Хочаце — верце... Брытанскія навукоўцы — загадкавая каста?

Источник материала:  
Кожны, хто ўважліва слухае, глядзіць і чытае навіны, ведае, што сёння ў авангардзе развіцця чалавецтва стаяць менавіта "брытанскія навукоўцы". Менавіта яны — шматлікая і загадкавая каста людзей, якія, мяркуючы па пошукавіках, увесь час займаюцца нейкімі дзіўнымі глупствамі. Гэты медыйны феномен — следства пастаянных публікацый у рускамоўных СМІ, якія пачынаюцца са слоў "Брытанскія навукоўцы зрабілі/вызначылі/выявілі/высветлілі" штосьці. Гэта самае "штосьці" звычайна кур'ёзнае, недарэчнае, дурное ніколі не прыйдзе звычайнаму чалавеку ў галаву. Так што, сёння любому грамадзяніну вядома, што навука развіваецца выключна дзякуючы ім, брытанскім навукоўцам.

Чаму менавіта брытанскія навукоўцы праводзяць усе гэтыя недарэчныя даследаванні, і як яны гэта робяць? У брытанскай навукі ў свеце быў традыцыйна высокі аўтарытэт, асабліва ў першай палове ХХ стагоддзя. На жаль, у канцы 80-х гадоў урад Вялікабрытаніі вырашыў папулярызаваць вышэйшую адукацыю і пачаў раздаваць статусы ўніверсітэтаў ледзь не ўсім ахвотным навучальным установам. Што да таго, "як яны гэта робяць", дык, хутчэй за ўсё, метад даследаванняў адзін — падлік карэляцый адвольных супадзенняў. А чаму б не лічыць, раз гранты на даследаванні выдаюць спраўна, навукоўцам перыядычна абломваюцца разнастайныя ўзнагароды, ды і ў СМІ пра іх па ўсім свеце з задавальненнем пішуць? У спонсараў такіх даследаванняў свая выгада: недарагая рэклама брэнда, які ўдзельнічае ў навуковых эксперыментах. Дастаткова ўспомніць, скажам, шнобелеўскіх лаўрэатаў і іх артыкул "Роля гукавых арыенціраў у мадуляцыі ўспрыманай хрусткасці і чэрствасці бульбяных чыпсаў", тады было вызначана, што добрыя чыпсы павінны ламацца на зубах з гучнасцю ў дыяпазоне частаты ад 2 да 20 кілагерц. Словам, брытанскія навукоўцы ўмеюць ператвараць навуку ў трэш. Лагічным следствам усяго гэтага калянавуковага вэрхалу стала тое, што словазлучэнне "брытанскія навукоўцы" стала сінонімам маразматычнага высмоктвання з пальца нікому непатрэбнай лухты, і ў сур'ёзных навуковых навінах яно сёння практычна не выкарыстоўваецца, аўтары абыходзяцца канструкцыямі тыпу "група навукоўцаў Манчэстэрскага ўніверсітэта". У інтэрнэце "брытанскіх навукоўцаў" узгадваюць для розных дэзынфармацый і першакрасавіцкіх розыгрышаў. Мы ж прапануем вам, дарагія чытачы, азнаёміцца з некаторымі "дасягненнямі" і "даследаваннямі" гэтых самых брытанскіх навукоўцаў.

Брытанскія навукоўцы прыйшлі да высновы, што людзі пачынаюць хлусіць з шасцімесячнага ўзросту. Раней псіхолагі лічылі, што дзеці здольныя хлусіць з чатырох гадоў. Але як зараз высветлілі навукоўцы, і паўгадовыя дзеці здольныя фальшыва смяяцца ці крычаць. Гэта служыць у іх для прыцягнення ўвагі, нават калі дзеці ў гэты момант ні ў чым не маюць патрэбу. Сталеючы, дзеці вучацца замоўчваць штосьці, а аднагадовыя з дапамогай хлусні адцягваюць увагу. З двух жа гадоў дзеці хлусяць адкрыта: любімая фраза — "Гэта не я". Здольнасць казаць няпраўду — прыроджаная якасць, зрэшты, калі бацькі не будуць увесь час патураць дзіцяці, гэтая якасць паменшыцца, лічаць псіхолагі.

Брытанскія навукоўцы аспрэчылі даўні стэрэатып, што мышы любяць сыр. "Мышы могуць цудоўна развівацца і без сыра", — сказаў Дэвід Холмес, які разам з калегамі з Манчэстэр Метраполітэн універсітэта вывучаў смакавыя прыхільнасці грызуноў і іншых жывёл.

Хочаце — верце...  Брытанскія навукоўцы — загадкавая каста?Брытанскім генетыкам удалося знайсці першага на Зямлі белага нашчадка Чынгісхана — ім апынуўся выкладчык бухгалтарскага ўліку з ЗША. У цэлым у Азіі налічваецца каля 16 млн чалавек, якія, паводле аналізу ДНК, з'яўляюцца нашчадкамі Чынгісхана. Як яго гены трапілі ў генеалагічную структуру продкаў Робінсана, род якіх бярэ пачатак у Шатландыі, застаецца загадкай.

Паводле даследаванняў брытанскіх навукоўцаў, ва ўсім свеце прыгожых жанчын становіцца ўсё больш, а вось прывабных мужчын усё менш. Прычына ў тым, што фізіялагічныя прыкметы, якія робяць чалавека прыгожым, перадаюцца галоўным чынам у спадчыну прадстаўніцам прыгожага полу. Такім чынам, у фізічна прывабных бацькоў часцей нараджаецца дачка, чым сын. А вось калі бацькі вызначаюцца такімі якасцямі, як сіла і схільнасць да агрэсіі, то ў яе на свет часцей за ўсё з'яўляецца сын.

Як вызначылі брытанскія навукоўцы, сон мужчыны і жанчыны ў адным ложку — гэта працэс, багаты на вельмі сумныя наступствы. Прычына таму — парушэнні сну, якія выкліканы знаходжаннем у ложку кагосьці яшчэ. Прычым не мае значэння, ці займаецца пры гэтым мужчына сэксам са сваёй партнёркай, ці не. Нават у сне мужчына працягвае ўсведамляць, што ён не адзін у ложку, а гэта прыводзіць да пастаяннага росту ўзроўню гармонаў стрэсу. Мараль простая. Прааналізаваўшы вынікі сваіх пошукаў, навукоўцы вырашылі настойліва рэкамендаваць мужчынам пазбягаць сумеснага начнога знаходжання з жанчынамі ў тых выпадках, калі на наступны дзень ім трэба быць на адказных мерапрыемствах на працы ці будуць складаныя і насычаныя дні, што патрабуюць максімальнай сабранасці, якую можа забяспечыць толькі здаровы сон.

Людзі, якія жывуць у раёнах, дзе дамы ўсыпаныя графіці, а тратуары ўсеяныя смеццем і бітым шклом, больш схільныя да атлусцення, чым тыя, хто жыве ў зялёных і чыстых раёнах, сцвярджаюць брытанскія навукоўцы. У даследаванні, праведзеным Медыцынскай даследчай радай, была прасочана ўзаемасувязь паміж атлусценнем і атмасферай у месцы пражывання чалавека. Навукоўцы сцвярджаюць, што такія "нецывілізаваныя праявы", як графіці на сценах і платах, смецце, сабачыя экскрэменты і скарыстаныя іголкі ад шпрыцаў на тратуарах, сігналізуюць пра дрэнны стан здароўя жыхароў такіх раёнаў у цэлым.

Людзі, якія не раз атрымлівалі ад жыцця жорсткія ўрокі, больш легкаверныя, чым тыя, хто вырас у абароненых, цяплічных умовах. Такую заканамернасць выявілі навукоўцы Лестэрскага ўніверсітэта Вялікабрытаніі. Шасцімесячнае даследаванне, якое правялі ва ўніверсітэцкай Школе псіхалогіі Кім Дрэйк, Рэй Бул і Джуліян Бун, паказала, што неспрыяльныя падзеі, перажытыя ў дзяцінстве і юнацтве, пасля прыводзілі да таго, што тых жа людзей у сталым узросце прасцей было ўвесці ў зман. Прааналізаваўшы 60 такіх асобаў, псіхолагі прыйшлі да высновы, што яны, напрыклад, больш уразлівыя да ўплыву СМІ ці рэкламных кампаній або хутчэй здольныя паддацца ціску на допыце ў паліцэйскім участку і стаць ілжыва абвінавачанымі.

Брытанскія навукоўцы з універсітэта Лідса правялі шырокамаштабнае даследаванне, у выніку якога была выведзена формула дасканалага падсмажанага сэндвіча з беконам. Узначаліў работы доктар Грэм Клэйтан. Найважнейшымі фактарамі, якія вызначаюць якасць гэтага кулінарнага вырабу, паводле атрыманых звестак, з'яўляюцца выражанасць хрусцення і трывальныя характарыстыкі хлеба.

Хочаце — верце...  Брытанскія навукоўцы — загадкавая каста?Брытанскія псіхолагі склалі топ-ліст благіх звычак. Высветлілася, што найвялікшае раздражненне ў англічан выклікае калупанне ў носе, храп і гучнае пусканне газаў. Жанчыны апынуліся больш нецярплівымі, чым мужчыны. Усім вядома, што чужыя благія звычкі зводзяць нас з глузду і здольныя настроіць нават супраць вельмі мілага на першы погляд чалавека. Як паведамляе сайт Dаіlуrесоrd, псіхолагі фармацэўтычнай фірмы Lісhtwеr Рhаrmа вырашылі разабрацца з благімі звычкамі, апытаўшы 800 брытанцаў. Больш за палову рэспандэнтаў (59 %) заявілі, што іх больш за ўсё астатняе раздражняе, калі хтосьці калупаецца ў носе. На другім месцы па "папулярнасці" апынуўся храп. Яго адзначыла 55 % апытаных. Звычка рыпець зубамі не задавальняе роўна палову ўдзельнікаў апытання. Аднолькавае раздражненне выклікае ў 49 % рэспандэнтаў благая манера храбусцець суставамі і пастукваць пальцамі па стале. Да здзіўлення псіхолагаў, гучнае публічнае пусканне газаў апынулася толькі на шостым месцы ў спісе (46 %) Звычка напяваць выводзіць з сябе больш за трэць брытанцаў (38 %), нашмат менш іх раздражняе насвістванне (31%). Калыханне нагой не падабаецца 34 %. А замыкае топ-ліст неўрастэнічная прыхільнасць грызці пазногці — яе адзначылі 29 % апытаных. Прааналізаваўшы адказы, спецыялісты прыйшлі да высновы, што жанчыны больш раздражняльныя, чым мужчыны. Яны значна часцей за мужчын давалі сцвярджальныя адказы на пытанне, ці раздражняе іх тая ці іншая звычка (66 %), у мужчын гэта лічба склала 53 %.

Брытанскія навукоўцы ў масавым парадку скупляюць вошай. За дзясятак паразітаў усім ахвотным прапануюць па 20 цэнтаў. Кілаграмы вошай павінны дапамагчы навуцы знайсці новыя лекі ад педыкулёзу. Да старых хімікатаў гніды ўжо адаптаваліся. Навукоўцы з Брыстольскага ўніверсітэта прапанавалі брытанскім бацькам арыгінальны спосаб папоўніць сямейны бюджэт. Рабіць пры гэтым амаль нічога не патрабуецца, хіба што вычасаць з валасоў свайго дзіцяці з дзясятак звычайных вошай і здаць іх у пункт прыёму насякомых. Пасля нядоўгіх спрэчак пра тое, як лепш купляць вошай — кілаграмамі ці паштучна — навукоўцы знайшлі кампрамісны варыянт, вырашыўшы плаціць за 5—10 паразітаў па 20 цэнтаў, у залежнасці ад памеру асобіны. Па выніках праведзеных ва ўніверсітэце даследаванняў, вошы даўно выпрацавалі ўстойлівасць да традыцыйных хімікатаў, якімі іх труцяць. У наш час англійскія навукоўцы рыхтуюць маштабныя клінічныя выпрабаванні новага прэпарата для лячэння педыкулёзу. Таму яны абвясцілі паляванне на сподняга паразіта і маюць намер сабраць як мага больш насякомых для эксперыментаў. Пункты прыёму крывасмокаў былі разгорнутыя пры кафедрах ветэрынарыі ўніверсітэтаў у Лэнгфардзе і Самерсэце. Лішнія экзэмпляры вошай брытанскія навукоўцы накіруюць сваім амерыканскім калегам для аналагічных мэтаў.

Брытанскія навукоўцы хочуць даследаваць Антарктыку, каб высветліць, ці сапраўды пінгвіны перакульваюцца на спіну, губляючы раўнавагу, калі яны разглядаюць верталёт ці самалёт у небе. Грамадская арганізацыя навуковага даследавання Brіtіsh Аntаrсtіс Survеу у Лондане хоча правесці чатыры тыдні на Фалкленскіх астравах, каб назіраць рэакцыі пінгвінаў. Падчас Фалкленскай вайны паміж Вялікабрытаніяй і Аргенцінай у 1982 годзе вайскоўцы-лётчыкі і маракі заўважалі, што сярод пінгвінаў адбываўся масавы падзеж і страта раўнавагі, калі да іх набліжаліся ваенныя верталёты ці самалёты. Тэарэтычна, мяркуецца, што пінгвіны блытаюць штучныя лятальныя апараты з драпежнымі птушкамі.

Астраномы Манчэстэрскага інстытута навукі і тэхнікі знайшлі ў касмічнай прасторы велізарныя запасы... алкаголю! Гэта хмарка ў сузор'і Арла, змесціва якой хопіць, каб запоўніць прастору, якая ў 10 тысяч разоў якое перавышае аб'ёмы зямных акіянаў. Захоўваецца алкаголь у моцна астуджаным выглядзе — пры мінус 148 градусах. Праблема толькі ў тым, што алкагольнае воблака знаходзіцца на адлегласці 10 тысяч светлавых гадоў ад Зямлі.

Англійскія навукоўцы лічаць, што міф пра Санта-Клауса, які вандруе на лятучых аленях, абавязаны сваім з'яўленнем галюцынагенным грыбам, якімі любілі паласавацца жыхары Лапландыі. Вядома, што гісторыя пра Санта-Клауса нарадзілася ў Лапландыі, на поўначы сучаснай Фінляндыі. Там пражывалі лапары, якія, як высветлілі навукоўцы, даволі часта пілі мачу аленяў, якія харчаваліся мухаморамі. У лабараторных умовах навукоўцы атрымалі з гэтых грыбоў наймацнейшае галюцынагеннае рэчыва. Нядзіва, лічаць навукоўцы, што лапарам здаваліся лятучыя алені, якія потым ператварыліся ў легенду пра добрага Санта-Клауса. Яркае чырвонае адзенне навагодняга персанажа навукоўцы тлумачаць колерам галюцынагеннага грыба. Чырвона-белая афарбоўка мухамора ператварылася ў запалёным уяўленні людзей у старога ў чырвоным каптане з белай барадой.

Падрыхтаваў Іван Купарвас.

←Участников акции у костела святого Иосифа три часа держали лицом к стене

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика