Арлова і арлы

Источник материала:  

Пра жывёл і птушак, і не толькі арліных, яна можа расказваць бясконца, таму што ведае лёс кожнага свайго пітомца. Па розных прычынах трапляюць яны ў клетку.

— У клетку, але не ў няволю. Таму што на волі іх некалі чакала непазбежная пагібель, — удакладняе Ірына і акцэнтуе ўвагу на той факт, што ўсе птушкі былі падабраныя не проста ўважлівымі — неабыякавымі да жывой прыроды людзьмі. Віцебскі заапарк — тэрыторыя сапраўднага чалавечага высакародства. Не без гонару падкрэслівае: "Наш заапарк адзіны, які збірае параненых, хворых і знясіленых птушак. Потым выходжвае і, калі ёсць упэўненасць у іх выздараўленні, выпускае на волю".

Арлова і арлыСпачатку мы падышлі да клеткі з ястрабам-асаедам, і Ірына распавяла ўласную гісторыю выходжвання гэтага драпежніка. "Птушку злавілі будаўнікі і прапаноўвалі яе арнітолагам за грошы, напэўна, хацелі зарабіць на гарэлку. Арнітолагі перадалі мне. Трэба было неяк выкарміць і захаваць птушаня".

Тры гады асаед жыў у кватэры Ірыны, цалкам разумеючы, што яму дазволена рабіць. Ён ведаў сваю тэрыторыю, а спажываў усё, чым сталаваліся гаспадары — ёгурты, тварог, мёд, хоць на волі галоўным спажывам асаеда з'яўляюцца лічынкі восаў, пчол, шмялёў і шэршняў. Ірына ўсяляк імкнулася не дапусціць, каб птушка стала ручною. Як правіла, асаед на зіму адлятае. Але адпусціць яго яна не рызыкнула, каб не загінуў. Цяпер асаед знаходзіцца ў адной клетцы з канюком, якога дзве зімы таму падабралі і прынеслі таксама жыхары Віцебска.

Васямнаццаць гадоў жыве ў заапарку арлан-белахвост, знойдзены вядомым арнітолагам Уладзімірам Іваноўскім зімою ў сумёце. Сёння па знешнім выглядзе ніяк не скажаш, што бедалагу літаральна вярнулі з іншага свету. Статная, сытая, здаровая птушка, і прастора клеткі-вальера яе цалкам задавальняе. Арол ведае сваіх апекуноў, і, калі ветэрынар Арлова заходзіць у клетку, птушка ў знак згоды дазваляе да сябе наблізіцца.

Восень кліча ў вырай. Але буслы, лебедзі, гусі і чайка ў неба не імкнуцца. Яны разгульваюць па ўсёй тэрыторыі, дакладна ведаючы, што з 16 да 17 у іх час вячэры. Ціхутка, не варушачыся, сядзяць на шастках балотныя і вушастыя совы — ажно сем штук.

Арлова і арлы

— У нас адна з найбольшых калекцый драпежных птушак сярод беларускіх заапаркаў, — кажа Ірына Арлова, — хоць толькі мы на гаспадарскім разліку і маем зусім невялікія грошы для існавання. Ад горада ж не атрымліваем ніякай датацыі.

І яна ніколькі не перабольшвае, калі называе заапарк адзіным у краіне рэабілітацыйным цэнтрам для дзікіх птушак. У тым ліку і чырванакніжных.

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.

←В Минске озвучили официальные итоги переписи населения

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика