"Рэшткі цукерак знятыя з продажу, астатнія тавары правяраюцца. Санстанцыя правядзе ў краме апрацоўку"

Источник материала:  

Ад гісторыі, пра якую распавяла мінчанка, што вярталася ўвечары ў мінулую нядзелю ў сталіцу праз Іўе, яе ж саму найперш і трэсла. Гэта пры тым, што пасля здарэння ўжо прайшло некалькі дзён. Але ж гаворка ішла пра здароўе сына — уявіце пачуцці маці. А здарылася наступнае.

— У Іўі на плошчы зайшлі ў краму спажывецкай кааперацыі — колішні ўнівермаг. Апроч іншага, набылі і недзе з паўкілаграма цукерак "Чарнаморачка". Калі дабраліся дадому, сын, які вельмі любіць салодкае, узяў пакет з цукеркамі і, не ўключаючы ў пакоі святла, уладкаваўся перад маніторам камп'ютара. Раніцай я налічыла недзе з 15 абгортак — столькі цукерак ён паспеў з'есці за вечар. Але, калі я пабачыла тую "Чарнаморачку" пры дзённым свеце, мне літаральна зрабілася дрэнна: цукеркі былі ў павуцінні, цвілі, на іх нават былі чэрві! Сыну я, вядома, нічога не сказала, схавала ад яго тыя цукеркі, хоць ён і пытаўся на наступны дзень, ці засталося салодкае. Каб не адлегласць у 120 кіламетраў, шчыра скажу, было жаданне паехаць у тую краму і кінуць гэтыя цукеркі ў твар прадаўцу. Як так можна? Сын — доўгачаканае дзіцё, шмат хварэў. Зараз не ведаю, што рабіць: звяртацца да ўрачоў ці не? Наколькі тыя цукеркі былі небяспечнымі для яго здароўя? Думаю, як мінімум, прадаўца трэба прыцягнуць да адказнасці, — гаварыла нам заяўніца. А калі эмоцыі некалькі суціхлі, папрасіла, каб проста знялі тую "Чарнаморачку" з продажу — каб яшчэ нехта выпадкова не пацярпеў.

У той жа дзень мы звязаліся з Іўеўскім раённым спажывецкім таварыствам, якому і належала крама, дзе ўсё і адбылося, — "Вікторыя". Дамовіліся, што праверка выкладзеных фактаў будзе праведзена як мага больш аператыўна, гэтак жа, як і будуць прынятымі адпаведныя меры, калі ў тым ёсць патрэба. Ужо да абеду наступнага дня ў рэдакцыю патэлефанавала спачатку дырэктар рознічна-гандлёвага прадпрыемства таварыства Наталля БЕЛАГАЛОВА, а праз нейкі час — і старшыня рэвізійнай камісіі таварыства Людміла ГАЛАВЕНКА.

Факты пацвердзіліся. Пры знешнім аглядзе рэшткаў цукерак "Чарнаморачка" (пасля зняцця абгортак) была знойдзеная кандытарская моль. Таму тое, што заставалася, тут жа было знятым з продажу — 5,1 кілаграма цукерак на суму 56,2 тысячы рублёў. Загадчык крамы павінна будзе ўнесці гэты кошт у цэнтральную касу спажывецкага таварыства: пакрыць нанесеную шкоду. Акрамя таго, у яе адносінах рыхтуецца распараджэнне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці, што, у сваю чаргу, можа адбіцца на памеры прэміяльных.

— Кандытарская моль лётае ноччу, крыніцу вельмі цяжка вызначыць, — патлумачыла старшыня рэвізійнай камісіі таварыства Людміла Галавенка. — Такія выпадкі, як мы заўважылі, здараюцца пасля працяглага спякотнага лета. Канкрэтная віна работніка крамы ў наступным. Калі яна прыняла запячатаны тавар з усімі неабходнымі дакументамі, ён нейкі час захоўваўся на складзе крамы. Дарэчы, мы праверылі — тэрмін захоўвання цукерак не выйшаў. Але перад тым, як накіраваць у гандлёвую залу новую партыю тавару для рознічнага гандлю, работнік павінен быў тавар ускрыць і пераканацца, што за час захоўвання ў складскім памяшканні з ім нічога не адбылося. Яна гэтага не зрабіла.

Паводле далейшых слоў Людмілы Іванаўны, зараз у "Вікторыі" правяраюць іншыя тавары, што знаходзіліся побач з тымі цукеркамі. Для гэтага на працу раней выклікалі ўсіх работнікаў. Пасля будзе зроблены зварот у санстанцыю, каб тая апрацавала гандлёвую залу і складское памяшканне спецыяльнымі растворамі.

Наталля Белагалова і Людміла Галавенка прынеслі прабачэнні заяўніцы за тое, што здарылася з ёй і яе сынам: "Гэта выключны выпадак, такое здараецца не часта". Людміла Іванаўна патэлефанавала на кандытарскую фабрыку, дзе ёй сказалі, што такая моль — гэта хутчэй непрыемна, чым небяспечна для здароўя. Тым не менш суразмоўцы, не адмаўлябчы праз тое віны, прапанавалі жанчыне, калі ў яе будзе такое жаданне, звязацца са спажывецкім таварыствам, каб яго работнікі маглі асабіста папрасіць прабачэння.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←На кого могут положиться белорусы?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика