"Выпусціць" душу

Источник материала:  

Славяне верылі ў тое, што ў момант смерці чалавека на небе згасае (ці з яго падае) зорка. Смерць непазбежная і прадвызначаная лёсам і жыццём, але ніхто не ведае дзень свайго скону. Часам здараецца так, што чалавек перад смерцю шмат пакутуе, і, каб палегчыць надыход смерці, тым, хто знаходзіцца побач з ім, неабходна выконваць некаторыя рытуальныя дзеянні, пра якія раней вельмі добра ведалі ў народзе.

Для таго, каб у часы агоніі аблегчыць наступленне смерці — "выпусціць" душу — у хаце адчынялі вокны (форткі), куфэркі, у печы — юшку, засланку і г.д., расшпільвалі адзенне на паміраючым чалавеку. У асобных (вельмі цяжкіх) выпадках з гэтай жа нагоды свідравалі дзіркі ў столі ці сцяне, білі ў званы, а часам і разбіралі печ.

Паміраючага клалі на падлогу пад прамым вуглом да прадольных сілавых ліній памяшкання. Дошкі на падлозе ў сялянскай хаце заўсёды клалі ад парога да чырвонага кута, паралельна ім уздоўж сцяны ставілі ложкі. Такім чынам, чалавека неабходна было пакласці ўпоперак дошак.

Каб палегчыць "адыход" паміраючага чалавека, яго таксама пераварочвалі нагамі да "галавы" ложка (памерлага выносяць з хаты нагамі наперад); закідвалі на дах венік; з-пад галавы прыбіралі падушку: "Курынае пер'е не дае паміраць".

Неабходна было падрыхтаваць падушку, у якую клалі лісце з веніка ці гарохавую салому; паміраючага накрывалі велікодным абрусам, а ў асобных рэгіёнах — вясельным адзеннем. З мэтай палегчыць перадсмяротныя пакуты ў рукі паміраючаму давалі грамнічную свечку (абавязкова васковую, набытую ў храме 15 лютага). Аднак калі ў іншых выпадках грамнічнай свечкай карысталіся на працягу ўсяго года, то ў выпадку смерці чалавека яе трэба было спаліць у той жа дзень, каб свечку не змаглі скарыстаць у час святочных рытуалаў.

Для таго, каб аблегчыць надыход смерці, з хаты выводзілі самага блізкага чалавека. Напрыклад, калі паміралі маці, з хаты выносілі дзіця. Аб паміраючым імкнуліся нічога нікому не казаць. Лічылася, чым менш людзей ведае аб гэтым, тым лягчэй яму будзе.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Участников акции у костела святого Иосифа три часа держали лицом к стене

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика