Пакінь уласнае аўто дома — дадай глыток чыстага паветра

Источник материала:  

Акцыі

22 верасня пройдзе міжнародная акцыя "Дзень без аўтамабіля", да якой у 2008 годзе далучылася і Беларусь.

Згодна з інфармацыяй Міністэрства транспарту і камунікацый, па стану на пачатак года аўтамабільны парк краіны налічваў больш за 3,43 мільёна транспартных сродкаў. Да ўзроўню 2008 года ён павялічыўся больш чым на 156 тысяч. З усяго парка каля 85 працэнтаў прыпадае на аўтамабілі індывідуальных уладальнікаў, і 15 працэнтаў — на арганізацыі. Толькі за мінулы год у Беларусь было ўвезена больш за 174 тысячы аўтатранспартных сродкаў, у тым ліку больш за 77 тысяч — фізічнымі асобамі. З агульнай колькасці ўвезеных аўтамабіляў 11,8 працэнта склалі транспартныя сродкі ўзростам больш за тры гады, 28,1 працэнта — ад трох да сямі гадоў, больш за 60 працэнтаў — старэй за сем гадоў.

А цяпер увага: у сярэднім пры прабегу аўтамабілем у год 15 тысяч кіламетраў ён спальвае больш за 2 тоны паліва і спажывае каля 30 тон паветра. Пры гэтым у атмасферу выкідваецца каля 700 кілаграмаў чаднага газу, 400 кілаграмаў дыяксіду азоту, 230 кілаграмаў вуглевадародаў і іншых забруджвальных рэчываў, агульная колькасць якіх складае больш за 200 найменняў. У маштабах краіны доля транспарту ў сумарных выкідах забруджвальных рэчываў у атмасферу ад усіх крыніц складае 72 працэнты (у гарадах — 65-80 працэнтаў). У сярэднім за дзень у Беларусі за мінулы год выкідвалася з адпрацаванымі газамі каля 3 115 тон забруджвальных рэчываў, у тым ліку па Мінску — больш за 537 тон...

Летась у аналагічнай акцыі бралі ўдзел практычна ўсе гарады Беларусі. Паводле статыстыкі, у гэты дзень на дарогах і ў гарадах назіралася зніжэнне інтэнсіўнасці руху на 10 працэнтаў і больш. Толькі на дарогах Віцебскай вобласці ў дарожным руху не ўдзельнічала каля 12 тысяч аўтамабіляў. Заторы па-ранейшаму назіраліся ў Мінску і іншых гарадах, аднак адзначалася змяншэнне колькасці транспарту ў іх у параўнанні з папярэднімі днямі на ўзроўні 15 працэнтаў і больш. Паводле інфармацыі з месцаў, каля 20-30 працэнтаў работнікаў апаратаў кіравання арганізацый у гэты дзень не карысталіся асабістым аўтатранспартам. Напрыклад, па інфармацыі Мінгандлю, у "Белгандальпрагрэсе" больш за 350 чалавек, а ў "Белбыце" ўвогуле 90 працэнтаў работнікаў дабіраліся на працу ў грамадскім транспарце. Ужо па інфармацыі Мінтранса, у дзень правядзення акцыі адзначалася павелічэнне пасажырапатоку. Скажам, у гарадах Мінскай вобласці ў гадзіны "пік" дадаткова да дзейнага раскладу было выканана 368 рэйсаў.

Акрамя таго, па падліках канцэрна "Белнафтахім" падчас леташняга "Дня без аўтамабіля" знізіліся аб'ёмы спажывання аўтамабільнага паліва на АЗС і нафтабазах у параўнанні з папярэднім тыднем: бензіну — на 12,8 працэнта, дызельнага паліва — на 8 працэнтаў, звадкаванага газа — на 19,4 працэнта. Гэта дазволіла прадухіліць выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу краіны ў аб'ёме больш за 333 тоны. Такі вось "глыток" чыстага паветра.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Акция в защиту костела святого Иосифа в Минске прошла без задержаний

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика