"Жывём сваёй сям'ёй"

Источник материала:  

Таццяна і Юрый Зарэцкія, маладая сям'я з вёскі Гайшын, выхоўваюць чацвярых дзяцей, сваіх і прыёмных.

Чырвоныя вароты на цэнтральнай вуліцы Гайшына: іх упрыгожваюць падкова на шчасце і смешныя драўляныя каты, зробленыя рукамі дзяцей і іх бацькоў. Вялікая бяроза са шпакоўняй, на хаце вісіць тэлевізійная талерка, яркімі познімі кветкамі цвітуць флёксы, арка завітая вінаградам.

Гаспадарам гэтага падворка, Таццяне і Юрыю, яшчэ няма і 30 гадоў. Іх гісторыя знаёмства і кахання кароткая і звычайная: жылі ў адной вёсцы, хадзілі ў адну школу, закахаліся і пажаніліся. Усё як у людзей: праца ў сельскай гаспадарцы, двое дзяцей — старэйшы хлопчык і дзяўчынка, хата з агародам і кветнікам, падсобная гаспадарка.

"Жывём сваёй сям'ёй"Аднак сям'я Зарэцкіх усё ж незвычайная: нядаўна Таццяна і Юрый узялі да сябе ў сям'ю двух прыёмных хлопчыкаў: 4-гадовага Дзімку і Алёшу, якому днямі спаўняецца толькі год ад нараджэння.

— Я пачула гісторыю ад сваячкі, што два хлопчыкі засталіся без мацярынскай апекі, — расказала Таццяна. — Маці іх хворая і не можа іх выхоўваць. Такі лёс у дзяцей! І калі б мы іх не ўзялі, дзеці, верагодна, трапілі б у інтэрнат. Стала шкада, асабліва маленькага Лёшу. Ды і Дзіма вельмі добры хлопчык.

Жанчына не хавае, што яны з мужам шмат думалі, перш чым вырашыцца стаць прыёмнымі бацькамі. З аднаго боку, сельская праца не самая даходная, цяжка і сваіх уласных дзяцей падымаць. З іншага боку, дзяржава клапоціцца пра апекуноў і гарантуе жанчыне заробак выхавальніцы.

— Нам проста захацелася дапамагчы дзецям, ім сапраўды была патрэбна дапамога, — па-мужчынску сціпла кажа Юра.

— Нічога, мы дзяцей любім: выгадуем, здолеем, — усміхаецца яго жонка.

Калі не ведаць, што ў кампаніі Зарэцкіх ёсць прыёмныя дзеці, то і не здагадаешся: нейкім чынам усе яны падобныя на Таццяну і Юру. Самы малодшы, Лёша, засынае ў мужчыны на руках. Аленка і Дзімка дэманструюць гасцям свае самыя любімыя цацкі — катоў. Кот з арыгінальнай мянушкай Радыска на руках малога хлопчыка: падобна, жывёла скарылася са сваім лёсам і не пратэстуе супраць чарговых абдымкаў.

Аленка — маленькая прыгажуня, чые выявы ў казачных строях упрыгожваюць хату. У акружэнні трох братоў яна адчувае сябе прынцэсай.

Дзеці кінулі катоў і пайшлі да коз. Яны ведаюць, што козы даюць смачнае і карыснае для іх малако. А вось маленькая і крыху шкодная козачка Маруся — яшчэ адна забаўка для малых. Стасік, усмешлівы хлопчык з вяснушкамі, пільна сочыць за малодшымі: для 11-гадовага ён проста неверагодна адказны, самы галоўны памочнік таты і маці.

— Я бульбу з бацькамі капаю, кабачкі збіраю, ваду ў лазню нашу, — старанна пералічвае свае абавязкі. — Працы хапае. Я прыязджаю першым рэйсам са школы, раблю ўрокі, а калі малыя вяртаюцца з дзіцячага садка — займаюся з імі. Гуляю з Лёшкам, пакуль маці ежу ўсім гатуе.

Стасік спакойна тлумачыць, што з новымі братамі, вядома, працы ў яго дадалося, але ён не супраць:

— З Дзімкам штодня гуляем у футбол, гэта ж весела ў кампаніі! А цяжкасцяў у жыцці я не баюся. Хачу стаць выратавальнікам у МНС. Мне падабаецца дапамагаць людзям.

Актуальны клопат Юры і Таццяны — забяспечыць сваю вялікую сям'ю ежай, адзеннем і ўвогуле ўсім неабходным.

— Гэта са сваёй гаспадаркі, — паказвае Юра. — Мы вырошчваем свіней, здаём іх, і за кошт гэтага выжываем. Сёлета хоць і не самы ўраджайны год на кабачкі быў, але 5 тон здалі, усё ж дадатковая капейка. Таму што на заробак механізатара ў 300 тысяч рублёў складана пражыць, самі разумееце.

— У нас агарод у 40 сотак, — працягвае Таццяна. — Бульба, агародніна. Усё сваё, сваімі рукамі вырашчанае. У Слаўгарадскім раёне дзейнічае праграма, якая дапамагае сялянам зарабляць на развіцці падсобных гаспадарак. І мы ў яе межах заняліся клубніцамі: набылі 9 гатункаў у Мінску, навучыліся іх даглядаць. Нібыта атрымалася: выдаткі склалі 180 тысяч рублёў, а прадалі ягады на 300 тысяч.

— Пракормім дзяцей сваімі сіламі, — падводзіць вынік бацька. — Будзем рабіць націск ва ўласнай гаспадарцы адразу на ўсё — свіней, кабачкі, клубніцы і што яшчэ будзе даваць даход. Будзем працаваць, колькі сіл хопіць.

Вёска Гайшын, дзе жывуць Зарэцкія, пацярпела ад чарнобыльскай аварыі. Людзі з'ехалі ад радыяцыі, але перасяленцы напрыканцы 1990-х сталі вяртацца на радзіму. Гайшын быў аб'яўлены рэабілітаванай тэрыторыяй, тут пачало адраджацца жыццё. Цяпер у вёсцы жыве болей за паўсотню чалавек, аднак маладых сем'яў зусім мала. Зарэцкія гавораць, што і ім, магчыма, давядзецца падумаць аб пераездзе бліжэй да цывілізацыі: у Гайшыне зачынілася пошта, а цяпер мясцовыя жыхары хвалююцца за краму.

— Але што б ні адбывалася навокал, мы жывём самі сабе, сваёй сям'ёй, — прабуе растлумачыць сваю жыццёвую філасофію Таццяна. — У нас вельмі згуртаваная сям'я, і чым больш цяжкасцяў — тым болей мы яднаемся.

Каб не засумаваць у надзённых клопатах, Зарэцкія бяруць актыўны ўдзел у розных конкурсах для маладых сялянскіх сем'яў. Апошні з іх — на ўзорны падворак.

— Не, я не лічу свой падворак узорным, — усміхаецца Таццяна, — але як толькі вольная хвіліна ўдаецца — раблю, каб было прыгожа. І, ведаеце, часу хапае. Гэта толькі падаецца, што чацвёра дзяцей і прысесці няма калі. Я спрытная, раблю ўсё хутка. Так, часам няма настрою рабіць, але — трэба, бо больш няма каму.

Таццяна кладзе Лёшу спаць і назірае, як дзеці падносяць ката да клеткі з папугаем, каб выклікаць рэакцыю птушкі. Аказваецца, Кеша, яшчэ адна хатняя забаўка малых, гаворыць, і ў такіх выпадках павінен сказаць: "Псік! Кеша — харошы!" Аднак на публіцы папугай размаўляць відавочна не хоча.

— Я вельмі радая, што муж мяне падтрымаў наконт дзяцей, — жанчына глядзіць на малога, які раскінуўся ў сне. — Лёша ў першы дзень, як мы яго прывезлі, навучыўся рабіць "ладачкі" і ўжо сказаў "Дай-дай!" Самага маленькага мы, зразумела, найбольш шкадуем. Ну як такую ляльку можна не пашкадаваць?..

Зарэцкія, узяўшы ў дом прыёмных дзяцей, не збіраюцца перарываць іх сувязі з сапраўднай маці. Таццяна гаворыць, што яна не здольная гэтага рабіць — ні па кантракце, ні па-чалавечы. Яны зычаць жанчыне здароўя і будуць гадаваць дзяцей. "І што б ні здарылася, мы іх не кінем!" — цвёрда заявілі бацькі з Гайшына.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

Слаўгарадскі раён.

←На кого могут положиться белорусы?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика