23 верасня — дзень восеньскага раўнадзенства

Источник материала:  

Заўтра Сонца ў чарговы раз перасячэ нябесны экватар і пяройдзе з паўночнага паўшар'я нябеснай сферы ў паўднёвае. У паўднёвым паўшар'і нашай планеты наступіць астранамічная вясна, у паўночным — восень, якая будзе цягнуцца да зімовага сонцастаяння (22 снежня). 23 верасня працягласць дня і ночы на ўсёй Зямлі будзе аднолькавай — 12 гадзін. Аднак з-за рэфракцыі, якая як бы "прыўзнімае" Сонца над гарызонтам, светлавы дзень будзе доўжыцца крыху больш.

Беларусы, як і іншыя ўсходнія славяне, здаўна лічылі дзень восеньскага раўнадзенства святам і адзначалі яго пірагамі з капустай, брусніцамі і мясам, а таксама народнымі гуляннямі. У гэты дзень рабінавыя гронкі разам з лісцем устаўлялі вечарам паміж аконнымі рамамі, бо лічылася, што, пачынаючы з дня восеньскага раўнадзенства, сонца пачынае слабець, а рабіна будзе ахоўваць хату ад сілаў цемры.

У Японіі дзень восеньскага раўнадзенства з 1878 года з'яўляецца афіцыйным святам і адзначаецца старажытнымі абрадамі будыйскага свята Хіган. Сем'і ідуць пакланіцца магілам сваіх продкаў, аказваюць ім неабходныя рытуальныя ўшанаванні.

У Мексіцы ў гэты дзень турысты імкнуцца наведаць знакамітую піраміду Кукулькан (на мове мая — "птушыны змей") у старажытным горадзе Чычэн-Іца. Піраміда арыентавана адносна Сонца такім чынам, што менавіта ў дні веснавога і восеньскага раўнадзенства яго промні праецыруюць цені платформаў на край галоўнай лесвіцы ў выглядзе контураў змея.

Падрыхтавала Інга МІНДАЛЁВА.

←Белорусские парламентарии отличились в настольном теннисе и шахматах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика