Кіраўнік арганізацыі Юрась Карэтнікаў зазначыў, што суд павінен адбыцца 15 верасня ў Мінскім гаспадарчы судзе (пачатак у 12:40). «Праваму Альянсу» закідаюць дзейнасць, не адпаведную статуту.
Сябры «ПА» перакананыя, што прэтэнзіі да арганізацыі звязаныя з дзвюма рэчамі: ціскам напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі ды самастойнай ініцыятываю мінскіх чыноўнікаў, якіх раздражняла дзейнасць «Правага Альянсу».
«Улады спрабуюць абмежаваць любыя грамадскія групы ды ініцыятывы. Сюды ўпісваецца і арышт нашага палечніка Ігара Чапігі,« — пракаментаваў старшыня «Правага Альянсу» Юрась Карэтнікаў. Ігару Чапігу , затрыманаму 8 верасня яшчэ на 72 гадзіны за падазрэнні ў датычнасці да нападу на расійскае пасольства. Першыя трое сутак актывіст адсядзеў за падазрэнні ва ўдзеле ў атакаванні мінскага ізалятара часовага утрымання па завулку Акрэсціна.
За шэсць гадоў працы, «Правы Альянс» толькі адзін год працаваў як зарэгістраваная структура. Спробы ўладаў пазбавіць «Правы Альянс» рэгістрацыі ніяк не адаб’юцца на далейшай працы, запэўніваюць сябры арганізацыі. «Для нас асноўным імператывам з’яўляецца не загады ці забароны, а вечная нацыянальная ідэя,« — дадаў Юрась Карэтнікаў.
Паводле статуту «Правы Альянс» займаецца ажыццяўленнем інфармацыйных функцый некамерцыйнага характара, падтрымкай дзейнасці моладзі ў сферы адукацыі, турызму, развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці, спорту, садзейнічае ўсебаковаму развіццю грамадства.
Юльян Місюкевіч