АБЗАЦ
Дваццаць сямейных пар Мінска праявяць свае лепшыя якасці ў барацьбе за званне "Суперсямейка", стаўшы ўдзельнікамі праекта "Сямейныя гонкі на лімузінах-2010". На працягу дня 5 шыкоўных лімузінаў будуць вазіць удзельнікаў у розныя куткі Мінска. Жонкі і мужы ў вясельных строях будуць з'яўляцца на вуліцах горада і выконваць самыя розныя заданні, якія патрабуюць кемлівасці і эрудыцыі.
Два выпадкі самагубства зафіксаваныя ў адзін дзень у лячэбных установах Мінска. Органы пракуратуры праводзяць праверкі па фактах самагубства двух пацыентаў: у 9-й клінічнай бальніцы і РНПЦ псіхічнага здароўя ў Мінску. 16 верасня прыкладна ў 17.00 з балкона дзявятага паверха 9-й бальніцы выкінуўся 68-гадовы мужчына, які знаходзіўся на лячэнні. Пенсіянер памёр на месцы. Высветлілася, што за некаторы час да суіцыду мужчына знаходзіўся ў кепскім настроі, гаварыў, што яму надакучыла жыць і хварэць. У той жа дзень у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў Навінках у прыбіральні была знойдзеная ў пятлі 44-гадовая пацыентка.
Электрычкі ў Расіі будуць здаваць у арэнду для паездак на прыроду. Такі новы від паслуг прапанавалі расійскія чыгуначнікі. Пакарыстацца паслугай можна пакуль толькі на дзвюх лініях. Карпаратыўныя кліенты могуць замовіць электрычкі для паездак на пікнік, паляванне ці рыбалку. Каб скарыстацца электрычкай па выкліку, трэба падаць заяўку за 16 дзён да запланаванай паездкі і ўнесці аплату за паслугу. Кошт замовы вызначаецца проста: у кожным электрацягніку 12 вагонаў, у кожным вагоне 120 месцаў. Гэтыя дзве лічбы перамнажаюцца, а затым атрыманы лік трэба памножыць на кошт аднаго білета па тарыфе.
Аўтаканцэрн Fіat падзяліўся на 2 кампаніі. Акцыянеры італьянскага машынабудаўнічага канцэрна зацвердзілі карпаратыўны план па раздзяленні бізнэсу. Створаны дзве незалежныя кампаніі Fіat и Fіat Іndustrіal. Першая зоймецца вытворчасцю легкавых аўтамабіляў, уключаючы мадэлі: Fіat, Alfa Romeo, Lancіa, Ferrarі і Maseratі, а таксама мадэльны рад свайго амерыканскага партнёра — кампаніі Chrysler. Fіat Іndustrіal зоймецца вытворчасцю спецтэхнікі. Яна будзе выпускаць грузавікі Іveco, сельскагаспадарчую і будаўнічую тэхніку, рухавікі і камплектуючыя для аўтамабіляў і марскіх суднаў. ПОЎНЫ АБЗАЦ
У Новай Зеландыі пачалі гандляваць падробленай мачой. Сінтэтычная мача прызначаная для фальсіфікацыі аналізаў на ўжыванне наркотыкаў, якія праводзяць многія працадаўцы. Вадкасць, якая прадаецца, па хімічным складзе практычна не адрозніваецца ад звычайнай мачы здаровага чалавека. Многія фірмы гарантуюць 100-працэнтнае праходжанне аналізаў і абяцаюць вярнуць грошы, калі гэта будзе не так. Сінтэтычная мача прадаецца ў камплекце з награвальнікам, які ў патрэбны момант надае ёй тэмпературу цела, і са спецыяльнай трубкай, якая дазваляе імітаваць мочаспусканне, калі за здачай аналізу нехта назірае. Кошт такога набору складае ад 75 да 100 новазеландскіх долараў (прыкладна ад 54 да 73 дол. ЗША). Спецыялісты адзначаюць, што адрозніць сінтэтычную мачу ад сапраўднай практычна немагчыма, адзінае адрозненне ў тым, што яна не мае паху.