У цэнтры горада Ліда па вуліцы Гагарына яшчэ да перастройкі пачалі будаўніцтва вялікага і прыгожага басейна. Аднак паплаваць у ім лідчукам не давялося: будаўніцтва не скончылі, толькі пакінулі вялікі пусты будынак на радасць мясцовым беспрытульным.
Моладзь таксама знайшла «карысць» ад пустога будынка, папросту пераўтварыла яго ў прытон.«Там ужо даўно збіраюцца падлеткі, паляць, п’юць, сэксам займаюцца, наркотыкамі балуюцца. Усё гэта ў адкрытую. Усе пра гэта ведаюць. — скардзіцца адзін з жыхароў горада Ліда, Мікола Грынцэвіч,-
Мы думалі можа знясуць гэты прытон ці перабудуюць перад Дажынкамі. Але яго накрылі белым саванам, нібы там казачны палац. Я назваў гэта «вертэп пад белым саванам».У Райвыканкаме нам паведамілі, што сёння гэтае памяшканне мае ўжо свайго ўласніка — кампанію «Еўраторг», якая плануе перабудаваць басейн у новую вельмі патрэбную гораду краму.
«
Будаўніцтва плануецца пачаць адразу пасля Дажынак. — тлумачыць прадстаўнік кампаніі „Еўраторг“ Віталь Змітровіч.— Ці будзе гэта двухпавярховая крама ці не, пакуль не магу сказаць. Аднак гандлёвая плошча плануецца каля 1 тыс.кв. метраў і прадавацца там будуць тавары паўсядзённага попыту. На дадзены момант будынак накрылі спецыяльай покрыўкай з малюнкам, каб ён не кідаўся ў вочы з вуліцы».
Па планах новая крама на вуліцы Гагарына будзе здадзена прыблізна ў жніўні 2011 года. А год кампанія «Еўраторг» плануе адкрыць яшчэ і гіпермаркет у Лідзе, дзе будуць прадавацца і будаўнічыя матэрыялы, і адзенне, і прадукты, і будзе уласная пякарня. Па вуліцы Краснаармейская (далей за помнікам габрэям) для новага гіпермаркета кампанія ўжо выкупіла 4 гектары зямлі і плануе, што гандлёвая плошча крамы будзе 4–4.5 тыс.кв.м.
Пакуль што абодва праекты кампаніі «Еўраторг» на стадыі распрацоўкі дакументацыі. Аднак Віталь Змітровіч запэўнівае, што вось пройдуць Дажынкі і пачнецца будаўніцтва. Спадзяемся, што такім чынам «лідскі вертэп пад белым саванам».
Настасся Шамрэй