У Гродне будзе беларускамоўны клас з адной вучаніцай
Для першакласніцы Светы Астроўскай складуць індывідуальную праграму ў 32-й школе, а яе бацькоў за "несанкцыянаванае" патрабаванне беларускамоўнага класа будуць судзіць.
За тыдзень агітацыі на бацькоўскіх сходах прафесар Алесь Астроўскі не знайшоў жадаючых аддаць сваё дзіця ў беларускамоўны клас. Затое адміністрацыя 32-й сярэдняй школы прапанавала кампраміс: для яго дачкі большасць прадметаў будуць выкладаць па-беларуску. Урокі малявання, рытмікі і фізкультуры яна будзе наведваць разам з іншымі дзецьмі. Так Света будзе вучыцца бліжэйшыя 4 гады.
Лаяльнае стаўленне мясцовых чыноўнікаў не зняло адміністратыўнай адказнасці за несанкцыянаваны пікет 2 верасня, калі сям’я Астроўскіх патрабавала беларускамоўнага класа пад сценамі гарвыканкама.
Алеся Астроўскага будуць судзіць за арганізацыю недазволенай акцыі. Ягонай жонцы Аксане і журналісту Ўладзіміру Хільмановічу інкрымінуюць удзел у "незаконным пікеце".
Алесь Астроўскі кажа, што ўжо з вясны ён пачне агітацыю бацькоў на будучы навучальны год. Калі жадаючых зноў не знойдзецца, па індывідуальнай праграме будзе вучыцца яго сярэдні сын Янка. Ён ідзе ў школу наступнай восенню.
Нагадаем, беларускамоўны клас з адной вучаніцай працуе ў Магілёве. Год таму быццам бы з-за эканоміі сродкаў аналагічны клас закрылі ў Жодзіна.
Еўрапейскае радыё для Беларусі