Грыбоў шмат, атручэнняў таксама
19 чалавек з пачатку гэтага года атруціліся грыбамі ў Брэсцкай вобласці. Як паведаміла намеснік галоўнага ўрача абласнога Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Таццяна КОРЧЫК, найбольш выпадкаў атручэнняў прыпадае на ўжыванне так званых умоўна-ядомых грыбоў. Так, у канцы жніўня сапраўднае гора прыйшло ў сям'ю жыхароў адной з вёсак Баранавіцкага раёна. Вяскоўцы назбіралі грыбоў парасонікаў, гаспадыня абдала іх варам і падсмажыла. Праз дзень тры чалавекі трапілі ў бальніцу. Дваіх удалося выратаваць, а 84-гадовая бабуля памерла. Таццяна Корчык яшчэ раз напомніла ўсім чытачам, што нельга браць невядомыя грыбы, нельга іх купляць у выпадковых людзей, бо невядома, дзе яны былі сабраныя. Атручэнне можа наступіць нават ад баравікоў, калі яны выраслі ў двух кроках ад буйной прамысловай зоны. Каб пазбегнуць атручэння, трэба адварваць грыбы двойчы, а ваду зліваць.
Яна СВЕТАВА.