Ключык разладу

Источник материала:  

Нешта мне ў апошні час з прадпрымальнікамі не шанцуе. То па рынку ходзіш, а яны ў нарды гуляюць і ўвагі на цябе не звяртаюць, то ключык для дамафона цэлы тыдзень не можаш зрабіць. Дарэчы, пра гэты злашчасны ключык. Пайшоў у майстэрню і кажу дзядзечку — маўляў, так і так, трэба пару "таблетак" ад дамафона зрабіць. Ён мне кажа: "Табе тэрмінова?". Паколькі абрыдла пад дзвярамі пад'езда ў чаканні суседзяў стаяць, то я папрасіў зрабіць як мага хутчэй.

— О'кей, — сказаў майстра, — прыходзь у пятніцу, — і забраў грошы ўперад.

У пятніцу дык у пятніцу, што зробіш — хоць да гэтай пятніцы яшчэ дні тры было, а я дык тэрміновасць у гадзінах мераў. Ну ды ладна, раёнчык новы, мо ў гэтага майстра тысячы заказаў ляжаць, прыйдзецца патрываць.

Дачакаўся запаветнай пятніцы, прыходжу — зачынена акенца майстэрні. Павывучаў шыльдачку з распарадкам працы — здаецца, павінна працаваць. Ладна, прыйду заўтра. Прыйшоў. Зачынена. Пачакаў да панядзелка. Зноў зачынена! Пытаю ў суседнім акенцы, дзе цётачка прымае нейкія заказы ў атэлье, пра майго майстра-прапажу:

— О, дык яго з чацвярга няма, — кажа яна. — А дзе падзеўся — не ведаю...

Карацей, каб вам доўга не расказваць, скажу, што пра лёс майстра я даведаўся праз аддзел гандлю і паслуг Фрунзенскага райвыканкама Мінска: яны ўважліва мяне выслухалі, звязаліся, як я зразумеў, з жонкай гэтага індывідуальнага прадпрымальніка і ператэлефанавалі мне — аказваецца, майстар проста захварэў. У выніку ключыкі для дамафона я забраў яшчэ праз тыдзень, але мне хочацца зараз паразважаць не пра тое, які я бедны і няшчасны быў без ключыкаў — гэта ўсё дробязі жыцця. Мяне больш цікавяць адносіны бізнэсменаў, прыватнікаў, індывідуальных прадпрымальнікаў да крыніцы сваіх даходаў — да кліентаў, заказчыкаў, пакупнікоў і гэтак далей.

Ну вось скажыце, што замінала павесіць на акенца майстэрні паперку а-ля "Прабачце, захварэў. Буду прыкладна ў сераду"? Ці, напрыклад, "Як папраўлюся, усім пазваню і запрашу забраць заказы"? Жонка, сябры, сыны, тая ж цётачка-суседка з атэлье маглі павесіць такую інфармацыю, і ўсё — у мяне ніякіх бы пытанняў не ўзнікла, бо ніхто не застрахаваны ад раптоўнай хваробы ці яшчэ чаго.

Хаця, каб быць шчырым да канца, трохі пазней на акенцы майстэрні з'явілася паперка з надпісам "Майстэрня не працуе" (ага, прывітанне — а то я сам не бачу), а яшчэ пазней прыпіска "Майстар хварэе". Але самае цікавае, што нават калі індывідуальны прадпрымальнік выйшаў на працу, ён не палічыў патрэбным патэлефанаваць сваім кліентам і паведаміць пра тое, што заказы можна забіраць. Нашто тады было запісваць нумар майго мабільнага ў бланк заказу?

У прынцыпе, кожны сам выбірае, як весці свой бізнэс і як кантактаваць са сваімі кліентамі. Напрыклад, літаральна насупраць знаходзіцца тэлерадыёмайстэрня. Таксама была зачыненая, але ў дзвярах паперка з нумарам тэлефона: можна пазваніць і ўсе пытанні высветліць, а не вартаваць дзверы. Ці вунь нядаўна бачыў аб'яву ў невялічкай прадуктовай краме: "Наш магазін перайшоў на самаабслугоўванне пакупнікоў з мэтай наблізіць Вас да тавараў... Прапановы па пашырэнні асартыменту тавараў і якасці абслугоўвання гатовыя выслухаць па тэлефонах..." І далей прыводзяцца мабільныя дырэктара і намесніка дырэктара па камерцыйнай частцы. Ото ж згадзіцеся, зусім іншая справа — прыемна туды завітаць яшчэ не раз, бо бачна, што ты там як мінімум кліент.

Павел БЕРАСНЕЎ.

←Беларусь провела «День без автомобиля»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика