Саннікава дапытаюць па справе смерці Бябеніна
«Мяне выклікаюць на допыт, хоць ужо агучаная афіцыйная версія смерці Алега. Патрабуюць прадставіць знойдзеную ля дачы Алега машыну на агляд, а мяне маюць намер дапытаць, хоць апытвалі яшчэ на месцы здарэння. Машыну адганялі ад дачы мы з братам Алега, пасля таго, як некалькі разоў спыталі супрацоўнікаў міліцыі, пакідаць яе ці забіраць. Машына была агледжаная, ніякіх прадметаў канфіскавана не было. Нам сказалі, што «лепш забраць».
Учора паведамлялася, што генпракуратура падключаецца да гэтай справы і гэта сведчыць аб тым, што не ўсё ў парадку з той версіяй, якую вылучылі афіцыйна.Ўсё пойдзе па адпрацаваным сцэнары: ператрусы, канфіскацыі, запалохванне, ціск, а не расследаванне абставінаў гібелі журналіста. Дыктатарскія службы прывыклі займацца пераследам апазіцыі, а не сваімі прафесійнымі справамі «, — паведаміў Андрэй Саннікаў.
Нагадаем, што цела заснавальніка і кіраўніка сайта charter97.org Алега Бябеніна было знойдзена павешаным 3 верасня на яго дачы пад Мінскам. Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта было самагубства. Аднак калегі журналіста паведамляюць, што смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў. Судмедэксперты блытаюцца нават у даце наступлення смерці журналіста. Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай запіскі. Ён быў поўны планаў. У журналіста засталіся жонка і двое сыноў. Ён быў асноўным членам каманды апазыцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.
charter97.org