Адкрытая размова пра набалелае

Источник материала:  

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар сустрэўся з калектывам Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб'яднання. У сустрэчы прыняў удзел і старшыня канцэрна "Беллегпрам" Генадзь Вырко.

Сітуацыя на прадпрыемстве складаная. Рэнтабельнасць нулявая. Запасы прадукцыі выраслі да 23 млрд рублёў. БВБА засталося без сыравіны і абаротных сродкаў.

Кіраўнік вобласці лічыць, што адказнасць за такі стан спраў нясе кіраўніцтва прадпрыемства. Ён звярнуў увагу на той факт, што нават у Брэсце аб'яднанне не мае сваёй крамы, а на ўсю краіну ў прадпрыемства ўсяго дзве фірмовыя крамы.

У аб'яднанні новы генеральны дырэктар — Іван Турчак, які да гэтага ўзначальваў камбінат надомнай працы. Дзяржава ўжо ўклала ў баваўнянае аб'яднанне 90 млрд рублёў, але прадпрыемству патрэбна далейшая падтрымка. Дэбіторская запазычанасць БВБА хутка дасягне 30 млрд рублёў. І гэта пры тым, што склады прадпрыемства запоўненыя тканінай даволі добрай якасці. Калі б удалося рэалізаваць прадукцыю, то эканамічная сітуацыя ў тэкстыльшчыкаў значна палепшылася б.

Кіраўнік канцэрна Генадзь Вырко заявіў, што бавоўна будзе закупляцца цэнтралізавана, а гэта дасць магчымасць знізіць цану на сыравіну. Для мадэрнізацыі вытворчасці канцэрн выдзеліць БВБА 160 млрд рублёў.

— Але пры любой падтрымцы прадукцыя не павінна ляжаць на складах, — падкрэсліў старшыня "Беллегпрама".

Падчас сустрэчы з тэкстыльшчыкамі кіраўнік Брэсцкага аблвыканкама К. Сумар закрануў і іншыя праблемы горада.

Ён звярнуў увагу на тое, што Лядовы палац у Баранавічах стратны.

— Неабходна выправіць сітуацыю. У вобласці ўсе спартыўныя комплексы ўжо сябе акупляюць, — заявіў кіраўнік Брэстчыны, — а яшчэ мы павінны асвоіць 240 млрд рублёў, якія выдзелены на будаўніцтва воднага спартыўнага комплексу.

Старшыні аблвыканкама задалі пытанне наконт правядзення абласных "Дажынак" у Баранавічах.

Канстанцін Сумар не супраць таго, каб у наступнай пяцігодцы "Дажынкі" прайшлі ў Баранавічах, і адзначыў, што гэтае мерапрыемства хоць і прыемнае, але дарагое. Сёлета абласное свята ўраджаю ў Маларыце абыдзецца вобласці ў 140 млрд рублёў. А абласны бюджэт мае мяжу. Вось выдзелены грошы на прывядзенне ў парадак вуліц Шаўчэнкі і Уральскай, а яшчэ неабходна знайсці сродкі для таго, каб адрамантаваць гінекалагічнае аддзяленне радзільнага дома, знайсці грошы на будаўніцтва дзіцячага сада ў новым мікрараёне Бараўкі...

Гаворка ішла не толькі пра праблемы, але і пра тое, што зроблена ў горадзе і вобласці. За пяцігодку на Брэстчыне было пабудавана больш за тры мільёны квадратных метраў жылля. У вобласці створаны ўсе ўмовы для прадпрымальніцтва: сёння кожны шосты жыхар Брэстчыны працуе ў прыватным сектары.

Добра, што размова атрымалася шчырай.

Сымон Свістуновіч.

←В Минске озвучили официальные итоги переписи населения

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика