Пра што раскажа стары млын. Аб чырвоным кутку, багах і добрай гаспадыні

Источник материала:  
Пра што раскажа стары млын.
Аб чырвоным кутку, багах і добрай гаспадыні

У нашай краіне ёсць месцы, дзе асабліва адчуваецца подых мінулых часоў і сувязь пакаленняў — ад прадзедаў да нашых дзён. Сярод іх — раённы цэнтр рамёстваў аграгарадка Русіна, што пад Баранавічамі. Варта толькі ступіць на яго тэрыторыю (займае яна каля трох гектараў), як адразу трапляеш на сялянскую сядзібу пачатку XX стагоддзя. Тут і стары млын, і кузня, і альтанка, і паветка, і калодзежы двух тыпаў — калаварот і журавель. А побач знаходзяцца драўляныя скульптурныя кампазіцыі — міфалагічныя багі старажытных беларусаў: Пярун, Дажбог, Лёля, Зюзя. — Праходзьце, калі ласка. Пазнаёмлю вас з нашым унікальным музеем, які пачалі ствараць сёлета, — запрашае дырэктар раённага цэнтра рамёстваў Сяргей Седач. Ён накіроўваецца да млына, падымаецца па яго прыступках і праводзіць у памяшканне, дзе знаходзіцца музей земляробства. Тут можна даведацца не толькі пра тое, якія сельскагаспадарчыя культуры вырошчваюцца ў Баранавіцкім раёне, але і пабачыць сапраўдныя рарытэты: каваную касу XIX стагоддзя, старыя цапы і сярпы пачатку XX стагоддзя.— Пакуль мы задзейнічалі толькі адзін паверх, але неўзабаве падключым і другі, каб пашырыць нашу экспазіцыю, — расказвае Сяргей Сяргеевіч. — Тут паказана эвалюцыя прылад працы — ад палкі-капалкі да трактара “Беларус”. Традыцыйна ж пры апрацоўцы зямлі беларусы выкарыстоўвалі барану-сукаватку і пляцёнку.Паводле слоў дырэктара, школьнікі, якія прыходзяць сюды на экскурсію, дзіву даюцца, наколькі цяжка працавалася раней. Напрыклад, каб змалаціць зерне цэпам, патрэбна было зрабіць у дзень 26 тысяч удараў.  Цікавым экспанатам з’яўляецца і сам ветраны млын-казлоўка, дзе і размясцілі музей земляробства.— У параўнанні з іншымі наш млын цалкам паварочваецца. Для гэтага сяляне выкарыстоўвалі бервяно і цяглавую сілу, — тлумачыць Сяргей Седач. — Млын быў прывезены да нас з Ляхавіцкага раёна некалькі гадоў таму.Не менш пазнавальна зазірнуць у сам цэнтр рамёстваў. Тут кожны пазнаёміцца з гісторыяй, культурай і звычаямі краю. Асабліва каларытнай падалася зала сялянскага побыту, дзе створаны інтэр’ер беларускай хаты. — Па традыцыі ў ёй абавязкова быў чырвоны кут. Гэта святое месца ў доме селяніна: тут вісеў абраз, упрыгожаны ручніком, і ставілася лампадка, якая павінна была пастаянна гарэць, — распавядае Сяргей Сяргеевіч. — Чырвоны кут ахоўваў хату ад няшчасцяў. У час вяселля маладых садзілі бліжэй да яго, а больш сталых людзей — бліжэй да парога. Калі ж адбываліся памінкі, усё рабілі як раз наадварот.Прадстаўлены ў зале сялянскага побыту і так званы бабін кут, дзе звычайна працавала жанчына. Чаго тут толькі няма — маслабойкі, варштат (ткацкі станок) і шэраг іншых памочніц гаспадыні. Але галоўнай, без-умоўна, была печ.— Па тым, як выглядала печ (ці чыстая яна, ці пабеленая), меркавалі, наколькі добрая ў хаце гаспадыня, — расказвае экскурсавод. — А ці ведаеце вы, што лапату для печы выкарыстоўвалі як... лекавы сродак? Калі дзіця дрэнна сябе адчувала, ёй ударалі па пятай кропцы, выбіваючы такім чынам хваробу.У зале сялянскага побыту мы ўбачылі і сапраўдны куфар, куды з нараджэння складваўся пасаг дзяўчыны — ручнікі, строі і іншае багацце. Ёсць тут і традыцыйная дзіцячая калыска. У яе, паводле беларускіх звычаяў, нельга было класці нехрышчонае немаўлятка. Акрамя таго, забаранялася калыхаць пустую калыску, інакш дзіця цяжка захварэе і можа нават памерці.Сярод тутэйшых экспанатаў, якія варта было б пабачыць, каб узгадаць свае карані, — традыцыйны беларускі строй, станок з ганчарным кругам, горан, дзе абпальвалі керамічныя вырабы, стары човен з нізкімі бартамі, буч-тапатуха для лоўлі рыбы. А мясцовай калекцыі посуду магла б пазайздросціць кожная гаспадыня. Гэта збаны, глякі, сунічніцы і падвазоннікі. Прычым зроблены керамічныя вырабы з розных відаў гліны, у прыватнасці з чорнай, якую ўжо рэдка дзе сустрэнеш. Нездарма дырэктар цэнтра рамёстваў перакананы, што яго экспазіцыя ўнікальная.Дарэчы, асаблівым гонарам, на думку Сяргея Сяргеевіча, з’яўляецца галерэя народных свят (гэта Каляды, Купалле, Вялікдзень і іншыя), створаная мастаком Дзмітрыем Шчасным па работах Напалеона Орды. — Задача нашага цэнтра — не толькі захоўваць беларускія традыцыі, але і перадаваць іх з пакалення ў пакаленне, таму ў нас зараз працуюць чатыры гурткі: разьбы па дрэве, ганчарства, ручнога ткацтва і бортніцтва. Сёлета, дарэчы, мы атрымалі першы мёд з нашых двух вулляў — ажно 26 літраў, — дзеліцца радасцю Сяргей Сяргеевіч. — Школьнікі з цікавасцю далучаюцца да народных промыслаў. Зараз у нашых гуртках займаецца 50 чалавек. Прыходзяць і студэнты, і дзеці, якія прыязджаюць у Русіна да бабуль і дзядуляў. Цэнтр рамёстваў наведваюць і экскурсійныя групы з беларускіх гарадоў, і замежныя турысты (часцей з Украіны, Літвы, Латвіі і Расіі). Прыязджаюць сюды як да беларускай славутасці і маладыя, каб сфатаграфавацца на фоне каларытнага млына ці старога калодзежа.

←Мягкий и прибыльный. Хорошая новость для отечественных мебельщиков: в Лунинце открылось первое в стране предприятие по выпуску поролона

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика