Абзац

Источник материала:  

80 гадоў з дня нараджэння Юрыя Гуляева — спевака, народнага артыста СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР.

Гаспадаркі Беларусі, па звестках на ўчарашні дзень, убралі грэчку на 10,6 тыс.га, што складае 30,6 % засеяных плошчаў. Намалочана 11,7 тыс. т зерня, ураджайнасць складае 11,1 ц/га. Самая высокая ўраджайнасць у Гродзенскім рэгіёне — 16,3 ц/га.

Віцебскі гарвыканкам задаволіў шматлікія просьбы жыхароў Віцебска і забараніў гандаль гарэлкай і півам з 23 да 8 гадзін у крамах, якія працуюць кругласутачна. Рашэнне мясцовай улады ўступіла ў сілу. Пасля прыняцця такога рашэння колькасць крамаў з кругласутачным рэжымам працы ў абласным цэнтры скарацілася з 8 да 3. У адным з магазінаў, якія засталіся, з 23 да 8 гадзін забараняецца рэалізацыя спіртовых напояў і піва, у двух другіх — продаж гарэлкі па фіксаваных коштах і піва.

Мэр Мінска збіраецца выселіць кракадзілаў са сталічных кватэр. Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька лічыць магчымым перагледзець у бок большай строгасці правілы ўтрымання ў кватэрах шматпавярховых дамоў хатняй жывёлы для забеспячэння бяспекі грамадзянаў. Як чакаецца, у хуткім часе будзе прынятае адпаведнае рашэнне. Уладальнікі ўсякай жыўнасці павінны ўлічваць нормы супольнага жыцця і не парушаць правілаў утрымання хатніх пітомцаў. "Вось калі ў кватэры паверхам вышэй жыве, скажам, ядавітая змяя альбо кракадзіл, то гэта выклікае ў чалавека пэўны непакой, хоць напрамую ён з гэтым кракадзілам не кантактуе. Але непакой ёсць, паколькі існуе магчымасць пагрозы", — сказаў М. Ладуцька.

Супрацоўнік міліцыі падчас палявання ў Краснапольскім раёне па неасцярожнасці забіў таварыша. Супрацоўнік Краснапольскага РАУС разам з працаўніком адміністрацыі зонаў адчужэння і адсялення па гэтым раёне незаконна палявалі на дзіка паблізу вёскі Палуж-1. Міліцыянер, які памылкова прыняў таварыша за звера, прычыніў са свайго зарэгістраванага паляўнічага ружжа смяротнае агнястрэльнае раненне. Заведзена крымінальная справа.

У Івацэвічах электрацягніком траўмаваны 18-гадовы хлопец. Няшчасны выпадак здарыўся 7 верасня ў 23.26 на чыгуначнай станцыі "Івацэвічы". Малады чалавек, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення, упаў з перона перад электрычкай "Брэст — Мінск". Юнак, навучэнец Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, з траўматычнай ампутацыяй ног змешчаны ў рэанімацыйнае аддзяленне Івацэвіцкай бальніцы. Пацярпеламу зроблена аперацыя, яго стан цяжкі.

Партыя нелегальна перавозімых жывых кветак на Br344 млн канфіскаваная супрацоўнікамі аператыўна-пошукавага аддзела Віцебскай мытні ў Дубровенскім раёне. Ружы і хрызантэмы перавозіліся з Германіі ў Расію на грузавым аўтамабілі DAF, якім кіраваў расійскі грамадзянін. У ходзе дагляду мытнікі выявілі перавышэнне колькасці заяўленага тавару больш чым на 47 тыс. адзінак. Пачаты адміністрацыйны працэс. Так як тавар хутка псуецца, то кветкі паступілі ў спецыялізаваныя гандлёвыя арганізацыі вобласці.

Сапраўдную кобру злавілі ўчора выратавальнікі ў самым цэнтры Мінска. Заўважылі змяю мінакі па вуліцы Веры Харужай. Кобра паўзла па лесвіцы, а людзі здымалі яе на камеры мабільных тэлефонаў. Супрацоўнікам МНС давялося шмат папрацаваць, каб злавіць змяю. Яе даўжыня не перавышае метра, але яна вельмі небяспечная. Выратавальнікі перадалі знаходку супрацоўнікам заапарка. Як змяя з'явілася на ганку крамы — невядома. Гэта трэці выпадак літаральна за месяц, гавораць выратавальнікі. Першыя дзве змяі былі бясшкодныя для людзей.

ПОЎНЫ АБЗАЦ Расійскія прыставы арыштавалі за даўгі акварыумных рыбак жыхара Башкартастана, які не змог вярнуць банку буйную суму грошай. У загарадным доме ўфімца прыставы выявілі акварыум з імітацыяй марскога дна, які быў уманціраваны ў сцяну. Эксперты вызначылі, што сярод рыбак аказаліся вельмі рэдкія віды. Зараз рыбкі знаходзяцца на захаванні ў спецыялістаў. Іх прададуць, а выручаныя грошы пойдуць у лік пагашэння доўгу. Раней у такіх выпадках арышт накладваўся толькі на дробную і буйную рагатую жывёлу, а таксама пчолаў.

←В Минске озвучили официальные итоги переписи населения

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика