Самыя прыгожыя падзеі і людзі на думку беларусаў

Источник материала:  

9 верасня ў свеце адзначаюць Міжнародны дзень прыгажосці. Такая назва замацавалася за датай у 1995 годзе дзякуючы Міжнароднаму камітэту эстэтыкі і касметалогіі CІDESCO, які прапанаваў у гэты дзень усяму, што міла сэрцу і воку, надаць больш увагі, чым звычайна. Чаму? Бо заслугоўвае! Хоць бы таму, што суправаджае нас паўсюдна. Тая самая глабальная ПРЫГАЖОСЦЬ для кожнага чалавека выяўляецца ў нечым асабістым. А што было самай яскравай праявай прыгажосці ў вашым жыцці?

Дзіна Грыцкевіч, студэнтка МДЛУ:

— У мяне ёсць адзін знаёмы, вельмі цудоўны і чулы чалавек. Ён мае невялікі даход, але гэта не перашкаджае яму займацца дабрачыннасцю. Праца, як і ў ва ўсіх, забірае шмат часу, а хлопец яшчэ і ў дзіцячы дом ідзе дапамагаць. Гэты чалавек ужо стаў для дзяцей сябрам: можа пагутарыць пра што заўгодна, парадаваць падарункам, развесяліць. Дзеці, зразумела, адкрыта рэагуюць на шчырыя эмоцыі. Па-мойму, вельмі прыгожа.

Аляксей Грышын, алімпійскі чэмпіён па фрыстайле:

— Для мяне самае прыгожае — гэта калі мой любімы Мінск упрыгожваюць перад якім-небудзь святам. Асабліва перад новым годам, калі ўсе вуліцы і праспекты напоўненыя святлом. Да таго ж і людзі ў такія дні больш усміхаюцца, весяляцца.

Алена Зубік, сімпатычная шатэнка:

— Успамінаю дзень, калі вянчалася сяброўка. Прыгожы храм, агеньчыкі лампадаў і свечак, убор святара і закаханыя маладыя. Усё разам так узрушыла. Было адчуванне сапраўднага хараства. А яшчэ я аднойчы позна вечарам вырашыла пакатацца на коле агляду. Асветлены горад унізе падаўся казачным.

Ігар Бархаткоў, мастак, лаўрэат прэміі "За духоўнае адраджэнне":

— Самым чыстым і прыгожым, што я бачыў у сваім жыцці, былі адносіны маіх бацькоў, іх душэўны лад. Ад іх ішла ўнутраная прыгажосць.

Алена Пятроўна, настаўніца рускай мовы:

— У розныя перыяды жыцця я любавалася рознымі рэчамі. Напрыклад, салютам на свяце ў горадзе, калі была студэнткай. Таксама аднойчы з захапленнем назірала, як аднаўляюць старадаўнюю архітэктуру. Адмысловае майстэрства: не нашкодзіўшы мінуламу, захаваць яго для будучыні. Цяпер у мяне ёсць дзіця. Думаю, у ім і яго з'яўленні на свет шмат прыгожага.

Уладзімір Здановіч, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе:

— Найпрыгажэйшае здарэнне ў маім жыцці — сустрэча з маёй жонкай. Калі я ўбачыў яе, то падумаў: "Вось гэта самая прыгожая жанчына ў свеце". У тую хвіліну я параўнаў яе з Мадоннай. І вось неўзабаве ў нас будзе сярэбранае вяселле.

Віка Трэнас, беларуская паэтка, рэдактар аддзела паэзіі часопіса "Маладосць":

— Аднойчы мы з сяброўкай наведалі Батанічны сад пасля рэканструкцыі. Гулялі ля вадаёма, глядзелі на лебедзяў. У нейкі момант злавіла сябе на думцы, што ўсё наўкол незвычайна прыгожа. А ўвогуле, для мяне заўжды прыгожы свет у сваёй разнастайнасці, таму імкнуся заўважаць хараство паўсюдна. У пейзажах, людзях, літаратуры, музыцы. Прыгожа, калі чалавек усё робіць з задавальненнем: працуе, апранаецца, ад гэтага жыццё становіцца лепшым і мы гарманічна сябе пачуваем.

Павел Сярдзюк, святар:

— Я быў побач з жонкай, калі яна нараджала. Гэта найцудоўнейшы момант у маім жыцці. Няма нічога больш прыгожага за з'яўленне на свет новага чалавека.

Таццяна Нікіціна, Міс БДУ-2010:

— Больш за ўсё мне падабаюцца маленькія дзеці. Я проста захапляюся імі. А ўвогуле, я нават не ведаю, як можна сказаць, што самае прыгожае ў нашым жыцці? Вось што больш прыгожае: зоркі ці мора? Ніхто не зможа адказаць. А калі чалавек закаханы, дык пачуццё хараства вельмі абвастраецца.

Ганна ГАРУСТОВІЧ,

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

←В Минске озвучили официальные итоги переписи населения

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика