Лось пагуляў па Мінску!

Источник материала:  

У Мінску, у мікрараёне Сухарава, днямі бачылі лася. Адпаведнае відэа з'явілася ў інтэрнэце. Аматарскія здымкі захавалі кадры таго, як лось блукае побач з аўтадарогай.

Адкуль у Мінску з'явілася гэтая жывёла, "Звязда" паспрабавала высветліць у Мінаблінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Дзяржінспектар Дзмітрый Тарайкоўскі растлумачыў: "Прыблізна з 20 жніўня па 20 лістапада ў ласёў — перыяд спарвання, ці гону. У гэты час жывёлы вельмі ўзбуджаныя, схільныя да міграцыі. Яны шукаюць новыя месцы для харчавання. А шлях гэтай міграцыі ляжыць якраз праз тэрыторыю Мінска і Мінскай вобласці". Дарэчы, гэта далёка не першы выпадак, калі такая жывёліна прыблукала на сталічныя вуліцы. Летась адно такое наведванне скончылася для лася трагічна: рагатага падарожніка проста ў цэнтры горада збіў аўтамабіль; яшчэ адзін лось прабіў вітрыну магазіна і добра-такі напракудзіў у салоне.

Яшчэ адна цікавая навіна прыйшла ў гэтай сувязі з Віцебшчыны: там каза, нейкім чынам сарваўшыся з прывязі, забралася ў тамбур дызель-цягніка Орша—Віцебск і некалькі дзясяткаў кіламетраў падарожнічала "зайцам", ажно да самой культурнай сталіцы Беларусі. Там гэтай "асобай" заняліся міліцыянеры. Было высветлена, што жывёліна належыць пенсіянеру, які не змог усачыць за ёю. Казу, якая, дарэчы, паводзіла сябе вельмі ціха, вярнулі гаспадару.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

←Белорусские парламентарии отличились в настольном теннисе и шахматах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика