"Чаму ў Барысаве эканомяць на ветэранах?"

Источник материала:  

Такім пытаннем пачынаецца ліст, які прыйшоў у рэдакцыю "Звязды" ад удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, інваліда 2 групы Віктара Емяльянавіча АСТАШКА з Барысава.

"Я жыву ў мікрараёне Лядзішчы, у доме № 31 па вуліцы Дняпроўскай. Ніколі не думаў, што прыйдзе час, калі мясцовыя чыноўнікі і службы ЖКГ будуць эканоміць грошы на ветэранах, і не толькі эканоміць, але і забіраць у іх.

Пасля чарговага касога дажджу я сяджу на кухні на кукішках з анучай і тазікам — збіраю ваду, якая цячэ па сценах. Удвая крыўдна, што гэта адбываецца пасля рамонту кватэры, якую адрамантавалі да свята зусім не за кошт гарадскога бюджэту. А да гэтага моманту дажджом замкнула электрашчыт у пад'ездзе, і ў мяне знікла электрычнасць. Усё гэта адбываецца з-за "эканоміі" на рамонце даху і стыкаў сценавых панэляў. Рамонт даху рабілі капітальны толькі на паперы, а насамрэч атрымаўся "цякучы" (працякаючы) — з іржавым старым парапетам, прыбітым іржавымі цвікамі проста ў бетон... Міжпанэльныя швы замазалі толькі з фасада дома, таму з супрацьлеглага боку цячэ не толькі ў мяне, але і ў іншых жыльцоў дома.

Па прызнанні камунальных службаў, з жыльцоў дома за чатыры гады незаконна ўтрымалі за ацяпленне больш за шэсць мільёнаў рублёў, і калі дадаць сюды яшчэ і "эканомію" на рамонце даху, атрымаецца сума, па якой трэба шукаць артыкул у Крымінальным кодэксе. І куды толькі не звярталіся жыльцы, але аб'ектыўныя праверкі абходзяць Барысаў бокам.

...Перажылі вайну і хочацца дастойна дажыць у мірны час. І калі б былі адпаведны клопат і адносіны да нас з боку мясцовых чыноўнікаў, жыць было б значна лягчэй, тым больш мы гэта заслужылі."

Віктар Емяльянавіч, як высветлілася пазней, папярэдзіў суседзяў пра мой прыезд. У адзінаццаць гадзін перад пад'ездам сабраліся пенсіянеры і кожны пачаў расказваць пра свае балячкі: у каго балкон у аварыйным стане, у каго з гарачай вадой праблемы, у каго ў пад'ездзе на працягу двух гадоў (!) стаяць вёдры на выпадак дажджу... Усё Наталля Скуратовіч, начальнік ЖЭА-3, якая таксама знайшла час, каб сустрэцца з жыльцамі, узяла на аловак і паабяцала прыслаць людзей і разабрацца.

"Чаму ў Барысаве эканомяць на ветэранах?"Карэспандэнт "Звязды" накіравалася ў госці да Віктара Емяльянавіча. За кубачкам гарбаты ветэран у чарговы раз, але ўжо больш эмацыйна, чым у лісце, распавёў сваю "мокрую" гісторыю...

— Першы раз кухню, ванну і прыбіральню заліло летась, у жніўні. Усё — і столь, і сцены скрозь — было чорнае. Напісаў заяву — прыйшла жанчына, паглядзела на мой "патоп" і паабяцала прыслаць людзей. Праз колькі дзён я паехаў у Бараўляны ў шпіталь. Вяртаюся — нічога не зроблена. Толькі ў лістападзе прыслалі хлопца, які на люльцы збольшага памахаў памазком. Я спытаў: "Сынок, а хто будзе бяліць столь і сцены?" Ён толькі паціснуў плячыма.

Вясной, паводле слоў Віктара Емяльянавіча, "патоп" паўтарыўся. Па заяве прыехалі тры спецыялісты, убачылі лужыну пасярод кухні і сказалі, што трэба прымаць меры. Пакуль яны думалі, Чарняўскі Мікалай Мікалаевіч — дырэктар "Бытсервісу", дзе я прарабіў 20 гадоў, — даведаўшыся пра маю бяду, прыслаў прараба, які ў лічаныя дні прывёў у парадак мне ванну, прыбіральню і кухню. З мяне ні капейкі не ўзялі. Вось гэта адносіны да ветэрана, дай Бог кожнаму б так!

Апошні раз касы дождж даў пра сябе знаць у пачатку верасня. Ва УП "Жыллё" сцвярджаюць, што ў сераду (8 верасня) прыязджалі спецыялісты і паўторна замазалі швы. Але Віктар Емяльянавіч толькі паціскае плячыма.

— Не ведаю, я і ў сераду, і ў чацвер быў дома, нікога не бачыў... Са страхам чакаю чарговага дажджу. Што мне рабіць, калі зноў затопіць?.. Ведаеце, я б і не пісаў у газету, калі б не словы намесніка дырэктара УП "Жыллё" (маўляў, атрымаў дапамогу напярэдадні Дня Перамогі, няхай на гэтыя грошы і робіць рамонт). Я тады не вытрымаў і напісаў у газету. Кожны ж месяц плачу 14 тысяч за капітальны рамонт. А што мне зрабілі? Няякасны капітальны рамонт...

Неўзабаве размова плаўна перацякла ў крыху іншае, але не менш важнае, рэчышча.

— Я з 1932-га па 1940 год жыў у дзетдоме, — кажа Віктар Емяльянавіч. — Як зараз памятаю, за кожным класам былі замацаваныя старыя, якія прымалі ўдзел у Кастрычніцкай рэвалюцыі. Зараз нас у Лядзішчах засталося 10 ветэранаў. Школа ў двух кроках знаходзіцца, але там пра нас узгадалі толькі на Дзень Перамогі. А раней, памятаю, мяне запрашалі выступіць перад вучнямі па некалькі разоў на год...

— Можна дзесяць чалавек клопатам акружыць, — не вытрымаў Уладзімір Ціханаў, сусед Віктара Емяльянавіча. — Не трэба штодзень. Але хоць бы раз на месяц патэлефанаваць, спытацца, мо трэба дапамога. Усялякае можа стацца. Напрыклад, як зараз: затапіла, а нікому і справы няма.

— Усё залежыць ад таго, як паставіць пытанне кіраўнік, — лічыць Віктар Емяльянавіч. Са мной у шпіталі ляжаў чалавек з Нясвіжа. Дык ён расказваў, што іх старшыня райвыканкама, калі прыязджае ў калгас, то не праміне аб'ездзіць усе палі. Яго ў раёне ўсе ведаюць...

— Вось і сёння хоць бы адзін чалавек з адміністрацыі прыехаў, — дадае Уладзімір Ціханаў.

— Як той казаў плюй на ўсё — беражы здароўе, — уздыхнуў Віктар Емяльянавіч і, падзякаваўшы за тое, што не праігнаравалі яго ліст, праводзіў мяне да дзвярэй.

Каментары!

1. Віктар САКОВІЧ, намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў па Барысаўскай Лядзішчанскай акрузе: "Газета ж не прыедзе бяліць столь..."

— Больш за 70 працэнтаў зваротаў, якія паступаюць ад жыльцоў мікрараёна Лядзішчы, тычацца жыллёва-камунальных пытанняў. І гэта зразумела, бо дамы, перададзеныя ў камунальную ўласнасць Міністэрствам абароны, сапраўды, патрабуюць сур'ёзных грашовых укладанняў. Для зняцця сацыяльнай напружанасці ў гэтым рэгіёне, па папярэдніх падліках, неабходна правесці рамонтныя работы на суму больш як 25 мільярдаў рублёў (!). У адзін момант, па зразумелых прычынах, адрамантаваць увесь фонд мы не маем магчымасці. Таму праводзім капітальны і бягучы рамонт паступова, у першую чаргу там, дзе ён найбольш неабходны. Жыльцам дома, дзе пражывае ветэран, я б сказаў, вельмі пашанцавала. Каму-каму, але не ім бы скардзіцца. Там адрамантавалі дах, пад'езды, адмосткі, прыступкі ўваходных груп, замазалі міжпанэльныя стыкі... Ніхто не адмаўляе, што ў працэсе эксплуатацыі могуць выяўляцца нейкія хібы, пра якіх кожны жылец мае права заявіць. Калі будзе ўстаноўлена наша віна, то ўсе недаробкі адназначна будуць ліквідаваныя. Гэта звычайная практыка, і нічога тут новага няма. Што тычыцца нашага ветэрана, то ён асабіста да мяне са сваёй праблемай не звяртаўся. Я не ведаў, што яго затапіла. Не каб прыйсці на прыём, дык ён у газету піша. Не разумею. Газета ж не прыедзе бяліць столь...

2. Таццяна БУЦЕНАС, начальнік упраўлення капітальнага і бягучага рамонту і арэндных адносінаў Барысаўскага ўнітарнага прадпрыемства "Жыллё": "Будзе тэхзаключэнне — зробім уцяпленне фасаду"

— У доме 31, што на вуліцы Дняпроўскай, у маі гэтага года зрабілі рамонт міжпанэльных стыкаў на суму 10,4 млн рублёў. Жыльцы, здаецца, задаволеныя, вось толькі ў кватэру Віктара Емяльянавіча Асташкі вада працягвае прасочвацца нават пасля рамонту. На днях мы накіравалі рамонтную арганізацыю "Буд-вест", каб яна паўторна прамазала швы, але ўжо масцікай іншай маркі. Дало гэта эфект ці не — пакажуць дажджы. У крайнім выпадку дачакаемся мінусавай тэмпературы і запросім спецыяльную арганізацыю для правядзення абследавання на цеплаправоднасць сцен. Калі будзе адпаведнае тэхзаключэнне, то на наступны год унясём кватэру ветэрана ў спіс на цякучы рамонт па ўцяпленні.

Акрамя таго, у гэтым доме ў 2005 годзе зрабілі капітальны рамонт даху на суму 29 мільёнаў рублёў, сёлета ў ліпені часткова тынкавалі вентканалы (на суму 1,2 мільёна рублёў). Да нас звярнуліся жыльцы са скаргай, што падчас дажджу ў іх падцякаюць пад'езды і асобныя кватэры. Як высветлілася, прычына ў дзвюх варонках на даху, якія трэснулі. На днях мы задаволім заяву жыльцоў і памяняем гэтыя варонкі. Але патрабаванні жыльцоў не заўсёды рэальныя. Адзін жыхар гэтага дома на днях мне заявіў, што ён перастане скардзіцца, толькі калі мы зробім цынкавыя парапеты. Зрабіце і ўсё. Яго не хвалюе, дзе браць на гэта грошы і што ў жыхароў іншых дамоў маюцца больш сур'ёзныя праблемы...

3. Ірына ЧЫКАНКОВА, галоўны інжынер УП "Жыллё": "Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі не мае да нас прэтэнзій"

— Даўным-даўно, калі яшчэ ўстанаўліваліся прыборы ўліку сістэмы ацяплення, да шматкватэрнага дома №31 памылкова падключылі чатыры дамкі, якія размяшчаюцца насупраць. Памылку выявілі і знялі тыя прыборы ўліку. У гэты ж перыяд — 2008 год — Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі былі ўнесены змены ў інструкцыю аб аплаце за ацяпленне. Згодна з новым правілам, прыбор уліку, якія стаіць на групу дамоў, не з'яўляецца камерцыйным. У сувязі з гэтым мы зрабілі пераразлікі жыльцам ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам не па прыборы ўліку, а па нарматывах. Вярнулі ім грошы, але асобныя жыльцы працягваюць абвінавачваць нас у крадзяжы, нават пасля шматлікіх праверак, якія прыязджалі да нас па іх скаргах. Вы ж самі падумайце, Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі не мае да нас прэтэнзій, а жыльцы маюць...

...

Перад тым, як здаваць публікацыю ў друк, я паўторна размаўляла па тэлефоне з работнікамі УП "Жыллё" і суседам Віктара Емяльянавіча Уладзімірам Ціханавым.

"Усё, што напісана ў лісце, няпраўда. На месца выязджаем па першым званку. Проста гэта дом праблемны і жыльцы на публікацыі ў газеце не спыняцца. Што тычыцца ацынкоўкі, то яна была нармальная, але капітальны рамонт даху рабілі пяць гадоў таму. Дождж, снег, зразумела, аказалі на яе ўздзеянне. Зараз мы не бачым сэнсу яе мяняць. Мы клапоцімся, наколькі нам гэта дазваляюць сродкі, пра ўсіх жыльцоў, у тым ліку і пра ветэранаў. Дзве варонкі на даху, як і абяцалі, памянялі. Зараз ідуць работы па цеплаізаляцыі трубаправодаў."

Сусед жа папрасіў: "Толькі, калі можна, не згладжвайце вострых рагоў. Няхай адміністрацыя кажа, што мы ўсё прыдумляем. Але мы за сваё будзем змагацца да канца. Калі тут праўды не даб'ёмся, дык паедзем з Віктарам Емяльянавічам шукаць яе ў Мінск..."

Надзея ДРЫЛА, фота аўтара.

←Белорусские парламентарии отличились в настольном теннисе и шахматах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика