Калі ўпакоўка мае значэнне

Источник материала:  

Чытачы сталага веку памятаюць своеасаблівыя сімвалы савецкіх часоў: сетку-авоську і шэрую абгортачную паперу. А яшчэ тое, якім дэфіцытам былі першыя поліэтыленавая пакеты. Сённяшняга ж пакупніка мала завабіць адным толькі якасным і недарагім таварам — яго яшчэ трэба добра "падаць". Пагадзіцеся, часам мы спакушаемся не на сам нейкі прадукт, а на яго яркую абгортку, ці аддаём перавагу той прадукцыі — сярод іншых аналагаў — якая вылучаецца афармленнем.

— Так, упакоўка павінна прыцягваць увагу, на ёй, напрыклад, павінен выразна чытацца тэрмін захоўвання прадукту. А яшчэ ўпакоўка павінна лёгка адкрывацца, але не настолькі, каб гэта здарылася ў руках пакупніка проста ў краме, — гаворыць менеджар мінскага выдавецтва "Друк-С", якое прапаноўвае ўвесь спектр паліграфічных паслуг, у тым ліку і выраб упакоўкі, Элеанора Лявонава. — А яшчэ трэба ведаць: танная ўпакоўка не можа быць добрай, таму адпаведнай якасці павінна быць і сыравіна. Мы працуем і з айчыннымі пастаўшчыкамі, і з замежнымі.

Калі ўпакоўка мае значэннеГэта, так бы мовіць, адзін бок медаля: выразнасць, дастатковая інфармацыйнасць упакоўкі. Аднак для многіх пакупнікоў гэты аспект не з'яўляецца вызначальным. Як вядома, поліэтылен не гніе, ён, выкінуты пасля выкарыстання, забруджвае прыроду. Таму тыя, хто заклапочаны экалагічным аспектам, аддаюць перавагу або тары з матэрыялаў, якія лёгка перапрацоўваюцца, або не наносяць шкоды навакольнаму асяроддзю: паперы, кардону. Менавіта пра такую ўпакоўку мы і гаварылі з Элеанорай на форуме "Свет упакоўкі", які распачаў сваю працу ў сталічным выставачным павільёне па праспекце Пераможцаў, 14.

Гэта ўжо 11-я па ліку міжнародная спецыялізаваная выстава. Сёлета ўдзел у ёй бяруць больш за 80 кампаній з Беларусі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Польшчы, Расіі і Украіны. На сваіх стэндах яны дэманструюць упаковачныя матэрыялы, сыравіну і абсталяванне для вытворчасці ўпакоўкі, гатовыя ўпаковачныя вырабы для прадуктаў харчавання, тавараў шырокага спажывання, матэрыялы для вырабу этыкетак і іншае.

Але, як бы большасць з нас ні была заклапочаная экалагічнымі праблемамі, і без сучасных матэрыялаў сёння абысціся нельга. Тым больш, калі...

— Нашы латкі пад запайку — герметычная пластыкавая ўпакоўка — для мясной прадукцыі, паўфабрыкатаў, свежай садавіны і гародніны, кулінарных, кандытарскіх вырабаў дазваляюць у пяць разоў павялічыць тэрмін захоўвання гэтых тавараў, — тлумачыць перавагі выстаўленых узораў спецыяліст аддзела маркетынгу айчыннай кампаніі "МаксіПак" Крысціна Вяршкова. — Гэты працэс адбываецца пад вакуумам. Сярод кліентаў нашай кампаніі мясакамбінаты, хлебазаводы, малаказаводы. У такога кшталту выставах мы ўдзельнічаем пастаянна, імкнёмся кожны раз прадставіць самы шырокі спектр упаковачных матэрыялаў.

Напрыклад, апошнім часам і сярод вытворцаў харчовых прадуктаў, і сярод цэхаў па вытворчасці паўфабрыкатаў, буйных крамаў набыла папулярнасць харчовая стрэйч-плёнка. Яе зручнасць ацанілі і пакупнікі: яна надзейна абараняе тавар, мае прэзентабельны выгляд і, што таксама мае значэнне, выкарыстанне такой плёнкі не адбіваецца істотна на цане ўпакаванай прадукцыі. А хто можа прыгадаць, як мы раней абыходзіліся без цяпер ужо звыклых латкоў з успененага палісціролу? Зараз у іх фасуюць і мяса, і субпрадукты, і сухафрукты, і кандытарскія вырабы і шмат яшчэ чаго іншага.

...Гісторыя выкарыстання гафрыраванага кардону налічвае больш за сто гадоў. Яго з'яўленне было звязана з неабходнасцю стварэння не проста ўпаковачнага матэрыялу, а матэрыялу, які б забяспечыў абарону тавару ад механічных уздзеянняў. Дарэчы, гэта адзін з самых эканамічных у вытворчасці відаў упакоўкі і вельмі кампактны пры захоўванні яго запасаў.

З 2001 года вытворчасцю трох- і пяціслойнага гафрыраванага кардону займаецца і вытворча-гандлёвае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства з Фаніпаля "Эдон-92". За гэты час па ўсёй краіне ў яго з'явілася больш за сто пастаянных кліентаў: вытворцаў і пастаўшчыкоў мэблі, бытавой тэхнікі, газавага абсталявання. Чым атрымалася прывабіць іх? У першую чаргу — якасцю. Да слова трэба сказаць, што звярнуцца на прадпрыемства можа не толькі які-небудзь вытворца, але нават любая фізічная асоба. Прыгадайце: кожны з нас хоць бы аднойчы пераязджаў з месца на месца, так? І як мы ўпакоўвалі рэчы? У тару, па прынцыпе, хто што знайшоў? Дык вось: гэта адзіная фірма, як распавялі нам намеснік дырэктара па вытворчасці Аксана Навета і начальнік вытворчасці Віталь Забора, што можа прыняць заказ нават ад прыватніка на выраб аднаго экзэмпляра ўпакоўкі. Вырабіць яе могуць прыкладна на працягу гадзіны. І даставіць туды, куды патрэбна. Бо, як мы зазначылі напачатку, без упакоўкі часам — не абысціся.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Беларусь провела «День без автомобиля»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика