Куфар з палескім скарбам

Источник материала:  
Куфар з палескім скарбам

Пранесеныя праз стагоддзі сакрэты бортніцтва, лоўлі рыбы і варкі медавухі раскрыў першы адкрыты фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” ў Ляскавічах.

Пад’язджаючы да вёскі, бачу — мясцовая паляшучка мые на беразе Прыпяці бялізну, палошча яе ў хвалях ракі. Чаўны, здалёку — маленькія сподачкі, прывязаныя да дрэва, чакаюць гаспадароў-рыбакоў. А на плоце ля драўлянай хаты вісяць, грэюць пад сонцам бакі гліняныя гаршчкі. Усё тут нацэлена на тое, каб у палескіх Ляскавічах праводзіць фестываль этнакультурных традыцый. Ідэя правесці фестываль традыцыйнай культуры на Палессі ўзнікла ў Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі падчас наведвання Прыпяцкага рэгіёну. Ён ініцыяваў Дзяржаўную праграму па развіцці Прыпяцкага Палесся на 2010—2015 гг. Правядзенне фестывалю — адзін з пунктаў гэтага дакумента.

Адкрываючы “Кліч Палесся”, прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі ўдакладніў, што Праграма прадугледжвае каля 3,8 трыльёна рублёў інвестыцый у розныя праекты. У выніку прамысловая і сельскагаспадарчая прамысловасць павялічыцца ў 1,8 раза, а жыццё мясцовага насельніцтва выведзецца на новы ўзровень. Фестываль павінен паўплываць на ажыццяўленне гэтых планаў, падкрэсліць самабытнасць і ўнікальнасць рэгіёну ў культурных і этнічных адносінах. Як расказаў старшыня аргкамітэта фестываля “Кліч Палесся” намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Іван Бамбіза, у правядзенні фестывалю ёсць і своеасаблівая меркантыльная мэта — прыцягнуць інвестараў для развіцця гэтага кавалачка Палесся, а яшчэ — турыстаў. Этнакультурны фэст можна лёгка сумясціць з турыстычным накірункам. Ужо на першы фестываль былі запрошаны 29 турфірм з Мінска, Брэста і Гомеля — для закладкі новай турыстычнай сцежкі.

І мёд у калодах...

З чым можна параўнаць Ляскавічы ў дні фестывалю? Хіба з вялікім куфарам, які адкрываеш — а там... песні, прыпеўкі, народныя абрады, сакавітая палеская мова, вышываныя і тканыя ўборы, вырабы з лазы і дрэва, духмяныя дранікі і засмажанае парася, мочаныя яблыкі з бочкі і мёд у калодах... Усяго і не пералічыць. Было чым паласавацца і што паглядзець і маладому, і старому.Шпарка, хоць і трымаючыся за ўнучку, убраную ў нацыянальны строй, ля галоўнай сцэны ішла бабуля. Дзіўна: у  такім узросце і на фэст прыйшла! Як аказалася, 90-гадовая Алена Гаўрылаўна — маці Сцяпана і Мікалая Бамбізаў, дырэктараў Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” і Белавежскай пушчы адпаведна.— Выдатны фестываль, — радуецца Алена Гаўрылаўна. — Успомніла маладосць: як ткала, вышывала, а за працай спявала народныя песні. У палешукоў — моцныя традыцыі.— Нацыянальны парк — унікальны прыродны комплекс, які складаецца з ракі Прыпяць, яе поймы з лясамі, — кажа Сцяпан Бамбіза. — Такую прыгажосць, здаецца, не знойдзеш больш у Еўропе. Зразумела, гэта тэрыторыя мае і будзе мець вялікае значэнне не толькі ў захаванні прыроды, але і яе развіцці, паказе людзям месца, адкуль яны выйшлі.

Палескія рарытэты

Прагульваючыся па падворках, прадстаўленых на фестывалі сямю палескімі раёнамі Гомельшчыны і трыма Брэстчыны, можна было столькі цікавых рэчаў знайсці, як у бабулі на гарышчы.Напрыклад, скульптуры, высечаныя адной сякерай. Майстар такой справы  Іван Супрунчык паходзіць з вёскі Цярэблічы Столінскага раёна. Усе сцены ў дзяцінстве вуглём былі абмаляваныя: так хацеў быць мастаком. Потым і за сякеру ўзяўся — выразаў скульптуры ўсіх 16 родаў, якія некалі жылі ў яго вёсцы. Вучыць свайму спосабу разьбярства Супрунчык ездзіць нават у Польшчу. А які з яго выдатны гісторык! Стварыў у роднай вёсцы этнаграфічны музей. Прэзідэнт Беларусі быў там на экскурсіі год таму. Так натхніўся творчасцю майстра, што нават падарунак даслаў —  сякеру.— Гэтай калодзе не менш за 250 гадоў, — паказвае мне на вялікае бервяно з адтулінай пчалавод з 24-гадовым стажам Анатолій Глушко. — Гэта галоўны атрыбут у бортніцтве — старажытным рамясле беларусаў. Калода высока падымалася на дрэва, дзе працавалі пчолы. Затым бортнік падстаўляў астрогу — палку з сукамі, узбіраўся на дрэва і забіраў мёд. Сёння мала знойдзеш людзей, што займаюцца бортніцтвам: вельмі цяжкі занятак.

Дыплом для парасяці

— Гэй, пачакай. А зараз цягні, ну! — толькі і чуваць з возера Ляскавіч.Тут для гасцей фестывалю арганізавалі конкурс рыбалкі. Дзесяць аматараў з вудачкамі разыходзяцца па беразе возера. Даецца гадзіна на тое, каб налавіць карпаў: іх тут спецыяльна разводзяць. Намінацыі тры: за самага вялікага, за найбольшую колькасць і за “лысага” — так тут называюць люстранога карпа. За ўдзельнікамі пільна сочыць куратар Аляксандр Туруцін, рыбак з дзяцінства.— У мяне і бацька, і дзед лавілі рыбу, — расказвае Туруцін. — Яны і навучылі прамудрасцям рыбалкі. Напрыклад, рыба не клюе ў маладзік і не любіць нізкага паветранага ціску.Іду далей. Фальклорныя песні дзесьці ўдалечыні перапыняе гук... бензапілы. Новае спаборніцтва, ужо сярод рабочых лясной гаспадаркі. — Сярод задач удзельнікаў — дакладны распіл бервяна, колка дроў, мантаж-дэмантаж пілы, нешта падобнае да збору аўтамата, — расказвае дырэктар ЭЛОХ “Ляскавічы” Васіль Лахвіч. — Камандзе-пераможцы — бензапіла коштам 13 мільёнаў!Своеасаблівыя спаборніцтвы былі і паміж палескімі раёнамі. Лепшым прызнаны падворак Жыткавіцкага раёна; лепшай нацыянальнай стравай — аўцюкоўскае парася, фаршыраванае блінамі, Калінкавіцкага райпо. Пераможцы атрымалі дыплом і прызы і ад “Народнай газеты”.— Вельмі прыемна, што прэса столькі ўвагі надае падобным фестывалям, — на радасцях расказвае Святлана Парамонава з Калінкавіцкага райпо. — Было цяжка рыхтавацца да свята, начамі не спалі. Вывучалі старажытныя рэцэпты — каб быць у “традыцыйнай” тэме.Як запэўнілі арганізатары фестывалю, “Кліч Палесся” абавязкова стане традыцыйным. Будзе праводзіцца штогод. Магчыма, прапіска зменіцца: на Палессі столькі багатых мясцін. А можа, замацуецца за Ляскавічамі, як “Славянскі базар” — за Віцебскам.

Рэцэпт

ад Калінкавіцкага райпо “Парсючок — засмажаны бачок”

Парася маладое (што не слухала гаспадыню), якое вырасла, морква — 4 шт., цыбуля — 5 шт., грыбы — як каласок назбіраў, сала — трошачкі,алей — кухлік, блінцы — 10 шт., прыправы — у тры пальцы.Падліва: клюква — малая банка, вада — на вока.Выхад: усё, што засмажыла, маё. Парася фаршыруецца рулетамі з бліноў. Начынка рыхтуецца з морквы і цыбулі, грыбоў.

←Именитый российский тренер попал в Беларуси под уголовное преследование

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика