“Мінск” канчаткова выцісне “Менск”?
11.09.2010 08:08
—
Новости Общества
1 верасня ўступіў ў дзеянне Закон аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, прыняты яшчэ два гады таму. Гэта значыць, што “школьны” правапіс набыў найвышэйшы дзяржаўны статус, у той час, як “класічны” (“тарашкевіца”) апынуўся па-за законам. Ці значыць гэта, што з беларускай мовы знікне не акадэмічная, але папулярная форма назвы нашай сучаснай сталіцы — “Менск”?
Паводле адной з версій, назву “Менск” наш горад атрымаў ад рачулкі Менкі (Мень, Мена), на якой быў заснаваны. Прычым, да 16 стагоддзя ў пісьмовых крыніцах сустракаюцца толькі варыяцыі з “е” — “Менск”, “Меньск”, “Менеск”, “Менеськ”.
“Варыянт з “і” упершыню з’яўляецца ў старажытных лацінскамоўных крыніцах ў 16-17 стагоддзі. Прычым менавіта з лаціны гэта напісанне пазычылі палякі, а ўжо ад іх - расійцы, - тлумачыць старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (ТБМ) Алег Трусаў. - Падкрэслю, што пачынаючы ад беларусізацыі ў беларускамоўных тэкстах пісалі толькі "Менск", у рускамоўных - "Минск".
Так было да 29 ліпеня 1939 года, калі пастановаю 2-й сесіі Вярхоўнага Савету БССР горад быў перайменаваны ў Мінск. І кропка.
У 1991 годзе Мінскі гарсавет народных дэпутатаў на прапанову фракцыі БНФ прагаласаваў за вяртанне гораду гістарычнай назвы. “Аднак праз сталічны статус перайменаванне мусіў зацвердзіць Вярхоўны Савет, але там мы большасці не набралі, — прыгадвае Алег Трусаў, які ў той час быў дэпутатам ВС ХІІ склікання. — Памятаю нават, што за вяртанне “Менска” прагаласавалі 142 дэпутаты пры неабходных 173”.
Цікава, што ТБМ, якое выкарыстоўвае афіцыйны, а не класічны правапіс, тым не менш цягам двух дзесяцігоддзяў свайго існавання паслядоўна ўжывала ў дакументацыі і друку менавіта форму “Менск”. Што зменіцца цяпер, з уступленнем у дзеянне Закону “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”?
“Мы афіцыйная арганізацыя і мусім ужываць афіцыйную назву “Мінск”, — распавяла ў інтэрв’ю TUT.BY намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім. — Але мы зыходзім з таго, што назву сталіцы трэба мяняць на гістарычную. Колькі часу гэта зойме, я не ведаю, але мы будзем дзейнічаць паводле нашых асноўных прынцыпаў: рыхтаваць глебу, збіраць подпісы... Заўважу, апошнім часам з’яўляюцца рэчы, пра якія мы нават марыць не маглі. Напрыклад, сталічным вуліцам вяртаюцца гістарычныя альбо прысвойваюцца годныя назвы”.
"У артыкуле 2 Закона "Аб Правілах беларускай арфаграфіі" гаворыцца, што ўсе “павінны кіравацца Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджанымі гэтым Законам, ва ўсіх сферах і выпадках выкарыстання пісьмовай беларускай мовы”, - тлумачыць нам доктар філалагічных навук, прафесар Віктар Іўчанкаў, пад навуковым кіраўніцтвам якога вялася распрацоўка новай рэдакцыі "Правіл". - Гэта значыць, што ўсе зарэгістраваныя выданні і арганізацыі павінны перайсці на афіцыйны правапіс. Хопіць гэтага разнабою".
Праўда, прыняты закон не вызначае меру адказнасці за парушэнне правілаў. Адпаведна не зразумела, што будзе з тымі, хто не згодзіцца пісаць паводле новых правілаў і працягне выкарыстоўваць “тарашкевіцу”. Гэтак галоўны рэдактар інтэлектуальнага часопіса "Arche" Валер Булгакаў заявіў, што яны пяройдуць на школьны правапіс толькі тады, калі "дзяржава пачне караць за класічны правапіс і паставіць пытанне аб дэлегалізацыі часопіса".
"Пытанне спадчыны, а не правапісу"
На думку знанага мовазнаўцы Змітра Саўкі, “Мінск – Менск” не правапісная праблема.
“Гэта не значыць, што паводле класічнага правапісу трэба пісаць “Менск”, а паводле савецкага — “Мінск”. Мая прабабуля жыла ў савецкім Менску ў даваенны час. Напрыканцы 1930-х ёй выдалі пашпарт, у якім “наркамаўскім” правапісам было напісана “Менск”. Рэформа правапісу 1933 года адбылася абсалютна ў іншых умовах і абсалютна з іншымі мэтамі”, — адзначае адзін з аўтараў зводу правілаў "Беларускі клясычны правапіс" (2005).
Па словах эксперта, калі мы сёння гаворым “Менск”, “Горадня”, “Берасце”, “Кобрынь”, “Ворша”, мы проста ідзем “за нашай традыцыяй і натуральным беларускім гучаннем”.
“Гэта выключна пытанне стаўлення да нашай спадчыны, да свайго, — кажа Зміцер Саўка. — Ёсць вялікае кола ўласнабеларускіх назваў, якія і ў савецкай традыцыі пішуцца так, як яны вымаўляюцца па-беларуску — абсалютна правільна і слушна. Слова “Менск” — адно ў гэтым шэрагу традыцыйных правільных напісанняў. Таму застаецца толькі пашкадаваць, што ўлады не чуюць нашага голасу ў гэтай справе, і паспадзявацца, што некалі ён ўсё ж будзе пачуты”.
“Думаю, цалкам апраўданым было б вярнуць гораду гістарычную назву "Менск", якая згадваецца ў славянскіх летапісах і ўвайшла ва ўжытак беларусаў, замест лацінска-польска-расійскага "Мінска", — адзанчаў у інтэрв’ю TUT.BY найлепшы знаўца гісторыі горада доктар Захар Шыбека. — Спадзяюся, з часам усё стане на свае месцы”.
"Менск" на карце БССР узору 1939 года. Фота: miram.livejournal.com |