкую здабычу. Прыехаўшы на месца, Р. Хілько і адзін з вартаўнікоў рыбгаса засталіся ў засадзе каля шлюзу сажалкі, а М. Пішч са мною, каб не свяціцца на машыне і не губляць дарэмна часу, вырашыў паглядзець, што робіцца ў рэспубліканскім балотна-журавінавым заказніку "Борскі", а гэта недалёка ад рыбгаса — каля вёскі Чудзін.
У раёне існуе некалькі рэспубліканскіх заказнікаў — "Борскі", "Ялоўскі", "Падвялікі мох" і частка "Выганашчанскага", апошні знаходзіцца адразу на мяжы трох раёнаў. Усе яны сапраўдныя жамчужыны Палесся — некранутыя куткі прыроды з усёй яе ўнікальнай разнастайнасцю флоры і фаўны. Таму і знаходзяцца пад асаблівай аховай дзяржавы. Думалася, што заехаўшы ў заказнік "Борскі", акунёмся ў цішыню і спакой, але мясцовасць была напоўнена гоманам. Людзі вярталіся з журавін — цягнулі іх на спіне і на веласіпедах.
Але ўразіла не гэта. праехаўшы на машыне ў глыбіню лесу, знайшлі побач з лясной дарогай паляну, забруджаную смеццем: пластыкавымі бутэлькамі, шматкамі паперы... Тут людзі стварылі імправізаваную аўтастаянку, што катэгарычна забаронена рабіць у заказніку. М. Пішчу прыйшлося скласці пратаколы на вадзіцеляў аўтобуса і дзвюх легкавушак, якія прывезлі людзей у ягады. І які падняўся лямант! Зборшчыкі журавін абступілі "Уазік", і на начальніка інспекцыі пасыпаліся з усіх бакоў праклёны, абразы і... просьбы. Маўляў, не ведалі, што знаходзімся на тэрыторыі заказніка і што тут забароненая стаянка аўтатранспарту. А людзі з аўтобуса, які замовіла адно з прадпрыемстваў Салігорскага раёна для паездкі сваіх супрацоўнікаў па журавіны, нават расказалі, што быццам бы згубілі жанчыну і цяпер шукаюць яе. Вось таму так доўга і стаіць аўтобус у заказніку. Але ж, як толькі пратакол быў падпісаны, яны адразу з'ехалі. Вось і думай: пакінулі кабету на волю лёсу ці падманвалі?
Сітуацыя неадназначная. Людзі мелі пэўную рацыю. Рэч у тым, што на ўездзе ў заказнік хоць і ёсць шыльда, але яна някідкая, так што на яе ніхто і ўвагі не звяртае. Ды і прачытаць, што тут знаходзіцца заказнік, магчыма толькі з блізкай адлегласці. А пра аўтастаянку перад уездам у заказнік і размова не ідзе — яе няма. Даволі дзіўна, што ДЛГУ "Ганцавіцкі лясгас", які адказвае за парадак на тэрыторыі рэспубліканскіх заказнікаў і ставіць вялікія каляровыя шыльды з назвамі сваіх лясніцтваў, тут не прыняў ніякіх захадаў для нармальнага наведвання заказніка. Адсюль і засмечанасць лесу.
З аднаго боку, заклікаем любіць і шанаваць прыроду, а з другога — недастаткова пра яе клапоцімся.
Пакідалі заказнік у даволі сумным настроі: яшчэ не адышлі ад пачутага ў свой адрас. Але тут патэлефанаваў Руслан Хілько, які з вартаўніком рыбгаса прасядзеў у засадзе ўжо 4 гадзіны: "Затрымалі злодзея. Хутчэй прыязджайце!"
Нагульная сажалка № 1 знаходзіцца на ўскрайку рыбгаса, і туды даволі лёгка трапіць незаўважаным — дастаткова толькі перайсці па водмелі абводны канал. Менавіта на ім інспектар і затрымаў "рыбака", які кінуў мех з украдзенай рыбай і спрабаваў уцячы. Так што Руслану давялося пабоўтацца ў вадзе, каб выцягнуць яго на бераг. Злодзеем аказаўся жыхар Клецкага раёна. І хоць напачатку ён вёў сябе даволі агрэсіўна, але калі астыў, то пачаў прасіць прабачэння. Дарэчы, бывалі выпадкі, калі затрыманыя, зразумеўшы, што іх чакае, нават на калені станавіліся.
Пакуль складалі пратакол, паступіў сігнал ад вартаўнікоў рыбгаса. На чацвёртай нагульнай сажалцы "арудуе" Яша са сваёй "бандай". Асоба даволі адметная — толькі сёлета ён ужо тройчы пападаўся на крадзяжы рыбы, а нядаўна за гэта адсядзеў 25 сутак адміністрацыйнага арышту. Але, як той казаў — "гарбатага выправіць магіла".
Усю кампанію ўбачылі ў бінокль — яна ішла па дарозе. Каб злавіць аматараў дармавой юшкі, прыйшлося наладзіць сапраўдную аблаву. Два вартаўнікі спыніліся на машыне побач з дарогай, якая пралягае паміж дзвюх сажалак, а інспектары пабеглі ў абход вадаёма, каб зайсці з тылу. Я бег следам з "мыльніцай" і думаў: "Ваўка ногі кормяць", але калі праз кіламетр нагнаў сапавіцу, то не пазайздросціў рабоце інспектараў. Калі ж выйшлі на кампанію, то аказалася, што "Яша" і яго два сябры і не думалі ўцякаць. Яны паспелі добра выпіць і цягнулі мех з карпам ды яшчэ адзін — з некалькімі бутэлькамі гарэлкі. Кампанія даволі вольна адчувала сябе на тэрыторыі рыбгаса. Напачатку зладзеі паводзілі сябе нахабна, і адзін з іх — Аляксандр Ш., таксама добра вядомы міліцыі, пачаў пагражаць інспектарам і вартаўнікам. Трэцім у кампаніі быў грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які таксама пражывае ў райцэнтры. Каб дакладна ўстанавіць яго асобу і супакоіць Аляксандра Ш., вырашылі даставіць вясёлую тройцу ў раённы аддзел міліцыі. Пасадзілі іх у машыну і паехалі. І вось дзіва! Чым бліжэй пад'язджалі да горада, тым больш лагоднымі станавіліся затрыманыя. Ш. пачаў прасіцца, а "Яша" ўспомніў жонку і дзяцей. Калі б не перагар, то падалося б, што ў машыне не парушальнікі, а ахвяры.
У міліцыі "Яшу" і расіяніна адпусцілі, а Аляксандра Ш. вырашылі пасадзіць у камеру, але ён уцёк. Ну што тут зробіш...
Толькі выехалі за горад, як зноў патэлефанавалі з рыбгаса. На адной з сажалак затрымалі яшчэ аднаго злодзея, які палез па рыбу з сач- ком. У час адлову рыбы да сажалак рыбгаса злятаюцца аматары дармаўшчыны не толькі з навакольных вёсак, але і з іншых раёнаў. І гэтаму жыхару Клецкага раёна не пашчасціла.
Варта адзначыць, што вартаўнікі рыбгаса не маюць тых правоў, якія ёсць у інспектараў, і без падтрымкі інспекцыі па ахове жывёльнага і расліннага свету ўвогуле не змаглі б эфектыўна працаваць.
Вось так нервова прайшоў гэты рэйд. Раніцой мы вярталіся ў райцэнтр не без задавальнення.
* * *
Інспекцыя займаецца не толькі тымі, хто "затаварваецца" на сажалках рыбгаса — гэта невялікая частка іх работы. А ў асноўным даводзіцца кантраляваць тэрыторыю некалькіх раёнаў. Нейкі тыдзень таму затрымалі машыну з украдзеным лесам, а яшчэ раней абясшкодзілі цэлую групу браканьераў з незарэгістраванымі стрэльбамі. А колькі такіх груп ужо было... Незаконны адстрэл звера і адлоў рыбы — звычайная з'ява, з якой даводзіцца сутыкацца інспектарам. На жаль, рэйды немагчыма праводзіць штодня...
Павел Свістуновіч. Фота аўтара.
Ганцавіцкі раён.