Нядзеля

Источник материала:  

У навуковай літаратуры існуюць два супрацьлеглыя пункты гледжання на месца нядзелі ў традыцыйнай сістэме тыднёвага ўпарадкавання і злічэння часу. Прыхільнікі адной версіі лічаць, што нядзеля была першым днём, ад якога пачынаўся адлік часу на новым тыдні. Паслядоўнікі другога сцвярджаюць, што нядзеля ў сярэднявечных календарах лічылася апошнім днём тыдня.

 Пасля распаўсюджання хрысціянства нядзеля стала не першым і не апошнім, а ключавым, рытуальна маркіраваным днём тыдня. Гэты дзень быў па-за кантэкстам працы чалавека. Ён лічыўся часам для дыялогу з Космасам, Богам, і яго нельга было прыніжаць паўсядзённымі заняткамі. Выключнасць нядзелі даказвае той факт, што ў час святкавання Вялікадня забаранялася нават запальваць агонь у печы.

 Наданне нядзелі статуса выключнасці знайшло адлюстраванне ў культуры славянскіх народаў. Гэты дзень быў асноўным у структуры вясельнага абраду. З яго пачыналася новая старонка ў жыцці маладых людзей. Жанчыны, нарадзіўшыя дзіця, імкнуліся прымеркаваць час першага выхаду з нованароджаным з хаты ў невядомы свет менавіта да нядзелі. Выключны статус святасці нядзелі паўплываў і на забарону правядзення лячэбных сеансаў у гэты дзень.

 У нядзелю нельга працаваць, выносіць смецце і попел з печы; у нядзелю не выпякалі хлеб (лепш сядзець увогуле без хлеба, чым парушыць гэта правіла). У першую нядзелю верасня, раніцай, каб засцерагчы сваю гаспадарку ад пажараў, чыталі спецыяльную замову: "Аганёк, аганёк ад Госпада Бога, ды не дай табе Бог раскошы ні гарэць, ні ўзгарацца, вадой разлівацца. І дай табе Бог так гарэць, як Гасподняй свячэ. Табе, хароміна, дагараць, а ты, аганёк, лажыся спаць. Прыкрыў аганёк Мікіта, Лука, трэцяя рука".

 У гадавым колазвароце асаблівым статусам былі пазначаны наступныя святочныя нядзелі: Масляныя загвяны, Прашчоная, Сырапусная нядзеля (нядзеля на 9-м тыдні напярэдадні Вялікадня), Збор, Ізбор, Зборніца (нядзеля на 7-м тыдні напярэдадні Вялікадня); апошняя нядзеля перад святкаваннем Вялікадня атрымала назву Вербная нядзеля, Вербніца, Вербіца, Вярбіч, Вярба. Адно з самых галоўных святаў хрысціянства — Уваскрэсенне Ісуса Хрыста — святкуецца толькі ў нядзелю; у нядзелю на наступным тыдні святкавалі Антыпасху, Фаміну нядзелю, Красную горку, Ярылавіцу, Праводы; нядзеля 3-га пасля Вялікадня тыдня атрымала назву Міраносцы, або Бабскае свята; нядзеля 7-га тыдня пасля Вялікадня — Тройца, Пяцідзясятніца, Сёмуха, Клечанне, Пятроўскія запускі; Русальчыны розыгры — нядзеля 8-га тыдня пасля Вялікадня.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Белорусские парламентарии отличились в настольном теннисе и шахматах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика