Хто-хто, а егіпцяне дакладна ведаюць, як зарабіць на турыстах!
У Афрыцы карэспандэнта "Звязды" вучылі цалавацца са Сфінксам і хацелі скарміць кракадзілам...
Паездку ў афрыканскі Каір з азіяцкага Шарм-эль-Шэйху лічу надзвычай бюджэтнай. Для параўнання: дарога да "мамкі на бліны" з Мінска (і назад) мне абыходзіцца больш як у 20 долараў. А тут — ехаць у два разы далей, ды яшчэ і насычаную экскурсійную праграму прапаноўваюць з абедам не дзе-небудзь, а на беразе Ніла. І ўсё гэта за 150 тысяч беларускіх рублёў...
Па сталіцы Егіпта раз'язджаюць нават на аслах
У некалькіх кіламетрах ад Каіра мы прыпыніліся ля прыдарожнай кавярні. Папіць кавы, каб хутчэй прачнуцца (ехалі ж усю ноч), вырашылі на свежым паветры. Пра што адразу ж пашкадавалі, бо побач са смеццем, якое было паўсюль, куды ні кінь вокам, падсілкоўваўся аб'едкамі вялізны пацук. Сон развеяўся ў імгненне, як і не было. Але шэры прожар, можаце сабе ўявіць, усю дарогу працягваў стаяць у мяне перад вачыма.
Дзякуй Богу, да Каіра было рукой падаць. Менавіта гэты горад сваімі кантрастамі прымусіў адразу ж забыць пра ўсё на свеце! Я прыліпла да акна аўтобуса і пачала зазіраць у салоны аўтамабіляў, што праязджалі міма, каб на нейкае імгненне, а калі пашчасціць (упершыню радавалася заторам), і на больш працяглы час, судакрануцца з мясцовым насельніцтвам. І некалькіх хвілін хапіла пераканацца, што ў сталіцы Егіпта жывуць надзвычай веруючыя людзі. Гаворыць пра гэта не столькі вялікая колькасць мінарэтаў, колькі тое, што практычна ў кожным салоне аўто на заднім сядзенні ляжыць Каран, а на люстэрку вісяць ружанцы.
Машыны па вуліцах Каіра рухаюцца надзвычай хаатычна, па нейкіх сваіх унутраных няпісаных правілах. І нядзіўна — там жа няма святлафораў!.. Вось і бібікаюць кіроўцы адзін аднаму бесперастанку: хто раней бібікне, той першым і паварочвае...
У сярэдневяковай частцы горада дык наогул людзі пераважна ездзяць на аслах ды конях. Мясцовыя мужчыны не прамінуць памахаць турыстам рукой і ўсміхнуцца. Егіпцянкі ж, якіх дастаткова шмат як сярод кіроўцаў, так і сярод пешаходаў, не праяўляюць да іншаземцаў ніякай цікавасці. Чаго не скажаш пра нас. Асобныя з тамтэйшых жанчын здзівілі майстэрствам эквілібрыстыкі. У думках не ўкладаецца, як кволая каірчанка можа столькі ўсяго насіць на галаве... Запомнілася мне і гандлярка, якая сядзела непадалёку ад праезнай часткі ў позе лотаса побач з непрыглядным металічным тазам з рыбай...
За рулём дарагога мініяцюрнага аўтамабіля прыкмеціла маладую дзяўчыну з шыкоўнымі распушчанымі валасамі і ў па-еўрапейску яркай майцы з кароткім рукавом.
— У нашай краіне большасць жанчын, як вы, пэўна, заўважылі, ходзяць у хіджабах, — злавіў мой погляд наш егіпецкі гід Ісмаіл. — Ёсць і такія, але іх засталося не так шмат, якія строга выконваюць Каран і не выходзяць на вуліцу без паранджы. Але ёсць і іншыя... Вы ж самі бачылі. Прычым ведаю прыклады, калі ў межах адной сям'і сёстры апранаюцца кардынальна па-рознаму. Адна носіць паранджу і сядзіць дома, а другая — носіць сучасную вопратку і зарабляе грошы. Егіпцянка мае права сама выбіраць, як ёй апранацца і чым займацца па жыцці.
Ніколі не забуду і жанчыну ў чорным на асле, якая, убачыўшы, што я яе фатаграфую, пад'ехала да мяне бліжэй і злосна пачала нешта вельмі хутка гаварыць, суправаджаючы маналог жэстамі. Наколькі я зразумела, яна папрасіла мяне сцерці фотаздымак з ёй альбо заплаціць за фотасесію грошы. Фотаздымка мне было шкада, таму пайшла ў аўтобус за грашыма. Калі вярнулася, прадпрымальную егіпцянку як вецер звеяў...
"Ажаніцца з рускай — мара многіх егіпцян"
Самымі прыгожымі будынкамі ў Каіры, як мне падалося, з'яўляюцца мячэці. Большасць жа астатніх распрацовак архітэктараў нагадваюць, шчыра прызнацца, запыленыя кардонныя каробкі. А месцамі горад наогул выглядае так, быццам па ім толькі што прайшоў Кінг-Конг пад ручку з Гадзілай.
Праязджалі мы і ля эфектнага гатэля, уладальнік якога, паводле слоў нашага гіда, адзін з самых багатых людзей Егіпта.
— Ён, палітык і бізнэсмен, зараз чакае смяротнага пакарання праз павешанне за арганізацыю забойства сваёй палюбоўніцы — ліванскай поп-зоркі Сюзан Тамім, — распавядае Ісмаіл. — Матывам забойства, кажуць, была рэўнасць. Справа ў тым, што дзяўчына выйшла замуж за чэмпіёна Ірака па кік-боксінгу. Гэтая гісторыя ў нашай краіне атрымала вялікі грамадскі рэзананс.
Па дарозе да Сфінкса заехалі на парфумную фабрыку, дзе кошты на эфірны алей, адразу скажу, завоблачныя. У Шарм-эль-Шэйху можна набыць усё тое ж самае, але значна танней. Менавіта там я ўпершыню ўбачыла чатырох рускіх эмігрантак. Бачна было, што Надзя, самая ўсмешлівая, сваёй працай і жыццём у Каіры задаволеная, пра астатніх траіх я б так не сказала.
— Рускіх жанчын, якія выходзяць замуж за егіпцян, з кожным годам становіцца ўсё больш і больш, — кажа Ісмаіл. — Ажаніцца з рускай — мара многіх егіпцян. Гэта, калі так можна сказаць, нават прэстыжна.
У Егіпецкім Нацыянальным музеі, дзе сабрана больш за 150 тысяч экспанатаў, каб дэталёва агледзець усе, спатрэбіцца вельмі шмат часу. Таму наш гід, на якім была, дарэчы, чырвоная кепка, вельмі падобная на нашу "звяздоўскую", выбіраў самае цікавае. Паводле яго слоў, найбольшую цікавасць для рускіх турыстаў уяўлюць залатая маска і шматразовы льняны прэзерватыў, якія знайшлі ў магільні фараона Тутанхамона. З гідам нам, да слова, вельмі пашанцавала, бо ён аказаўся гумарыстам. Жартаваў не толькі падчас экскурсіі, але і калі мы пад'ехалі да рэстаранчыка, што месціцца ля берага Ніла.
— Зараз, мае даражэнькія, у нас па праграме абед. Мы скормім вас кракадзілам...
"Дармавых" вярблюдаў не бывае?"
Пасля сытнага абеду і наведвання папіруснай фабрыкі аўтобус адвёз нас у Гізу (зараз прыгарад Каіра), дзе мы на свае вочы ўбачылі адзіны цуд свету, які дайшоў да нас скрозь стагоддзі — Егіпецкія піраміды. Менавіта там Ісмаіл вучыў трымаць піраміду Хеопса на далоньцы і цалавацца са Сфінксам — маналітнай статуяй, якая адлюстроўвае загадкавую істоту з тулавам ільва і галавой чалавека. У мяне доўга не атрымліваўся пацалунак, бо разбіраў смех. А паколькі часу было ў абрэз, то я папрасіла Ісмаіла паказаць майстар-клас. На што пачула жартаўлівае : "Мне да заходу сонца нельга. Рамадан". Вось ён — усё той жа выключна мусульманскі гумар.
— Дакранацца да жанчыны бедуіну катэгарычна нельга, інакш прыйдзецца жаніцца, фатаграфавацца побач — таксама, — пракансультаваў нас, перад тым як развітацца на 30 хвілін, Ісмаіл. — Адным словам, мужчыны, не спускайце вачэй са сваіх каханых. І не згаджайцеся на прапанову егіпцян сфатаграфаваць вас, інакш рызыкуеце атрымаць свой фотаапарат назад толькі за грошы...
Пакуль я спускалася ў піраміду, мой спадарожнік усё ж такі паддаўся гіпнозу. Гляджу, стаіць усмешлівы на фоне піраміды, на галаве белая хустка, замацаваная жоўтай коскай. Калі я падышла, усмешка з твару сябра паспела знікнуць. Як высветлілася, егіпцянін, як нас і папярэджвалі, згадзіўся вярнуць фотаапарат толькі ўзамен на долары.
Пасля выхаду публікацыі "Егіпецкі шарм для беларускіх шэйхаў" на сайт "Звязды" прыйшло пытанне ад Веры, якая ў кастрычніку збіраецца ляцець у Егіпет. "Я мару пабачыць піраміды і пакатацца на вярблюдзе, — піша чытачка. — Але кажуць, што бедуіны прапаноўваюць пакатаць на вярблюдзе бясплатна, а пасля не спускаюць на зямлю, пакуль не заплаціш грошы. Ці праўда гэта?"
Калі мы пад'язджалі да пірамідаў, наш гід Ісмаіл расказаў таксама, што ніхто дакладна не ведае, колькі бедуінаў у Егіпце. Яны качуюць па пустыні і не маюць не толькі пастаяннага месца жыхарства, але нават і пашпарта. Маўляў, калі звязуць турыста ў пустыню, то яго, зразумела, нялёгка будзе знайсці. "Я б на вашым месцы не рызыкаваў і не паддаваўся на ўгаворы мужчын у арафатках. Паверце мне, ля пірамідаў "дармавых" вярблюдаў не бывае. бедуіны згаджаюцца апусціць "карабель пустыні" на калені, як правіла, не менш як за сто долараў". Шчыра прызнацца, пасля гэтых слоў жаданне катацца на вярблюдзе адпала ва ўсёй нашай групы. Асабіста ў мяне яшчэ больш пасля таго, як адзін егіпцянін на вярблюдзе каля піраміды Хеопса спрабаваў патрабаваць у мяне грошы за тое, што я сфатаграфавала яго найдаражэйшую персону. Праўда, пасля Ісмаіл параіў тым, хто ўсё ж такі марыць апынуцца паміж гарбамі вярблюда, запісацца на экскурсію "ў гасцях у бедуінаў" (у гэтым выпадку паездка на "караблі пустыні" будзе ўключана ў экскурсійную праграму, якая каштуе 25 долараў).
***
Развіталіся мы з Каірам пасля шасці гадзін вечара. А палове на сёмую, якраз пасля захаду сонца, назірала праз акно аўтобуса, як мусульмане, адклаўшы ўсе справы, пачынаюць актыўна есці і піць. Прычым, заўважыла, тут ніхто не есць па адным. Не выключэнне і нашы праважатыя, ахоўнік з аўтаматам і прадстаўнік турагенцтва Шэрыф. Яны набылі ў маладога чалавека на ўзбочыне два цэлафанавыя празрыстыя пакеты з вярблюджым малаком і карычневым безалкагольным напоем. Апошні, каштавала яго ў Шарм-эль-Шэйху, шчыра прызнацца, не прыйшоўся мне па душы. Хоць егіпцяне яго вельмі любяць і сцвярджаюць, што ён вельмі карысны і вельмі добра наталяе смагу. Дарэчы, што тычыцца егіпецкіх страў, то знаёмыя, якім даводзілася пабываць у бедуінскай вёсцы, расказвалі, што там на іх вачах бедуінка прыгатавала праснак на іржавай накрыўцы ад бочкі, замест вугалёў быў вярблюджы памёт. Ім сказалі, што накрыўку кладуць спецыяльна для турыстаў, а для сябе пякуць прама на гэтых "вуглях". Смачны праснак ці не, знаёмыя так і не даведаліся, бо ветліва адмовіліся ад дэгустацыі...
Надзея ДРЫЛА. фота аўтара.