Забіла крыніца ля старажытнага храма

Источник материала:  

Маленькая і незвычайная сенсацыя з правінцыі: недалёка ад старэйшага ў горадзе над Заходняй Дзвіной віцебскага праваслаўнага Благавешчанскага храма, першапачаткова пабудаванага ў ХІІ стагоддзі, раптам забіла крыніца.

Дарэчы, эксперты з санітарна-эпідэміялагічнай службы, якія вывучылі ўзятыя з маленькага нечаканага "фантана" пробы вады, зрабілі выснову, што яна не мае патрэбы ў ачыстцы і годная для піцця.

Вернікі ў гэтым і не сумняваліся: разам з дзецьмі прыходзяць да крыніцы, каб набраць вады для прыбаўкі сілаў і аздараўлення.

Пастыры з блаславення архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя разам з прыхаджанамі актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі ля крыніцы. Вада ўжо выцякае з трубы, замацаванай у каменным кольцы.

Як адзначае Людміла Хмяльніцкая, вядомы далёка за межамі Віцебска гісторык, эксперт у галіне горадабудаўніцтва і мастацтва, дырэктар музея Марка Шагала, Благавешчанская царква стала першым каменным храмам Віцебска. Пры яе будаўніцтве была выкарыстана вельмі арыгінальная будаўнічая тэхніка: сцены храма былі выкладзены з радоў белых часаных вапнавых блокаў, якія перамяжоўваліся са здвоенымі радамі плінфы (плоскай і шырокай цэглы). Будавалася царква з удзелам прыезджых майстроў (мяркуецца, візантыйскіх), якіх запрасілі ў горад полацкія князі, якія вярнуліся з ссылкі ў Візантыю ў 1140 годзе.

На працягу стагоддзяў гэтая царква карысталася асаблівай павагай у гараджан. У 1622 годзе царква стала ўніяцкай, а ў 1832-м зноў была перададзена праваслаўным. За гэты час яе знешні воблік вельмі змяніўся — да заходняга фасаду былі прыбудаваны дзве вежы, якія надалі ёй рысы касцёла. Пасля чарговай перабудовы ў 1862 годзе вежы былі знішчаны...

Царква часткова была разбурана ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Цікава, што за яе пашкоджанне Германіяй былі выплачаны нашай рэспубліцы даволі вялікія грошы ў якасці кантрыбуцыі. Але яны так і не пайшлі на аднаўленне будынка храма. Пашкоджаным ён прастаяў ажно да 1961 года, калі па загадзе кіраўніцтва гарадскіх уладаў быў узарваны. Аднавілі храм у 1998 годзе.

А яшчэ ёсць план пабудаваць на плошчы 1000-годдзя горада, дзе месцяцца храм і цяпер ужо добраўпарадкаваная крыніца, сучасны ЗАГС. Відаць, у маладых з'явіцца новая традыцыя — пасля рэгістрацыі і вянчання на шчасце выпіць вады, якая лечыць душу. Калі вера шчырая ёсць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←Акция в защиту костела святого Иосифа в Минске прошла без задержаний

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика