"Худы, у акулярах, з сінякамі пад вачыма..."

Источник материала:  

Учора быў 256-ы дзень у годзе. Можа, гэта вам ні пра што і не скажа, а вось праграмісты адзначалі 13 верасня сваё прафесійнае свята. Менавіта 256 лічбаў можна закадзіраваць з дапамогай аднаго байта. Сёння стварэннем праграм для Парка высокіх тэхналогій у нашай краіне займаецца каля 10 тысяч чалавек. Відавочна, ёсць каму адзначаць. Пра гэтую прафесію ўжо склалася пэўнае ўражанне. Мы паспрабавалі высветліць, як уяўляюць сабе тыповага праграміста жыхары Мінска.

Раман Дзьячук, студэнт гістфака БДУ:

— Адразу ўзнікае асацыяцыя з маладым хлопцам, які носіць акуляры, пастаянна слухае плэер і цягае з сабой торбу з ноўтбукам. Стасункі мае ў асноўным з моладдзю, бо сам часцей за ўсё да яе належыць.

Ала Мікалаеўна, супрацоўнік мінскага метрапалітэна:

"Худы, у акулярах, з сінякамі пад вачыма..."— Разумны, шмат часу праводзіць за камп'ютарам. Гэта, па-мойму, вельмі важная прафесія, але мой сын не праграміст, таму больш нічога сказаць не магу.

Ягор Яроўскі, студэнт МДМК:

— Гэта чалавек з сінякамі пад вачыма ад напружанага ўглядання ў манітор. У яго дома ці на працы заўжды беспарадак, а значная частка жыцця праходзіць у прагляданні інтэрнэт-старонак.

Дзве Алены, супрацоўніцы банка:

— Доўгавалосы, неразлучны з прыладай сваёй працы — ноўтбукам, прасунуты, вельмі адкрыты і камунікабельны.

Сцяпан Палонік, намеснік дэкана па навуковай рабоце эканамічнага факультэта БДУ:

— Мне здаецца, што ён любіць актыўна адпачываць, добра ведае сваю прафесію. Гэта чалавек будучыні.

Анастасія, аператар ПК:

— Худы, апрануты ў світар і джынсы, бледны. Але гэта вельмі цікавыя людзі з нестандартнымі хобі.

Андрусь, дзесяцігадовы хлопчык:

— Праграміст — гэта чалавек, які карыстаецца якой-небудзь праграмай.

Наколькі справядлівае ўяўленне навакольных пра прафесію праграміста, яго заняткі і знешні выгляд, мы пацікавіліся непасрэдна. Адказ на пытанне, што думаюць самі праграмісты пра нестандартныя хобі, сваю вялікую адказнасць перад будучыняй і сінякі пад вачыма, вырашана было шукаць у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Групка студэнтаў-праграмістаў засела на лавачцы ў чаканні чарговай лекцыі. Тут іх і заспелі цікаўныя журналісты.

Аляксей, Сяргей, Пірат (назваўся так :), Віталь, Руслан, Валера і Пашка пасля просьбы назваць свае імёны, на ўсялякі выпадак удакладнілі:

— А нашы нікнэймы не падыдуць?

Усе хлопцы вучацца на першым курсе па спецыяльнасці "Радыёэлектронная абарона інфармацыі".

Згодна з апытаннем, уражанне пра праграміста склалася наступнае. Наконт хударлявага доўгавалосага хлопца, які не сочыць за модай, нашы субяседнікі выказалі згоду. Нават сінякі пад вачыма палічылі вельмі верагоднай дэталлю.

— І што, у вас зусім няма модных праграмістаў?

— Можа і ёсць, але гэта не з нашай групы, — адазваўся хлопец у паласатай кашулі.

— Не ведаю, вось я не падыходжу пад гэты стэрэатып, — заспрачаўся яго аднакурснік.

Што наконт характару? Згадзіліся з тым, што праграмісты вельмі разумныя і валодаюць прафесіяй, але не заўсёды бываюць камунікабельнымі. А вось адпачываюць праграмісты сапраўды актыўна: займаюцца спортам, бавяць час у клубах і ездзяць у лес, каб падыхаць свежым паветрам і ненадоўга забыцца на камп'ютар. Прынамсі, так сказалі нашы суразмоўцы.

Да таго ж, "гуру клавіятуры" і досыць адказныя.

— Мы б яшчэ што-небудзь расказалі, калі б вы нас адпрасілі з лекцыі. Нам ужо пара ісці, — заспяшаліся хлопцы.

Ганна ГАРУСТОВІЧ, Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

←Показ Max Azria на Неделе моды в Нью-Йорке

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика