У Гродне будуць судзіць бацькоў, якія патрабавалі беларускамоўны клас
Гродна, 2 верасня. Пікет пад вокнамі гарвыканкама. Фота www.svaboda.org |
Выкладчыка Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, прафесара Алеся Астроўскага, яго жонку Аксану і гродзенскага журналіста Уладзіміра Хільмановіча выклікалі ў суд паводле адміністрацыйнай справы. Разгляд справы адбудзецца ў судзе Ленінскага раёну 23 верасня а 10-й гадзіне, паведаміла Аксана Астроўская. Прафесара Астроўскага вінавацяць у арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага пікета, яго жонку і Хільмановіча — ва ўдзеле ў пікеце. 2 верасня гэтага году яны правялі пікет пад вокнамі гарвыканкаму з патрабаваннем стварыць у Гродне беларускамоўны клас. Па іх словах, гэта быў вымушаны крок. Пікетоўцаў прынялі ў гарвыканкаме і паабяцалі паспрыяць. А пасля гэтага іх усіх затрымалі міліцыянты і адвезлі ў пастарунак.
Адчайны крок Астроўскіх і Хільмановіча меў і пазітыўныя наступствы. Дачка Астроўскіх будзе вучыцца па-беларуску. Большасць прадметаў ёй будуць выкладаць на роднай мове індывідуальна, рэшту — па-расійску і разам з іншымі дзецьмі.
Глядзі яшчэ:
«Ненавідзім беларускую мову!»
Сямён Печанко