Чацвёртае папярэджанне «Народнай волі»
13 верасня міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі падпісаў чарговае папярэджанне «Народнай волі». Гэтым разам па версіі Міністэрства інфармацыі незалежная газета парушыла артыкул 4 Закона «Аб СМІ». Выданне вінавацяць у распаўсюдзе неадпаведнай рэчаіснасці інфармацыі. Гаворка ідзе пра артыкулы «КДБ адправіў дзяржкантроль у накаўт» і «У КДК разгараецца новы карупцыйны скандал».
У папярэджанні Мінінфармацыі гаворыцца, што «распаўсюд непраўдзівай інфармацыі пра дзейнасць Камітэта дзяржаўнага кантролю дыскрэдытуе ўказаны орган, можа адмоўна адбіцца на яго дзейнасці і пацягнуць іншыя негатыўныя наступствы».
Нагадаем, што першае папярэджанне ў найноўшай гісторыі выданне атрымала ў лістападзе 2009 г. за публікацыю ліста Ігара Драко, дзе Міністэрства інфармацыі пабачыла «заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці». У студзені гэтага года газета атрымала папярэджанне за няправільны пералік газетных шапікаў, дзе можна падпісацца на «Народную волю» па льготнай цане. 31 мая міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі выпісаў папярэджанне за публікацыю ў выданні ўспамінаў Іллі Копыла «Нябышына. Вайна».
Сямён Печанко