Прадстаўнікі апазіцыі рэкамендуюць ЕС не адмяняць візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў
Як нагадаў на прэзентацыі прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных арганізацый Сяргей Лісічонак, 13 кастрычніка 2008 года Савет ЕС упершыню прыпыніў на год візавыя санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў, уведзеныя яшчэ ў 2004–2006 гадах. У кастрычніку 2010 года ЕС зноў плануе перагледзець сваё рашэнне. «У сувязі з гэтым прадстаўнікі няўрадавых арганізацый падрыхтавалі маніторынг развіцця сітуацыі ў Беларусі за гэты перыяд з пункту гледжання грамадзянскай супольнасці і выпрацавалі свае рэкамендацыі Еўрасаюзу», — паведаміў Лісічонак.
Лідар праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі камітэт» Алег Гулак адзначыў, што станоўчыя змены ў Беларусі адносна сітуацыі з правамі чалавека «не носяць сістэмнага характару». «Калі мы паглядзім на сітуацыю ў 2006 годзе і цяпер, то цяпер не назіраецца масавых арыштаў грамадскіх актывістаў з вынясеннем ім тэрмінаў адміністрацыйнага арышту або велізарных штрафаў. Тым не менш, дагэтуль у Беларусі не адменена смяротная кара, закон аб альтэрнатыўнай службе ў войску толькі распрацоўваецца, артыкул 193–1 КК Беларусі, які прадугледжвае адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, не адменены», — сказаў Гулак.
У адпаведнасці з аналізам сітуацыі беларускія недзяржаўныя арганізацыі выпрацавалі пяць рэкамендацый Еўрапейскаму саюзу з мэтай садзейнічання больш грунтоўным і паслядоўным дэмакратычным зменам у Беларусі. Першая: не адмяняць візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Другая: працягваць назіранне за сітуацыяй у Беларусі і часова прыпыніць дзеянне санкцый на шэсць месяцаў, каб асвятліць кампанію па выбарах прэзідэнта і магчымыя рэпрэсіі пасля яе. Трэцяя: распрацаваць інструмент, які б дазволіў больш эфектыўна прымяняць сістэму санкцый. Чацвёртая: падрыхтаваць даклад аб сітуацыі ў Беларусі і ацэнку эфектыўнасці палітыкі ЕС за перыяд дыялогу з афіцыйным Мінскам. І пятая: падчас прыняцця рашэнняў аб эканамічным супрацоўніцтве ЕС і Беларусі ўлічваць сітуацыю з парушэннямі правоў чалавека ў краіне.
«Рэпрэсіўныя інстытуты, такія як МУС, КДБ, пракуратура, мясцовыя выбарчыя камісіі і судовыя інстанцыі, не маглі б атрымліваць падтрымку, якая дазволіла б ім пашырыць свае рэпрэсіўныя дзеянні», — пракаментаваў апошні пункт рэкамендацый Лісічонак.
У верасні 2004 года ЕС абмежаваў уезд на сваю тэрыторыю шэрагу беларускіх чыноўнікаў. У спіс неўязных былі ўключаны былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў, былы дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і былы камандзір брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка.
У снежні 2004 года, пасля парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, спіс папоўнілі кіраўнік Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына і Юрый Падабед, які тады ўзначальваў полк міліцыі спецыяльнага прызначэння.
У 2006 годзе спіс быў пашыраны да 37 чалавек, адказных, паводле меркавання ЕС, за парушэнне правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. 3 кастрычніка 2006 года спіс неўязных папоўнілі яшчэ чатыры чалавекі: суддзя суда Маскоўскага раёна Мінска Аляксей Рыбакоў і дзяржабвінаваўца Сяргей Бортнік — за прыгавор
У кастрычніку 2008 года санкцыі ўпершыню былі прыпынены ў дачыненні да большасці ўключаных у спіс, за выключэннем пяці чалавек: Ярмошынай, Паўлічэнкі, Навумава, Шэймана і Сівакова.
БелаПАН