ГОНКА ЗАЎСЁДЫ ТОІЦЬ ІНТРЫГУ, АЛЕ ФАВАРЫТ ВІДАВОЧНЫ

Источник материала:  

Замежныя эксперты скептычна ацэньваюць шанцы беларускай апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах

Перадвыбарная прэзідэнцкая гонка, што стартавала ў Беларусі, выклікала ўсплёск журналісцкай актыўнасці дзякуючы ўсім вядомым акалічнасцям, звязаным з ёй. Але сур'ёзныя эксперты не чакаюць ад яе сенсацый. Замежныя аналітыкі адзначаюць, што пазіцыі дзейнага Прэзідэнта Беларусі з'яўляюцца трывалымі, чаго не скажаш аб іншых патэнцыяльных прэтэндэнтах, і няма падстаў меркаваць, што сітуацыя да дня галасавання неяк сур'ёзна зменіцца.

Назначаныя парламентам на 19 снежня 2010 года выбары некаторыя расійскія СМІ паспяшаліся вызначыць як "датэрміновыя", што абсалютна не адпавядае рэчаіснасці і проста прызначана прыправіць журналісцкія матэрыялы сенсацыяй і ажыятажам. Па Канстытуцыі выбары павінны былі адбыцца не пазней як 6 лютага 2010 года — так яно і будзе. З некалькіх магчымых варыянтаў даты была выбрана тая, што зручная насельніцтву: да пачатку шэрагу святаў, канікулаў, студэнцкай сесіі, лютых маразоў і звязаных з гэтым захворванняў.

Спробы адшукаць у гэтым выбары нейкі тайны сэнс — пустая трата часу. З палітычнага пункту гледжання не мае значэння, адбудзецца галасаванне да Новага года або пасля яго. Цана на расійскі газ, якую спрабуюць увязаць з тэмай выбараў некаторыя СМІ, пасля 1 студзеня рэвалюцыйна не зменіцца, паколькі вызначаецца кантрактам, тэрмін дзеяння якога заканчваецца толькі да 2012 года. "Кантракты па газу паміж "Газпрамам" і "Белтрансгазам" падпісаны ў 2007 годзе на пяцігадовы перыяд, уключаючы 2011 год", — растлумачыў журналістам пасол РФ у Мінску Аляксандр Сурыкаў.

Калі навагодні газавы канфлікт у Расіі і ўзнікне, то, хутчэй за ўсё, не з Беларуссю. Ён можа быць, напрыклад, з Украінай, калі ўрад Мікалая Азарава зробіць рашучыя крокі па пераглядзе кантрактаў з "Газпрамам", якія ён лічыць вельмі нявыгаднымі для Кіева. Праблемы могуць быць з Польшчай, дзе цяпер з-за пазіцыі Еўракамісіі заблакавана падпісанне новага пагаднення з Расіяй па пастаўках газу. Або з Літвой, якая збіраецца рэарганізаваць сваю газавую галіну без аглядкі на пазіцыю Масквы.

Падлікі колькасці тыдняў, якія застаюцца ў тым ці іншым выпадку на раскрутку прэтэндэнтаў, таксама не выклікаюць нічога, акрамя ўсмешкі. Няўжо нехта сур'ёзна лічыць, што лішнія тры-чатыры тыдні інфармацыйнай кампаніі могуць змяніць перавагі выбаршчыкаў? Беларускі выбаршчык гадамі фарміруе сваё стаўленне да таго ці іншага палітыка, таму патэнцыяльным кандыдатам трэба было паклапаціцца аб рабоце з электаратам некалькі гадоў таму, а не месяцаў або тыдняў. За перадвыбарныя дні нельга змяніць ні сваю біяграфію, ні пералік асабістых дасягненняў і заслуг перад людзьмі — а менавіта на гэтыя фактары беларускі электарат арыентуецца больш, чым на прыгожыя словы і яркія агітацыйныя матэрыялы.

Ды і чаго граху таіць, праекты па сваёй раскрутцы многія прэтэндэнты запусцілі задоўга да фармальнага пачатку выбарчай кампаніі. Адзін з іх яшчэ зімой на прэзентацыях пачаў рабіць намёкі, што нейкія "сур'ёзныя людзі" прапануюць яму ісці ў прэзідэнты. Іншы заявіў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях у пачатку сакавіка ў эфіры польскага тэлеканала. Таму іх перадвыбарная агітацыя стартавала ўжо даўно, і на недахоп часу скардзіцца не даводзіцца.

Між іншым, беларускую апазіцыю, калі меркаваць па размовах яе прадстаўнікоў, больш турбуе бюджэт выбарчай кампаніі, чым яе вынік (у якім яны і самі ў глыбіні душы не сумняваюцца). "У нас няма сродкаў, каб процістаяць выбарчай машыне А. Лукашэнкі", — скардзіцца Саннікаў, які заявіў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях. "Для правядзення сапраўднай паўнацэннай кампаніі з прыцэлам перамагчы патрэбны каля 20 мільёнаў долараў", — паўтарае іншы прэтэндэнт Някляеў, які нядаўна прызнаўся, што грошы на выбарчую кампанію атрымаў ад нейкіх замежных бізнэсменаў.

Менавіта таму замежныя эксперты, якіх з улікам іх заяў апошнія гады ніяк не западозрыш у сімпатыях да Аляксандра Лукашэнкі, катэгарычныя ў сваіх ацэнках: у беларускай апазіцыі няма шанцаў перамагчы на гэтых выбарах.

"Шанцаў у апазіцыі на выбарах няма", — лічыць намеснік дырэктара Інстытута краін СНД (Масква) Уладзімір Жарыхін. Ёй няма чаго прапанаваць акрамя крытыкі дзейнага прэзідэнта. "Як толькі справа даходзіць да праграмы — агульныя словы аб еўрапейскім выбары Беларусі пры захаванні добрых адносінаў з Расіяй", — адзначае эксперт.

Лукашэнка карыстаецца вынікамі сваёй папярэдняй палітыкі ў сацыяльнай сферы, і гэта ўмацоўвае яго пазіцыі, лічыць гендырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра па вывучэнні грамадска-палітычных працэсаў на постсавецкай прасторы МДУ Аляксей Уласаў.

"На гэты момант перавага Лукашэнкі значная, рэйтынг у яго ёсць, таму шанцы Лукашэнкі на перавыбранне дастаткова высокія", — прагназуе дырэктар Міжнароднага інстытута палітычнай экспертызы Яўген Мінчанка.

"У беларускага Прэзідэнта па-ранейшаму няма ніводнага больш або менш сур'ёзнага суперніка, — прызнае галоўны рэдактар часопіса "Россия в глобальной политике" Фёдар Лук'янаў. — Лукашэнка пойдзе на выбары, каб выйграць, і пакуль няма прычын, якія маглі б яму перашкодзіць".

Усе свае надзеі беларуская апазіцыя будуе на непрызнанні вынікаў выбараў за мяжой і спробе аспрэчыць іх шляхам вулічных беспарадкаў. Але нават калі вынесці за дужкі той факт, што беларусы не маюць патрэбу ў адабрэнні або неадабрэнні іх рашэнняў з-за мяжы, у Беларусі хапае сяброў па ўсім свеце, каб не дапусціць спекуляцый на гэту тэму ў ААН, і дастаткова магчымасцяў для падтрымання грамадскага парадку ў краіне. Тут дарэчы ўспомніць і аб стратэгічным партнёрстве Беларусі і Кітая (куды Прэзідэнт адправіцца з афіцыйным візітам у кастрычніку), і аб аўтарытэце нашай краіны ў Руху недалучэння (які аб'ядноўвае ў сваіх радах дзве трэці дзяржаў — членаў ААН). Невыпадкова Беларусь выбрана намеснікам старшыні Генеральнай асамблеі ААН — гэта таксама індыкатар трываласці нашых міжнародных пазіцый.

Спакуса рашуча ўмяшацца ў сітуацыю для геапалітычных ігракоў існуе толькі ў тым выпадку, калі сілы бакоў у канфлікце прыблізна роўныя. Калі ж рэйтынгі канкурэнтаў адрозніваюцца ў дзясяткі разоў — такія мары набываюць адценне старога анекдота: "Рабіновіча выключылі з партыі. Ён кладзецца спаць і бачыць сон, што па Маскве едуць амерыканскія танкі, над Крамлём развіваецца зорна-паласаты флаг, а з Крамля марпехі валакуць Брэжнева, які ўпіраецца. І суровы амерыканскі генерал строга гаворыць яму: "Неадкладна аднавіць Рабіновіча ў партыі!.."

Аляксей МАЦЭВІЛА, БЕЛТА.

←Белорусские парламентарии отличились в настольном теннисе и шахматах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика