Чым розніцца варэнне сыру ў Нідэрландах ад такога ж працэсу ў вёсцы Яечкавічы?

Источник материала:  

Што трэба вясковай жанчыне для шчасця? Вядома, ніхто не скажа, што грамадская арганізацыя. І дарэмна. Бо тут яшчэ як паглядзець. Ясна, што ў вясковай жанчыны работы шмат. Гэта, як правіла, асноўная праца, клопаты па доме, дзеці, агарод, свойская жывёла, якая патрабуе догляду кожны дзень, і яшчэ безліч спраў. Але на двары ХХІ-е стагоддзе. І жанчыны вельмі перамяніліся. Як сказаў знаёмы фотакарэспандэнт з раёнкі: "Злёты даярак-...тысячніц дваццацігадовай даўніны і цяпер розняцца як неба і зямля. Раней у раён прыязджалі сціпла апранутыя жанчыны ў хустачках, а цяпер кабеты збіраюцца нібы на паказ моды: у прычосках, з манікюрам, стыльнае адзенне, нятанная біжутэрыя, — усё гэта звычайныя рэчы нават для працаўніц сяла".

Чым розніцца варэнне сыру ў Нідэрландах ад такога ж працэсу ў вёсцы Яечкавічы?А калі жанчына адукаваная, і дзеці падраслі, а ўзрост і здароўе дазваляюць неяк рэалізаваць свае здольнасці, то чаму б не пашукаць ім, гэтым здольнасцям, адпаведнае прымяненне? Вось прыкладна так і разважылі жанчыны з вёскі Крытышын Іванаўскага раёна, калі старшыня раённага Савета дэпутатаў Святлана Майсейчык прапанавала ўзяць удзел у праекце Беларускага саюза жанчын "Сельскія жанчыны і развіццё вёскі". Загадчыца мясцовай амбулаторыі Валянціна Датчук узначаліла пярвічную арганізацыю "Сяльчанка", куды ўвайшло каля трох дзясяткаў актыўных, неабыякавых, зацікаўленых у паляпшэнні якасці свайго жыцця і жыцця вёскі ў цэлым, жанчын.

Найперш, у чым нам дапамагла новая суполка, — расказвае Валянціна Аляксандраўна, — дык гэта арганізавацца. Раней проста ў галаву не магло прыйсці, каб, скажам, пэўная група жанчын села на веласіпеды і паехала па выбітных мясцінах Іванаўшчыны. А цяпер — вельмі проста. У адзін выхадны выбіраемся на радзіму Напалеона Орды, у другі — па мясцінах роду Дастаеўскіх. Па дарозе робім прывалы, адпачываем. І адкрываюцца таленты людзей, побач з якімі, лічы, жыццё пражыў. Нехта, аказваецца, хораша спявае, нехта прыгожа чытае вершы. А калі разгаварыліся ля вогнішча, выявілася, што амаль усе жанчыны займаюцца рукадзеллем на такім узроўні, што нясорамна арганізаваць выставу сваёй творчасці. Такім чынам, названая арганізацыя можа выступаць у якасці клуба па інтарэсах. Але гэта не галоўнае яе прызначэнне.

Падобная арганізацыя дзейнічае ў Нідэрландах. І на самым пачатку мелася на ўвазе, што іванаўскія жанчыны будуць вучыцца ў сваіх нідэрладскіх каляжанак, бо ў тых ёсць вялікі досвед, у тым ліку і арганізацыі ўласнага бізнэсу. Так і сталася, калі да іванаўскай "Сяльчанкі" завіталі госці з-за мяжы. Еўрапейскія жанчыны расказвалі не толькі пра моду, парфуму, свае захапленні, але ўзяліся навучыць беларускіх таварышак, напрыклад, варыць сыр па-галандску. Яны прывезлі свае закваскі, прыправы і паказалі тэхналогію прыгатавання сыру ў хатніх умовах. Адна жанчына, жыхарка вёскі Яечкавічы, ухапілася за ідэю, бо мае чатыры каровы. Гаспадыні з Яечкавіч ужо нецікава проста даіць кароў і здаваць малако штодня на зборны пункт. Яна хацела б паспрабаваць нешта. І цуд адбыўся: жанчына зварыла галоўку сыру падчас таго майстар-класа. Цяпер сыр выспявае, і сяброўкі па суполцы з цікавасцю чакаюць выніку. Між іншым, нашы гаспадыні пацікавіліся ў замежнай руплівіцы, якая працэдура рэгістрацыі сваёй справы існуе ў іх. І здзівіліся, бо пачулі, што жанчына з Нідэрландаў зварыла сыр і адвезла яго кавалак у адпаведную ўстанову на аналіз. За аналіз, праўда, заплаціла. Праз некалькі дзён яна атрымала станоўчае заключэнне санітарнай службы, што і стала дазволам на вытворчасць сыроў і гандаль сваёй прадукцыяй. Праўда, спецыяліст гэтай службы можа заехаць у любы час да прадпрымальніцы і ўзяць кавалачак сыру на паўторны аналіз. Заключэнне такой экспертызы аўтаматычна становіцца сертыфікатам якасці. У нас працэдура куды больш складаная, што вельмі часта палохае вясковых гаспадароў. Але настройваць на цярплівасць і паслядоўнасць сяброў сваёй арганізацыі мае цвёрды намер "Сяльчанка".

Спачатку гасцей прымалі ў Іванаўскім раёне, потым іванаўскія жанчыны наведалі Нідэрланды. Паводле слоў Валянціны Датчук, з усяго што там паглядзелі, найбольш уразілі нават не асобныя праграмы, мерапрыемствы па рэабілітацыі інвалідаў, а гуманнае стаўленне ўсяго грамадства да гэтай катэгорыі людзей. Валянціна Аляксандраўна, як доктар, асабліва ацаніла форму работы з інвалідамі, якая там носіць умоўную назву "Дом Томаса". Там створаныя дамы для пражывання інвалідаў, дзе людзі маюць магчымасць адчуваць сябе паўнацэннымі і патрэбнымі грамадству. У кожным з такіх дамоў жыве 5-7 інвалідаў і два супрацоўнікі. У іх агульныя кухня і гасцёўня, спальня ж у кожнага свая. Шторанак пад'язджаюць машыны з гаспадарак бліжэйшых фермераў і забіраюць людзей з абмежаванымі магчымасцямі на працу. Пра гэта загадзя клапоцяцца супрацоўнікі, і кожнаму падбіраецца занятак: адзін складвае ў скрынкі яйкі альбо клеіць этыкеткі, другі прыбірае за жывёлай, даглядае агарод і т.д. Такім чынам, людзі занятыя працай, зарабляюць грошы, а не сядзяць на шыі бацькоў да старасці. І ў паўсядзённым жыцці ў невялікім калектыве інваліды хутка вучацца прыбіраць, мыць посуд, рабіць нескладаныя гаспадарчыя справы. У краіне сістэма работы з інвалідамі адладжана дзесяцігоддзямі, таму работадаўцы ставяцца з разуменнем, і праблем з работай не ўзнікае.

Вярнуўшыся дадому, іванаўскія жанчыны ўзяліся хоць бы на сваім мясцовым узроўні нешта палепшыць у жыцці інвалідаў. І разам з цэнтрам занятасці, сацыяльным цэнтрам распрацоўваюць праграму навучання людзей з абмежаванымі магчымасцямі якой-небудзь справе. Таму на фэсце "Мотальскія прысмакі" "сяльчанкі" абсталявалі сваю палатку і арганізавалі збор сродкаў на лячэнне двухгадовай Тані Арцёменка. Дзіцяці патрабуецца аперацыя за мяжой. Аўтар гэтых радкоў была сведкай, як шчыравалі жанчыны на ніве прапаганды і агітацыі за спагаду да чалавека і як цяжка бывала прабіць сцяну абыякавасці. Але ж кропля камень точыць, на гэта і маюць спадзяванне актывісткі жаночай арганізацыі з Крытышына і навакольных вёсак. За плячыма ў іх многа добрых спраў, а наперадзе — яшчэ больш.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

<І>Іванаўскі раён.

←КГБ вновь производит аресты в КГК

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика