Мінск запрашае на "салодкі" фестываль
11 верасня ў Мінску пройдзе першы кандытарскі фестываль "Асалодкі — 2010". Аб гэтым карэспандэнту "Звязды" паведаміла прэс-сакратар канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Ірына Гусева. "Салодкае свята" пачнецца ў 10 гадзін на пляцоўцы каля Палацу спорту, і там жа а 13 гадзіне адбудзецца буйное прадстаўленне. Пры гэтым госці фестывалю змогуць пабачыць канцэрт, паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах (напрыклад, па з'яданні шакаладак на хуткасць), пагадаць на цукерках, пабачыць касцюмы з цукерачных фанцікаў, пагуляць пад цукерачнымі, зефірнымі і шакаладнымі дрэвамі, а таксама пакаштаваць (і абавязкова набыць!) прадукцыю беларускіх кандытараў. Дарэчы, чакаецца, што ўдзел у "Асалодках — 2010" возьмуць практычна ўсе айчынныя вытворцы, і ў тым ліку "Камунарка", "Спартак", "Слодыч", "Чырвоны харчавік", "Чырвоны Мазыранін", "Конфа" і "Першая шакаладная кампанія".
Сяргей ГРЫБ.