Набыць занядбаныя шляхецкія сядзібы стане прасцей?

Источник материала:  
03.09.2010 13:41 — Новости Общества
Набыць занядбаныя шляхецкія сядзібы стане прасцей?
Сядзіба Ромера ў вёсцы Каралінава на Пастаўшчыне. Фота: globus.tut.by
Міністэрства культуры распрацавала папраўкі да заканадаўства, якія павінны спрасціць механізм перадачы занядбаных гісторыка-культурных аб’ектаў інвестарам. Ахвочых укласці грошы ў занядбаныя помнікі багата, але людзі баяцца рызыкі, распавядаюць карэспандэнту TUT.BY чыноўнікі ад культуры.

Мінкультуры: мясцовыя ўлады не варушацца

Нагадаем, 19 лістапада 2009 года намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Патупчык зацвердзіў “План дзеянняў па перадачы сядзібаў, якія не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў сельскай мясцовасці, суб’ектам агратурызму”. Мэта дакумента — стымуляваць пошук новых крыніц фінансавання гісторыка-культурных помнікаў, сотні з якіх гібеюць па ўсёй краіне.

У рэкамендацыйны спіс Мінкульта трапіла 46 архітэктурных помнікаў, якія на бязвыплатнай аснове могуць перадавацца суб’ектам агратурызму для рэстаўрацыі і наступнага абсталявання ў іх гатэляў, рэстаранаў, музеяў і г.д.

Справа аднак не вельмі рухаецца з месца, і за восем мінулых месяцаў вынікаў практычна ніякіх. Міністэрства культуры абвінавачвае ў бяздзейнасці райвыканкамы, якія не спяшаюцца прадстаўляць інфармацыю аб аб’ектах патэнцыйным інвестарам і не даводзяць “План дзеяння” да іх уласнікаў.

“Перыядычна ўсплывае інфармацыя, што на ўзроўні райвыканкамаў не ведаюць пра існаванне спіса сядзібаў, рэкамендаваных для перадачы інвестарам. Дык, скажу вам, гэта лухта. Мы да іх інфармацыю даводзілі, спісы рассылаліся і калі нехта пра нешта не ведае, гэта сведчыць пра непрафесіяналізм адказных супрацоўнікаў мясцовых адміністрацый”, — распавяла ў гутарцы з карэспандэнтам TUT.BY кіраўнік сектара ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкультуры Наталля Хвір.

Недасканаласць заканадаўства

Тым часам, асноўная праблема палягае ў іншым.

Рэч у тым, што і да з’яўлення саўмінаўскага “План дзеянняў” уласнікамі гісторыка-культурных аб’ектаў маглі стаць “юрыдычныя i фiзiчныя асобы, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі”. Прычым, не толькі беларускія, але і замежныя. Гэтак сцвярджае Закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” ад 9 студзеня 2006 года. Аднак за апошнія гады вядома ўсяго некалькі выпадкаў, калі прыватны ўласнік набываў ці атрымліваў былыя шляхецкія сядзібы і палацы.

Галоўная прычына — у недасканаласці беларускай нарматыўна-прававой базы.

Як адзначае кіраўнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, працэс перадачы занядбаных гістарычных аб’ектаў інвестарам вельмі тармозіць прэзідэнцкі ўказ ад 19 красавіка 2007 г. № 190 "Аб парадку ацэнкі кошту культурных каштоўнасцей".

“Мала таго, што прыватнік плаціць велізарныя грошы за аб’ект дзяржаве, якая давяла яго да руін. Потым павінен ажыццяўляць рэстаўрацыю, кошт якой сама мала ў два разы болей. Гэта амаральна”, — адзначае эксперт.

Часам даходзіць ледзь не да абсурду. Гэтак балансавы кошт сядзібнага дому мастака Альфрэда Ромера на Пастаўшчыне пры 100-працэнтным зносе складае 140 млн рублёў.

Зацікаўленых шмат, але...

Каб выправіць гэтую хібу, Міністэрства культуры падрыхтавала папраўку да ўказу прэзідэнта № 190. Пра гэта падчас нядаўняга эфіру ток-шоў “Выбор” паведаміў кіраўнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкульта Ігар Чарняўскі.

Паводле прапановы, ацэнка кошту аб’екта не павінна праводзіцца, калі ён знаходзіцца ў безгаспадарчым стане больш за два гады. Гэта значыць, што занядбаны помнік будзе перадавацца інвестару, які прадставіць бізнэс-план і гарантыі ўзнаўлення гістарычнага аблічча, усяго за 1 базавую велічыню. Рабіцца гэта павінна на падставе указа прэзідэнта ад 27 лютага 2007 г. № 108 “Аб некаторых мерах па ўключэнні ў гаспадарчы зварот невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці”.

Па словах Наталлі Хвір, сёння вельмі шмат зацікаўленых, якія гатовы інвеставаць у занядбаныя помнікі архітэктуры. Аднак адной з асноўных перашкод на іх шляху з’яўляецца складаны механізм афармлення ўсёй неабходная дакументацыі.

“З аднаго боку, мясцовыя ўлады не хочуць гэтым займацца. Хаця некаторыя аб’екты, якія знаходзяцца ў іх ва ўласнасці, дагэтуль не пастаўлены на баланс. Нават не зазірнуўшы ў закон, яны тэлефануюць да нас і пытаюцца, як паставіць аб’ект на баланс. Але гэта не нашы абавязкі! — адзначае супрацоўнік Мінкультуры. — З іншага боку, і мясцовыя ўлады, і тым больш інвестары баяцца ўлезці ў крымінал. Падобны прэцэдэнт ужо ёсць”.

Тут ідзецца пра гісторыю з палацам Умястоўскіх у Жамыслаўі на Іўеўшчыне. Індывідуальны прадпрымальнік набыў занядбаны комплекс у мясцовага сельскагаспадарчага кааператыву па рэшткавым кошце 12 млн з мэтай ператварыць яго ў аб’ект агратурызму. Зрабіў кансервацыю, набыў матэрыялы. Аднак, нягледзячы на візу Мінкультуры, пракуратура Гродзенскай вобласці палічыла заплачаную суму малой, а саму ўгоду — парушэннем. Урэшце палац вярнулі кааператыву, у якога няма сродкаў нават на яго падтрыманне.

“Безумоўна, інвестар павінен мець гарантыі, што ўкладзеныя грошы будуць эфектыўна выкарыстоўвацца, і, натуральна, сам працэс набыцця таго ці іншага аб'екта таксама павінен быць празрыстым, адкрытым і неўскладнённым, — заявіў у інтэрв’ю газеце “Белорусы и рынок” намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі. — Мы ведаем шмат прыкладаў, калі працэсы афармлення дамовы куплі-продажу, перадачы помніка гісторыі і архітэктуры зацягваюцца на доўгі час толькі таму, што хтосьці з мясцовых чыноўнікаў не жадае ці не можа вырашаць гэта пытанне. Але, напрыклад, досвед Польшчы паказвае, што велізарная колькасць аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны знаходзіцца ў прыватным уладанні, і яны эфектыўна выкарыстоўваюцца як турыстычныя аб'екты, культурныя цэнтры і г. д. На мой погляд, гэты досвед мы можам запазычаць, і ад гэтага справа толькі выйграе”.

←Утверждена четвертая страновая программа ПРООН для Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика