«Ускапаць бульбу? Лёгка!»

Источник материала:  

Таццяна і Аляксандр Купрыянавы, жыхары райцэнтра, падалі вяскоўцам добры прыклад: на 8 бацькоўскіх сотках у Гібалах бульбу ўдалося выкапаць крыху больш чым за гадзіну, з дапамогай прадпрыемства "Касцюковіцкія бытпаслугі".

— Мы ўсе працуем. У нас дзіця маленькае, клопатаў шмат, але і бацькоў не маем права кідаць, — расказала Таццяна. — Яны старыя людзі, трэба іх падтрымаць. Цяпер, пакуль надвор'е, усе хочуць хутка ўскапаць бульбу. "Калі ласка, заўтра раніцай будзе трактар!" — так адказалі мне на тэлефанаванне ў дыспетчарскую "Бытпаслугаў". Так што мы з бульбай будзем у гэтым сезоне!

«Ускапаць бульбу? Лёгка!»Маладыя людзі пераехалі з вёсак у гарады, але дбаюць пра сваіх старых. Аднак псіхалогія людзей з цягам часу мяняецца, і яны ўжо адмаўляюцца ад працяглых працоўных дэсантаў на бацькоўскіх сотках. Яны лічаць цяпер, што ім лепей заплаціць за добрую паслугу, чым самім на некалькі дзён кідаць надзённыя справы і корпацца на полі.

Сухое і сонечнае надвор'е гэтымі днямі сапраўды спрыяе палявым работам. На невялікім полі Купрыянавых, дзе радасна жаўцеюць кабачкі і гарбузы, большую частку зямлі займае бульба. Трактар з капалкай рухаецца па полі, жанчыны дапамагаюць збіраць бульбу ў кошыкі.

— Бульба добрая, і нават не дробная, — гавораць памочніцы, перасыпаючы клубні ў мяхі.

— Ураджаем бульбы я задаволена: думалі, што і гэтага не будзе, — шчыра сказала гаспадыня, Кацярына Мікалаеўна Купрыянава, якая адразу пачала чысціць новую бульбу, каб пачаставаць памочнікаў. — Хопіць і нам на пракорм, і дзецям. Раней мы з дзедам самі бульбу капалі, а цяпер, дзякуй Богу, усё арганізоўваюць дзеці. Малайцы!

Мяхі з бульбай мужчыны спраўна насілі на падворак.

— Я дапамагаю маці і бацьку, — сказаў Аляксандр Купрыянаў, які цягнуў мех з бульбай. — Бацька — інвалід, маці ўжо 73 гады. А свая бульба, вядома, усім патрэбная. Мы звярталіся ў розныя арганізацыі і нарэшце знайшлі дапамогу ў "Бытпаслугах". І цэны іх нам па кішэні.

— Мы аддалі толькі 28 тысяч рублёў, — паведаміла Таццяна. — І я вам скажу, што гэта не грошы ў параўнанні з арэндай каня. Ды і з жывёлай убіраць бульбу больш складана. Трактар аказаўся з усіх бакоў больш выгадным. Так хутчэй і лепей.

Ад сярэдзіны жніўня "Касцюковіцкія бытпаслугі" працуюць на ўборцы бульбы ў падсобных гаспадарках. За гэты час абслужылі 110 кліентаў, убралі ўраджай на 8 гектарах.

«Ускапаць бульбу? Лёгка!»— Штодзень маем тры-чатыры заяўкі і імкнёмся рабіць сваю справу хутка і якасна, — рапартуе дырэктар прадпрыемства Сяргей Старавойтаў. — У нас ёсць канкурэнты: прыватныя прадпрымальнікі маюць тэхніку і прапаноўваюць свае паслугі. Праўда, яны просяць за апрацоўку соткі зямлі 4500—5500 рублёў, а ў нас сотка каштуе 3580 рублёў. І нават з такімі цэнамі мы ўжо зарабілі на бульбе больш за 3 мільёны рублёў. Проста з самага пачатку аптымізавалі працу: на месцах склалі спісы ахвотных і праклалі эканамічныя маршруты для тэхнікі. Мы гатовыя і далей працаваць, няхай было б яшчэ болей заявак.

Сяргей Якаўлевіч прыйшоў у "Бытпаслугі" літаральна тры месяцы таму і вельмі здзівіўся, калі ўбачыў паламаную капалку пад агароджай, нібыта нікому не патрэбную. Механізм хутка аднавілі. Цяпер на прадпрыемстве маюць плугі, невялікі культыватар і гатовыя рыхтаваць увосень глебу да зімы, а ўвесну — да сяўбы. Апрацоўка будзе каштаваць яшчэ танней, чым копка бульбы — 1800 рублёў за сотку.

— Мы спадзяёмся, што ў наступным сезоне ў нас будзе яшчэ болей кліентаў, — гаворыць Старавойтаў. — Самае галоўнае зараз — задаволіць людзей. Мы яшчэ мяркуем купіць і касілку, каб удзельнічаць у нарыхтоўцы кармоў. А цяпер і школе мы дапамаглі ўбраць бульбу практычна бясплатна, таму што паважаем усіх нашых кліентаў.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

Касцюковіцкі раён.

←КГБ вновь производит аресты в КГК

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика